Калекцыі шляхоў

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

23 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі ў рамках выстаўкі “Шляхамі майстэрства (мастакі — юбіляры 2012 года)” адбылася сустрэча культурнай грамадскасці з некаторымі аўтарамі твораў і сваякамі тых мастакоў, якія не дажылі да сённяшняга дня.

А выстаўка, што працягвае ўжо вядомы музейны праект “Нашы традыцыі”, сапраўды цікавы, эстэтычна каштоўны і пазнаваўчы, прадстаўляе каля 100 твораў жывапісу, скульптуры, плаката, прыкладнога мастацтва 47 майстроў. Самы старэйшы з іх — М.Слепян — нарадзіўся 140 гадоў таму, а маладзейшым з аўтараў экспанатаў выстаўкі — семдзесят, большасць з якіх сёння, дзякаваць богу, паспяхова працуюць.

Канешне, экспазіцыя — стракатая, разнародная, як кажуць, на любы густ, але гэта дазваляе максімальна прадставіць індывідуальныя пластычныя пошукі мастакоў, іх арганічную сувязь з тым часам, у якім яны жылі і тварылі, іхняе творчае і грамадзянскае светаадчуванне, а таксама — чалавечае стаўленне да той зямлі, што іх нарадзіла.

Імёны — розныя. Ёсць мастакі, якія яшчэ пры жыцці ўвайшлі ў гісторыю мастацтва (М.Савіцкі, Я.Раздзялоўская, А.Малішэўскі, А.Анікейчык, І.Міско, М.Рыжанкоў, Б.Казакоў, А.Шаўчэнка), і, на жаль, напаўзабытыя ды наогул забытыя, якіх сучасная моладзь зусім не ведае (Н.Паслоўская, І.Юдзянок, М.Аксельрод, В.Бідэр, М.Забораў, У.Крэйдзік, В.Сабалеўскі, М.Слепян). Але большасць імён — тыя, хто і сёння з’яўляецца “люстэркам” часу: мінулай савецкай эпохі з яе культурнымі дасягненнямі ды стратамі.

Практычна ўсе яны прайшлі выдатную прафесійную школу ў Беларусі і ў гэтых адносінах могуць даць фору сённяшнім прадстаўнікам “новага мастацтва”. І таму творы такіх аўтараў, як П.Гаўрыленка, А.Бараноўскі, М.Рагалевіч, І.Ціханаў, Г.Бржазоўскі, Х.Ліўшыц, В.Занковіч, М.Якавенка, У.Крукоўскі, У.Лагун, Г.Ціхановіч, вельмі прыцягваюць увагу гледачоў рознага ўзросту, прафесіі і сацыяльнага статуса.

Увосень плануецца адкрыць выстаўку работ мастакоў-графікаў і мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — юбіляраў 2012 года.

Матэрыялы пра выстаўку — у наступным нумары “К”.