Зіма як экзамен на беражлівасць

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Зіма сёлета прыйшла раптоўна, не па графіку — ды, зрэшты, дзе ўжо тут разгадаеш усе намеры “матухны-прыроды”? Папярэдняя фраза — не банальная прэамбула гэтага матэрыялу, а яго інфармацыйная нагода. Бо ў той час, як творцы, паглядаючы на белыя краявіды і адчуваючы свежасць у паветры, цешацца з прыліву крэатыўнасці, “гаспадарнікі” дбаюць пра бяспеку іх галасавых звязак і кончыкаў пальцаў. Не забываючыся пры гэтым і пра беражлівасць.

 /i/content/pi/cult/136/786/Socium.jpg
Міністэрства культуры пачало рыхтаваць “сані” яшчэ ўлетку — Рэспубліканская калегія, прысвечаная падрыхтоўцы да зімы, прайшла ўжо ў жніўні — каб работнікі культуры на месцах мелі досыць часу для выпраўлення пэўных хібаў. І ў дзень, калі выпаў першы сняжок, галоўны спецыяліст упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння міністэрства Ігар Варонін мог канстатаваць: зіма не заспела ўстановы культуры знянацку. Належныя падрыхтоўчыя працы былі своечасова праведзены.
На кожным з аб’ектаў яны маюць свой характар. Дзесьці патрэбная досыць складаная працэдура прамыўкі сістэм ацяплення, якія пасля яе мусяць прайсці сур’ёзны “іспыт” у Дзяржэнерганаглядзе і атрымаць адмысловы пашпарт гатоўнасці. А дзесьці работнікі культуры проста нарыхтоўваюць дровы ды заклейваюць шчыліны ў вокнах — вядома, калі звычайныя шыбы яшчэ не заменены на шклопакеты. Дзесьці, каб годна сустрэць сцюдзёнае надвор’е, дастаткова адно прафілактычных клопатаў або, скажам, лёгкага “цыравання” даху, а сям-там не абысціся без капітальнага рамонту будынка.
На гэтыя мэты толькі ўстановы рэспубліканскага падпарадкавання атрымалі з бюджэту 14 з паловай мільярдаў рублёў.
Амаль ва ўсіх арганізацыях на сёння ўжо ўсталяваны прылады ўліку расходу цяпла, прычым часам гэтыя працы аплачаны за кошт саміх устаноў. 


Не блытаць эканомію са скнарнасцю

Цяперашняя зіма мае стаць для ўстаноў культуры сапраўдным “экзаменам на беражлівасць”. Лішне казаць, што менавіта ў халодную пару года спажываецца найболей энергарэсурсаў,— нават святло ў снежні даводзіцца ўключаць куды раней, чым у чэрвені, не кажучы ўжо пра ацяпленне.
Таму сярод “падрыхтоўчых” мерапрыемстваў, праведзеных установамі культуры, пераважаюць менавіта тыя, што ставяць перад сабой мэту энергазберажэння. А яны могуць быць самымі разнастайнымі — ад элементарнай замены лямпачак і ўвогуле асвятлення (на гэтыя патрэбы ў краіне сёлета было выдаткавана больш за 1,3 млрд. руб.) да правядзення тэрмарэнавацыі фасада будынка. Аказваецца, цяпло могуць зберагаць не толькі шклопакеты, але нават і дзвярныя блокі, — каб не губляць цяпло, “агмені культуры” патрацілі на іх амаль 250 млн. руб.
Што й ні кажы, добрыя вынікі складаюцца таксама і з дробязей.
Важны рэсурс эканоміі — пераход на мясцовыя віды паліва. Торфабрыкету і дроў сёлета было запланавана нарыхтаваць каля 64 тыс. тон. А 15 устаноў культуры замянілі свае катлы на тыя, што працуюць менавіта на МВП.
— Без залішняй сціпласці можна адзначыць, што ў плане выканання гэтага пункта Дырэктывы № 3” установы культуры дасягнулі значных вынікаў, — кажа І.Варонін. — Больш за 90% паліва, якое мы выкарыстоўваем, — гэта менавіта мясцовыя віды. Прычым такая тэндэнцыя характэрная таксама і для арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання. Асобныя філіялы музеяў абаграюцца дровамі, а некаторыя прадпрыемствы нават сталі прымяняць для ацяплення адыходы ўласнай вытворчасці.
Задача, якую дзяржава ставіць перад установамі культуры, — зменшыць энергаспажыванне, прынамсі, на 10,4% — досыць няпростая, і кіраўнікам даводзіцца шукаць вынаходлівыя шляхі па яе рэалізацыі.
Як адзначыў І.Варонін, сёлета галіна культуры ў цэлым гэты паказчык выканае, але ў некаторых арганізацый узнікнуць пэўныя праблемы. Асабліва гэта тычыцца тых, чые “жыллёвыя ўмовы” і матэрыяльная база патрабуюць значнай мадэрнізацыі. Тут можа ўсплыць немалаважнае пытанне: ці не ўзнікне сярод устаноў культуры спакусы эканоміць за кошт здароўя сваіх работнікаў і наведвальнікаў?
— На жаль, на месцах нам ужо даводзілася сутыкацца з такімі выпадкамі, — канстатаваў І.Варонін. — І магчымасць зніжэння якасці культурных паслуг сапраўды актуальная. Але тут варта ўлічыць наступны аспект. Нарматывы, якім мусіць адпавядаць тэмпература ва ўстановах культуры, вынаходзіць далёка не іх кіраўніцтва. У памяшканнях, дзе пастаянна працуюць людзі — напрыклад, чытальных залах бібліятэк, — павінна быць 20 — 18 градусаў, у “прахадных” памяшканнях — 16. І санэпідэмстанцыя, ладзячы свае праверкі, звяртае на гэтую акалічнасць самую пільную ўвагу. Напэўна, работнікам культуры не варта сварыцца з законам.
Безумоўна, тэмпература ў памяшканні залежыць ад надвор’я і тэмпературы за вокнамі. У некаторых установах гэтыя дзве велічыні ўжо суадносяцца аўтаматычна — дзякуючы сучаснаму абсталяванню. Спакуса зэканоміць на здароўі наведвальнікаў у гаспадароў такіх установак нават не з’яўляецца: зменшыць тэмпературу ніжэй нормы не дазволіць строгая тэхніка.
На думку І.Вароніна, патрэба эканоміі не павінна вызначаць творчы працэс:
— Калі мы ставім за мэту зрабіць прыгожы спектакль, нельга папракаць яго стваральнікаў за тое, што на сцэне гарыць занадта шмат святла. Скнарнасць можа прынесці культуры толькі шкоду. І не варта блытаць яе з эканоміяй. 


“Трэба выхоўваць людзей”

Паводле свайго матэрыяльнага забеспячэння, будынак Белдзяржфілармоніі можа выклікаць адно светлую зайздрасць работнікаў іншых устаноў культуры. Бо хараство “малахітавага куфэрка” не толькі вонкавае — яго “начынне” таксама на ўзроўні. І адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, у тым ліку — і ў плане энергазберажэння.Ды, як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Белдзяржфілармоніі Анатоль Кравец, мала мець добрую ацяпляльную сістэму — трэба яшчэ няспынна рупіцца пра тое, каб яе падтрымліваць у спраўным стане.
— Падрыхтоўку да зімы мы пачынаем... ужо ўзімку, — з ходу агаломшвае ён. Але тут жа ўдакладняе: — Напрыканцы зімы, у лютым.
Такая прадбачлівасць патрэбна для таго, каб паспець прывесці ўсё абсталяванне да ладу, дбайна праверыць прылады, якія кантралююць параметры. Для любой тэхнікі характэрны хібы, і калі яе добра не адкалібраваць, яна будзе даваць няправільныя паказанні. Немалаважная таксама і своечасовая апрасоўка і прамыўка сістэмы ацяплення.
— Як вам тэмпература ў маім кабінеце, задавальняе? — пытае А.Кравец. І, атрымаўшы станоўчы адказ, працягвае: — А на падагрэў паветра мы трацім не так і шмат рэсурсаў. І ўсё дзякуючы згаданым мною працэдурам. Галоўнае — не адкладваць іх на потым.
Паказчыкі эканоміі электраэнергіі ў Белдзяржфілармоніі таксама значна вышэйшыя, чым запланаваныя 10%. Намеснік дырэктара ахвотна падзяліўся сваімі рэцэптамі беражлівасці:
— Гэтая работа павінна быць не эпізадычнай, а планамернай і мэтанакіраванай. Важную ролю тут адыгрывае асобасны фактар, і перадусім — зацікаўленасць кіраўніка арганізацыі. Не памятаю той нарады, на якой наш гендырэктар Аляксандр Гарбар не ўзнімаў бы тэму энергазберажэння. Рэзерв эканоміі можна знайсці не толькі з дапамогай чыста тэхнічных мерапрыемстваў, але таксама і арганізацыйных. Прасцей кажучы, трэба выхоўваць людзей. Мы не стамляемся нагадваць: калі надвор’е сонечнае, без электрычнасці можна абысціся. Свой плён у справе эканоміі прыносяць нават самыя трывіяльныя сродкі — скажам, шыльдачка “Гасіце святло” каля выключальніка.
Яшчэ адзін важны аспект — няспынны кантроль. Кожны дзень мне дакладваюць расход электраэнергіі, і калі ён перавышае ліміт хаця б на некалькі працэнтаў, я высвятляю прычыны. Адна справа, калі ў вялікай зале прайшло незапланаванае мерапрыемства, а зусім іншая — калі перарасход матываваны хіба тым, што хтосьці ўключыў “лішняе” святло. 


Тэмпературай кіруе камп’ютэр

— У наш цеплавузел можна вадзіць экскурсіі, — з усмешкай адзначыў намеснік дырэктара.
І слухаючы расповед в.а. галоўнага інжынера будынка Яўгена Шчарбакова, якога мы заспелі за працай у гэтым аддаленым ад вачэй шараговай публікі філарманічным куточку, можна было ахвотна пагадзіцца на ролю экскурсанта. Такія сучасныя сістэмы цеплазабеспячэння і на Захадзе сустрэнеш далёка не паўсюль.
— Тут усё аўтаматызавана, — распавядае Я.Шчарбакоў. — Задаюцца асноўныя параметры — ажно да тэмпературы гарачай вады, што цячэ ў кранах, — і камп’ютэр сочыць за тым, каб яны дакладна вытрымліваліся. На вуліцы ўсталяваны датчык, які здымае тэмпературныя паказанні, яны паступаюць у той самы камп’ютэр і рэгулююць працу ўсёй сістэмы.
Натуральна, што патрапіўшы ў няўмелыя рукі, усе гэтыя высокатэхналагічныя навінкі былі б адно бескарыснай цацкай. Або, прынамсі, не здолелі б выявіць увесь свой патэнцыял. Балазе, сакрэтаў у іх выкарыстанні не бракуе — як і ў кожнай складанай справе.
— Як толькі да нас прыходзіць новы персанал, мы адразу ж яго навучаем, задзейнічаўшы як сваіх дасведчаных спецыялістаў, так і запрошаных, — тлумачыць А.Кравец. — Гэта вельмі важна, бо ад кампетэнтнасці тых, хто тут працуе, залежыць не толькі цяпло ў нашым філарманічным доме, але і бяспека людзей.
Вядома, сёй-той адно глынае слінкі, чытаючы пра ўсе гэтыя тэхнічныя дзівосы. Але ж, як перакананынамеснік дырэктара, іх наяўнасць — толькі палова поспеху:
— Якімі б “разумнымі” ні былі сучасныя прылады, чалавечы фактар усё адно мае вызначальную ролю. Надта спадзявацца на тэхніку і сядзець, склаўшы рукі, не выпадае. Бо тэхніка — гэта толькі сродак, які вядзе да мэты. А наша мэта — эканомія энергарэсурсаў.

Ілля СВІРЫН