Навучаем офіс-менеджараў? Дорага!

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Развітанняў больш, чым спатканняў, або Якімі будуць кадравыя скрыжаванні?

/i/content/pi/cult/392/7859/4-1.jpegСпачатку — статыстыка. Як паведамляе кансультант аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры краіны Галіна Хацешава, тры нашы ВНУ культуры выпусцілі сёлета 1193 чалавекі, з іх размеракаваць трэба было 721-го. Ледзь не палова іх — гадаванцы Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў. Накіраванне на працу атрымалі 689 выпускнікоў. Права самастойнага працаўладкавання са 144 чалавек выкарысталі 38, у тым ліку па льготах — 31, з-за адсутнасці рабочага месца — 7. Нават 6 “платнікаў” з Акадэміі мастацтваў і 14 з БДУКіМ выказалі жаданне атрымаць накіраванне на працу і статус маладога спецыяліста... Дык вось, статыстыка як статыстыка. Выкладчыкі выкладаюць — студэнты вучацца і атрымліваюць дыпломы. Аднак чарговы “культурны” выпуск, як падаецца, не надта ўплывае на стабілізацыю кадравай абстаноўкі ў рэгіёнах. Паспрабуем заглыбіцца ў праблему. Паклічам у дапамогу экспертаў: рэктара БДУКіМ Барыса Святлова, першага прарэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Святлану Вінакураву і першага прарэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Юрыя Златкоўскага.

“Залаты фонд” — мэтавікі

На 447 выпускнікоў-бюджэтнікаў БДУКіМ атрымаў 870 заявак (запыт удвая перавысіў прапанову). Размеркаваны ўсе, у тым ліку і магістранты (выключэнне тут — адзінкавае: для выпускніцы са спецыяльнасцю “Мастацтва эстрады, прадзюсарства” ў Мінску не знайшлося працы, і яна, маючы бацьку-інваліда, атрымала права самастойнага ўладкавання). У рэгіёны накіравана больш за 60 працэнтаў размеркаваных выпускнікоў, 66 выпускнікоў — у сельскую мясцовасць, 9 з іх — у аграгарадкі. Як запэўнівае Барыс Святлоў, да месцаў працы даязджаюць усе. Іншая справа — ці з’яўляюцца яны паўнавартасным і доўгатэрміновым “кадравым фондам”, здольным на пастаянны прафесійны рост. Практыка паказвае: не з’яўляюцца.

Значыць, увесь спадзеў (і кіраўнік БДУКіМ з гэтым цалкам пагаджаецца) — на мэтавікаў. Сёлета ад універсітэта на працу ў тыя аддзелы, з якімі былі заключаны дамовы аб мэтавай падрыхтоўцы, накіравана 37 учарашніх студэнтаў. Пра 14 размеркаваных “платнікаў” я ўжо казаў.

Цяпер — пра агульныя паказчыкі выпуску Акадэміі музыкі. Юрый Златкоўскі зазначае, што ад агульнай колькасці выпускнікоў размеркавана 87 працэнтаў. Астатнія — ільготнікі з правам самастойнага ўладкавання. Па меркаванні прарэктара, гэта — нармальны паказчык. прадстаўніка кіраўніцтва ВНУ насцярожвае іншы факт: дзве цымбалісткі і дамрыстка працаўладкоўваліся самі, бо ім не знайшлося рабочага месца. Юрый Златкоўскі перакананы: варта заняцца сур’ёзнымі даследаваннямі рынку працы. Досыць слушная прапанова, але аналіз у фармаце “постфактум” звядзе папулярнасць народных інструментаў да нуля.

"Размеркавальныя” праблемы для Акадэміі мастацтваў узніклі, як вядома, у сувязі з тым, што “Беларусьфільм” змяніў умовы гаспадарання і не змог гарантаваць прадастаўленне працы для выпускнікоў БДАМ па спецыяльнасцях “Рэжысура (мастацкі фільм)” і “Кінатэлеаператарства”. У выніку тры рэжысёры змушаны заняцца справай, звязанай з другой кваліфікацыяй, — педагагічнай дзейнасцю. БДАМ — установа спецыфічная, элітарная. З колішніх яе выпускнікоў у раённых аддзелах культуры, як пераканала мяне журналісцкая практыка, мастакамі-выкладчыкамі ДШМ ды кіраўнікамі народных тэатральных калектываў працуюць адзінкі. Тым не менш, па словах Святланы Вінакуравай, сёлетнія выпускнікі Акадэміі мастацтваў будуць працаваць у Наваполацку, Барысаве, Мінскім раёне. Але гэта выключэнне на фоне таго, што выхаванцы названай ВНУ скіраваныя на дзейнасць у абласных цэнтрах і ў сталіцы.

Кадравую клубную ды бібліятэчную палітыку рэгіёнаў, такім чынам, дыктуе менавіта
БДУКіМ. Пра ягоных выпускнікоў — і далейшая гаворка.

Колькі каштуе малады спецыяліст?

Дорага. І гаворка тут не пра грошы, затрачаныя на яго навучанне ў ВНУ, а пра тыя сродкі, якія мясцовыя ўлады павінны ўкласці ў замацаванне работніка-пачаткоўца (больш-менш прыстойнае жыллё, “вясковыя” надбаўкі). Цудоўна разумею пры гэтым, што любы старшыня райвыканкама, заклапочаны няўхільным развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, можа катэгарычна абвергнуць гэтае “павінны”. Маўляў, а ці варты ўсебаковага клопату чалавек, які праз пару гадоў з радасцю памяняе клубны ці бібліятэчны клопат на прафесію офіснага менеджара па продажы абы-чаго. І старшыня мае рацыю. Як і начальнікі аддзелаў культуры, што наракаюць на недастатковую практычную падрыхтаванасць учарашніх студэнтаў для выніковай працы ў вясковых умовах.

Рэктар БДУКіМ з пастаноўкай названай праблемы пагаджаецца. Такая структура сённяшняга навучання, кажа ён, што на студэнцкую практыку адводзіцца недаравальна мала часу. І яшчэ адзін нюанс, без уліку якога навучальны працэс не будзе адпавядаць сучасным патрабаванням: размеркаваннем студэнта займацца варта не на апошнім курсе, перакананы Барыс Святлоў, а значна раней.

Але фактам застаецца і тое, што на месцах прафарыентацыйная дзейнасць па вышукванні будучых студэнтаў БДУКіМ калі і вядзецца, дык бессістэмна. У выніку колькасць мэтавікаў збольшага не кампенсуе колькасць работнікаў, што сыходзяць на пенсію. І выснова тут адзіная: без замоўленых “легіянераў”, гэта значыць, немясцовых маладых спецыялістаў, пакуль не абысціся. А ў справе іх надзейнага замацавання ў рэгіёнах, па меркаванні Барыса Святлова, мясцовыя ўлады недапрацоўваюць недаравальна. І ў гэтым — адна з прычын зніжэння прэстыжу прафесіі работніка культуры.

Пэўная віна аддзелаў культуры і ў тым, заўважае рэктар БДУКіМ, што не надта эфектыўна выкарыстоўваецца такі кадравы рэзерв, як прафесійная перападрыхтоўка і ва Універсітэце культуры, і ў Інстытуце культуры Беларусі. “У нас была сёлета магчымасць, — паведамляе Барыс Святлоў, — прыняць на скарочаны тэрмін навучання бібліятэкараў. Мы іх не набралі!..”

І з гэтай нагоды — каментарый кансультанта аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Галіны Хацешавай. З часоў набору сёлетніх выпускнікоў у нашы ВНУ, кажа яна, прайшло пяць гадоў, кадравая сітуацыя за гэты перыяд істотна змяняліся. Так, для асобных выпускнікоў не знайшлося рабочых месцаў і іх размяркоўвалі па другой кваліфікацыі. Але ж яна і прысвойваецца для таго, каб абараніць спецыяліста на рынку працы. Патрэба ў сацыяльнай абароне цяпер нават у "платнікаў" узнікае: 14 з БДУКіМ і 6 з Акадэміі мастацтваў пажадалі быць размеркаванымі. Нават 106 ільготнікаў з Універсітэта культуры, якія мелі права на самастойнае ўладкаванне, аддалі перавагу дзяржаўнаму размеркаванню на першае месца працы. Таму кадравую сітуацыю Галіна Хацешава не лічыць правальнай. Яна цалкам падтрымлівае жаданне рэктара БДУКіМ накіроўваць студэнтаў на пераддыпломную практыку менавіта ў той рэгіён, дзе ён праз год і атрымае першае месца працы. І менавіта такая прагназаванасць размеркавання, пераканана Галіна Хацешава, дазволіць павысіць адказнасць аддзела культуры за лёс маладога спецыяліста, дапаможа хутчэй адаптаваць выпускніка да ўваходжання ў прафесію.

Філіялы не панацэя, але...

Стабілізаваць кадравую сітуацыю, я проста перакананы, дапаможа ўтварэнне дадатковых філіялаў нашых ВНУ ў рэгіёнах краіны. За гэта, дарэчы, усё часцей выказваюцца і начальнікі аддзелаў ды ўпраўленняў культуры, занепакоеныя старэннем кадраў і хранічным недахопам мэтавікаў.

Першы прарэктар Акадэміі музыкі Юрый Златкоўскі распавядае, што філіялы ўстановы дзейнічалі ў Віцебску, Брэсце, Гродне, Гомелі, але не здолелі ўзняцца на належны ўзровень выкладання. У выніку “музычны” філіял застаўся толькі ў Магілёве — паспяховы і перспектыўны.

А ў Мазыры існуе філіял БДУКіМ. Рэктар установы штогод ездзіць туды на выпускныя іспыты, сённяшняй сітуацыяй задаволены. Дарэчы, у свой час Міністэрства фінансаў слушна зацікавілася, а ці ёсць эканамічная мэтазгоднасць ад наяўнасці дадзенага філіяла. А ён, па меркаванні Барыса Святлова, з кожным годам набірае моц. Выкладаюць у Мазыры самыя выбітныя прафесары і кандыдаты навук. Такім чынам, філіяльная справа павінна жыць. Адразу вырашаецца шмат пытанняў, у тым ліку і размеркавальных. Гомельскі рэгіён, пацярпелы ад чарнобыльскай навалы, прынамсі, мае сваю кадравую кузню. І вельмі шкада, што задумка рэктара стварыць філіял і на базе Магілёўскага бібліятэчнага каледжа, не знайшла належнага паразумення ва ўсё тым жа Міністэрстве фінансаў.

З усіх культурных сцежак ды трактаў самымі пакручастымі падаюцца менавіта кадравыя ростані. З матэрыяльнай базай мы, урэшце, амаль разабраліся. Шыкоўнасць аграгарадоцкіх устаноў асаблівых пытанняў ужо не выклікае. А вось сумневаў на конт прафпрыдатнасці асобных “спецыялістаў” ад культуры, якія і ў апошніх інфармацыйных тэхналогіях не вельмі разбіраюцца, і з творчасцю не надта сябруюць, — больш чым дастаткова...

Не. Гаворку ўсё ж хочацца весці не пра ростані, а пра скрыжаванні. Ростані — яны ад расстанняў. А перакрыжаванні — для сустрэч. З кадрамі маладымі і амбіцыйнымі. З тымі, хто не палохаецца клубнай мультымедыйнай устаноўкі і сцэнічнага асвятлення з праграмным кіраваннем... Я зусім далёкі ад думкі, што ў бліжэйшы час “платнік” захоча атрымаць размеркаванне ў аграгарадок, а не ў абласны цэнтр. Але калі ўжо сёння не ствараць максімальна спрыяльныя ўмовы вось для такіх “вясковых” студэнцкіх мар, неўзабаве можна згубіць не толькі вясковую культуру, але і саму вёску. А яшчэ перакрыжаванні — для плённых сустрэч з сацыяльнымі партнёрамі (да прыкладу — з фінансістамі), без падтрымкі ды шчыльнага ўзаемадзеяння з якімі кадравае пытанне так і застанецца адкрытым ды балючым. Урэшце, адну дзяржаўную справу ўсе робім.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"