Эра канкурэнцыі: манапаліст ці партнёр? / Артыкул ІІ. “Беларусьфільм”

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

ТОП-10 крытэрыяў для паспяховых кінапраектаў

Без “падушкі бяспекі”

— Сітуацыя, у якой даводзіцца адмаўляцца ад своеасаблівай “падушкі бяспекі” ў выглядзе статуса манапаліста, — балючая для любой арганізацыі, — распавядае генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Алег Сільвановіч. — Але працаваць далей без стратэгічнага бачання развіцця, што нашай сферы прынеслі змены ў кіназаканадаўстве і творчы конкурс, азначала яшчэ больш звальвацца ў стагнацыю. Затое цяпер мы актыўна і з чыстым сэрцам прыцягваем партнёраў для сумеснай вытворчасці — правілы для кінадзейнасці ў нашай краіне, нарэшце, вызначаны і садзейнічаюць развіццю доўгатэрміновых, устойлівых адносін паміж партнёрамі на кінарынку…

Галоўная змена, якая пакрысе адбываецца ў сферы нацыянальнага кіно, — пераход ад канкурэнцыі студый да канкурэнцыі праектаў. Як ні парадаксальна, але сітуацыя, калі на конкурсе кінапраектаў сярод пераможцаў апынуліся прадстаўнікі невялікіх прыватных кампаній, кіраўніка “Беларусьфільма” нават радуе. Бо разам з імі ў сферы кінавытворчасці нашай краіны з’яўляюцца новыя творчыя кадры, якіх цяпер надзвычай не хапае, і якіх, у перспектыве, можна запрасіць да супрацоўніцтва на Нацыянальнай кінастудыі. Што ж да правераных гадамі прафесіяналаў, то студыя, як і іншыя, пачынае пераходзіць з творчымі кадрамі на кантрактную сістэму, якая прадугледжвае працу на канкрэтных праектах. Такім чынам, магчымасць працаваць на “Беларусьфільме” атрымаюць толькі самыя актыўныя творцы і прафесіяналы.

Што да кінематаграфістаў-пачаткоўцаў, то новыя ўмовы фінансавання дзяржавай кінавытворчасці даюць ім неблагі шанец: іх стужкі могуць фінанасавацца дзяржавай у памеры да 100% ад агульнага бюджэту. Такім чынам, студыя вельмі зацікаўлена ў прытоку новых твараў. Парадокс, але апошнія не спяшаюцца несці свае праекты ў адпаведны аддзел кінастудыі. Да прыкладу, з усіх сёлетніх выпускнікоў курса рэжысуры ігравога кіно (пяць чалавек) “Беларусьфільму” прапанаваў свой праект толькі адзін.

Галоўнае ў праекце — падрыхтоўка

Алег Сільвановіч упэўнены ў тым, што выдатныя вынікі першага конкурсу для “Беларусьфільма” абумоўлены добрай падрыхтоўкай заяўленых Нацыянальнай студыяй праектаў.

— Да першага конкурсу мы рыхтаваліся, фактычна, год: карэкціравалі сцэнарныя занатоўкі, шукалі патэнцыйных партнёраў і зацікаўлівалі іх магчымым супрацоўніцтвам, — кажа дырэктар кінастудыі. — Да таго ж, на конкурс мы падавалі толькі самыя лепшыя і гатовыя да вытворчасці праекты, пераважна — тыя, для якіх мы знайшлі надзейных сувытворцаў…

Так, эканамічны разлік і фінансавы складнік, магчымасці найхутчэйшага вяртання ўкладзеных сродкаў — першае, што трэба ўлічваць пры падрыхтоўцы патэнцыйных кінапраектаў. Прынамсі, сёлетнія праекты-пераможцы “Беларусьфільма” выбіраліся для ўдзелу ў конкурсе менавіта па такім прынцыпе.

Асноўныя стаўкі сярод іх кіраўніцтва Нацыянальнай студыі робіць на 4-серыйны тэлевізійны фільм “Сляды апосталаў”, які ствараецца сумесна з ААТ “Першая КінаВідэаКампанія” і ЗАТ “Другі Нацыянальны тэлеканал”. У карціне, дарэчы, здымаюцца выключна беларускія акцёры. Праца над кінапраектам ідзе поўнай хадой і павінна быць завершана да лістапада бягучага года. Таксама вялікія надзеі ўскладаюць на 12-серыйную тэлевізійную карціну “Вой, мамачкі!”. Яна павінна прывабіць прыхільнікаў меладрам і ўжо мае запрашэнне на паказ на адзін з вядучых расійскіх тэлеканалаў, продаж кінапрадукцыі куды дапамагае беларускім кінавытворцам хутчэй вяртаць укладзеныя сродкі.

Напрыклад, стужка “Паляванне гаўляйтара”, якую Нацыянальная студыя стварае сумесна з расійскай кампаніяй “Стар Медыя Дыстрыб’юшн”, ужо зацікавіла прадстаўнікоў буйных тэлеканалаў у краіне-суседцы. Чакаецца, што ўжо першы яе паказ на цэнтральных каналах дазволіць вытворцам вярнуць больш чым 95% затрачаных сродкаў. Так, ізноў пра вайну. Але вынікі маніторынгу, якім увесь час займаецца адпаведная служба Нацыянальнай кінастудыі, нязменна сведчаць пра пастаянную цікавасць рускамоўнай аўдыторыі да азначанай тэмы.

10 запаветаў шукальніка партнёра па кінавытворчасці

З замежнымі тэлеканаламі ў апошні час, па словах кіраўніка Нацыянальнай студыі, усталяваліся добрыя партнёрскія адносіны. Сума выручаных ад продажу на іх беларускіх стужак паступова расце. Пры пэўным разуменні і добра пабудаванай стратэгіі, якая цяпер распрацавана на “Беларусьфільме”, можна адпаведным чынам рэагаваць на запыты велізарнага рускамоўнага тэлерынку і прапанаваць канкурэнтаздольны прадукт.

Але галоўнае пытанне, што ставіць перад сабой кожны кінавытворца, у нас пакуль застаецца нявырашаным: як прывабіць айчыннага гледача менавіта ў кінатэатры? Зразумела, што “КіндэрВілейскі прывід” Алены Туравай, які ўбачыць свет на пачатку наступнага года, гарантавана прыцягне ўвагу юнага гледача. А што ж да катэгорыі людзей таго ўзросту, якая ў апошнія гады аддае перавагу малому экрану, дык тут у “Беларусьфільма” — стаўкі на пераможцу творчага конкурсу ў намінацыі “Нацыянальны кінапраект”. Плануецца, што ім стане стужка “Белыя Росы-2”, якая і павінна прыцягнуць увагу да нацыянальнага кінаэкрана і вярнуць у кіназалы гледача розных узроставых катэгорый. Зрэшты, пакуль працягваецца праца над сцэнарыем сіквела знакамітай гісторыі.

— Ідэю працягу “Белых Рос” мы падтрымалі, але апрача кінааповесці, што напісаў Аляксей Дудараў, патрэбен сцэнарый, канчатковай версіі якога пакуль няма, і, калі годны для студыі варыянт з’явіцца, мы гатовы падтрымаць здымкі, — кажа Алег Сільвановіч. — Трэба разумець, што да паняцця “Нацыянальны праект” трэба падыходзіць вельмі асцярожна, улічваць мастацкі складнік будучага твора...

З тых праектаў, за мастацкую якасць якіх кіраўніцтву кінастудыі хвалявацца, бадай, ужо не трэба, можна назваць карціну “Я не вярнуся”, што будзе стварацца на “Беларусьфільме” сумесна з вядомым расійскім прадзюсарам Сяргеем Сяльянавым і яго кінакампаніяй “СТВ”, а таксама разлічаны на працяглы тэрмін дакументальны фільм-назіранне “Цені Нарвілішак”, у капрадукцыі якога прымуць
удзел адразу некалькі еўрапейскіх кінавытворцаў.

— Партнёраў для сумеснай вытворчасці выбраць не так лёгка, — адзначае Алег Сільвановіч. — Пры разглядзе магчымых кампаній — удзельнікаў нашых праектаў карыстаемся шэрагам крытэрыяў. Па-першае, знаёмімся са сцэнарыем прадстаўленага праекта. Па-другое, вызначаем яго эканамічны складнік. Трэцяе — фінансавы разлік. Чацвёртае — вывучаем рэпутацыю кампаніі — патэнцыйнага партнёра па вытворчасці. Пятае і шостае — разглядаем, як будзе задзейнічаны творчы патэнцыял нашых супрацоўнікаў, а таксама тэхнічныя магчымасці студыі. Сёмае — высвятляем, ці прадугледжаны ў праекце ўдзел вядомых і папулярных у свеце кіно асоб. Восьмае — вывучаем гісторыю папярэдняга супрацоўніцтва з з дадзенай кампаніяй. Дзявятае — улічваем магчымасці папярэдняй рэалізацыі стужкі. І, нарэшце, дзясятае: ці прагназуецца ўдзел будучай стужкі ў прэстыжных міжнародных кінафестывалях.

Конкурс = канкурэнцыя

Між тым, на першы погляд, сітуацыя з развіццём канкурэнцыі ў нашым кіно можа паказацца неадназначнай: пагадзіцеся, ці можна канкурыраваць з магутным вытворчым комплексам, які на сённяшні дзень уяўляе з сябе “Беларусьфільм” з усімі яго павільёнамі, здымачнай ды ігравой тэхнікай, вялізнай натурнай пляцоўкай? Але дырэктар Нацыянальнай кінастудыі ўпэўнены: навошта канкурыраваць, калі можна супрацоўнічаць — выкарыстоўваць вытворчыя магутнасці “Беларусьфільма” як кінафабрыкі. Прынамсі, такая схема ўжо працуе: па словах Алега Сільвановіча, дзве з арганізацый — пераможцаў конкурсу плануюць карыстацца тэхнічнымі паслугамі дзяржаўнай студыі і ўжо вядуць перамовы на гэты конт. І для нацыянальнай кінастудыі гэта вельмі выгадна: павінны быць запатрабаваны не толькі творчыя, але і яе тэхнічныя магчымасці.

— Кінастудыя заўсёды гатова падтрымаць пераможцаў конкурсу, незалежна ад іх формы ўласнасці, і прадаставіць ім свае вытворчыя паслугі па ўнутраных коштах, нароўні са сваімі ўнутранымі студыямі-падраздзяленнямі, — сцвярджае Алег Сільвановіч. — Фактычна, для нас няма асаблівай розніцы: абслугоўваць праекты, запушчаныя на нашай Студыі ігравога кіно, Студыі “Летапіс”, Студыі анімацыйных стужак, ці — нейкіх іншых арганізацый. У ідэале, нашы творчыя падраздзяленні павінны канкурыраваць з прыватнымі праектамі, прытым, што ўсе яны будуць працаваць на нашай вытворчай базе. Больш за тое: Нацыянальная кінастудыя можа ўвайсці ў прыватныя праекты як сваімі самастойнымі сродкамі, здабытымі за кошт продажу маёмасных правоў на ўжо створаныя кінастужкі, так і прадастаўленнем рознага кшталту паслуг.

Шанц для сапраўдных энтузіястаў

Як адзін з распрацоўшчыкаў, а цяпер яшчэ і ўдзельнікаў Адкрытага Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект Алег Сільвановіч лічыць, што ў цэлым досвед першага яго правядзення аказаўся вельмі карысным. Распрацаваны выключна “на паперы” па мадэлях адпаведных мерапрыемстваў у іншых дзяржавах, конкурс, зразумела, патрабуе пэўнай карэкцыі, але яго асноўная задача аказалася выкананай. На думку кіраўніка “Беларусьфільма”, сам працэс правядзення творчага конкурсу можна дапоўніць працэдурай прадзюсарскага пітчынгу — гэта значыць, прэзентацыяй кінапраектаў, калі аўтары за пэўны прамежак часу будуць знаёміць членаў конкурснай камісіі непасрэдна з матэрыяламі будучага праекта і тут жа адказваць на пытанні, што могуць узнікнуць у часе азнаямлення з матэрыяламі. Асабліва гэта датычыцца праектаў, якія ў “папяровым” выглядзе не атрымалі падтрымкі. Па меркаванні Алега Сільвановіча, непасрэдная прэзентацыя праекта аўтарамі можа значна паўплываць на канчатковы выбар камісіі. Такім чынам, удзельнікі-пачаткоўцы могуць атрымаць дадатковы шанец на падтрымку з боку дзяржавы.

Фінансы фінансамі, а цікавасць да нацыянальнай кінематаграфіі часцей за ўсё ўзнікае толькі пасля значных поспехаў на фестывальнай арэне. “Беларусьфільм” пакуль удзельнічае ў прэстыжных міжнародных форумах толькі ў якасці сувытворцы. Зрэшты, яшчэ пару гадоў таму нельга было і ўявіць, каб стужка з назвай Нацыянальнай кінастудыі ў цітрах ўдзельнічала ў асноўным конкурсе самага прэстыжнага Канскага фестывалю. Аднак далейшае з’яўленне ў вытворчых планах “Беларусьфільма” якаснага аўтарскага, фестывальнага кіно прагназаваць немагчыма, упэўнены Алег Сільвановіч. Яго ствараюць яркія творчыя асобы, якіх пакуль у нашым кіно яўна не хапае. Творчы конкурс і з’яўленне па-сапраўднаму канкурэнтнага асяроддзя павінна дапамагчы і ў гэтым. Пакуль яркія аўтары працуюць у нашым кіно ў дакументалістыцы ды анімацыі.

— На жаль, ніякія законы не могуць паўплываць на свядомасць і матывацыю людзей, што выказваюць жаданне працаваць у кіно, — кажа кіраўнік “Беларусьфільма”. — Да стварэння кіно ў чалавека ці ёсць імпэт, ці яго няма. Тым больш, што даходы ў нашых кінематаграфістаў нельга назваць ні вялікімі, ні стабільнымі. Годнае кіно здольныя ствараць толькі сапраўдныя энтузіясты. У выніку яны і застануцца працаваць у нашым кіно, дзе Нацыянальная кінастудыя, я ўпэўнены, у любым выпадку, будзе іграць першую скрыпку…