Метафара яблыка

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Ці пройдзе манументалістыка міма Чэмпіянату свету?

Імя Аляксандра СУШЫ пастаянна з’яўляецца ў СМІ ды на слыху знаўцаў мастацтва. І гэта ў поўнай меры апраўдана: ужо чвэрць стагоддзя ён рэгулярна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх art-акцыях. Адбыліся яго шматлікія замежныя персанальныя і групавыя вернісажы ў Празе, Брно, Парыжы, Вене, Бруселі, Маскве, ягоныя творы былі прадстаўлены на аўкцыёне “Крысці” ў Лондане, а ў “кальцавых” калідорах Нацыянальнай бібліятэкі можна ўбачыць шматфігурную жывапісную карціну творцы з адлюстраваннем кірмашу ў старым Магілёве… Аляксандр Суша кіруе секцыяй манументальнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў, а яшчэ ён — лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” за цыкл унікальных мазаік для капліцы ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы “Знаменне” (у сааўтарстве), што ўсталявана на мемарыяльным комплексе памяці ахвяр Першай сусветнай вайны на месцы Мінскіх брацкіх могілак 1914 —1918 гадоў. А інфармацыйная нагода пагутарыць з мастаком — яго выстаўка “Яблычны Спас”, якая адкрылася 21 жніўня ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

/i/content/pi/cult/392/7852/8-4.jpeg

— Аляксандр Сямёнавіч, чаму вырашылі даць менавіта такую назву сваёй выстаўцы? Якая ж канцэпцыя аб’ядноўвае ўсе работы, прадстаўленыя тут?

— Гэтая экспазіцыя з’яўляецца для мяне справаздачнай за пяцігоддзе. Тут аб’яднаны творы, што адзначаны стыпендыяй Міністэрства культуры ў 2011 годзе, пад агульнай назвай “Мястэчкі”. Я ставіў задачу паказаць старадаўнія маёнткі Беларусі, якія не рэстаўруюцца і фактычна знікаюць з твару зямлі. Таксама на выстаўцы прысутнічаюць беларускія краявіды, якія я маляваў на Вілейшчыне, Мядзельшчыне, карціны з жаночымі вобразамі.

Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы, дзе ў садзе раслі старыя яблыні. Ды і вырас я ў вялікай сям’і, з чатырма сёстрамі. Таму словы “жанчына”, “яблыкі”, “вёска” — ключавыя для маёй сённяшняй экспазіцыі, ды і для ўсёй маёй творчасці. А свята Яблычны Спас, якое амаль супала з адкрыццём маёй выстаўкі, я памятаю з дзяцінства. Яблык для мяне — гэта знак жыцця, цэласнасці і здзяйснення жаданняў, а таксама метафара выніку плённай працы.

— Калі агледзішся на выстаўцы, бачыш, што ў многіх карцінах, асабліва — фігуратыўных, пераважае цёплы карычневы колер, адценні жоўтага…

— Вы ведаеце, быў пэўны этап у маёй творчасці, калі ў работах прасочвалася такая рыса, як шматколернасць. Вельмі складана было збалансаваць фарбы, знайсці паміж імі тую тонкую грань, каб не было адчування перабору. І я вырашыў змяніць тактыку напісання карцін і выбраць адзін дамінуючы колер. У маім выпадку гэта — карычневы, што ўвасабляе каларыт зямлі. Для мяне зямля — гэта цеплыня, душэўнасць, урадлівасць. І хаця ўвасобіць задуму, якую хочаш укласці ў мастацкі вобраз, карыстаючыся толькі адным тонам, складаней, такі мастацкі ход — апраўданы: на палатне выяўляецца незвычайная цеплыня і паэтычнасць. Тое і трэба, калі пішаш узятыя за аснову ўспаміны дзяцінства, узнаўляеш у памяці “зарысоўкі” прыгожых краявідаў роднай зямлі…

— Вы па адукацыі — манументаліст, але ваша работа ў станковым жывапісе — актыўная, разнапланавая і паспяховая. Як вырашылі перайсці на гэты від мастацтва?

— Тут дарэчы будзе падзяліць маю творчасць на некалькі этапаў. У дадзеным выпадку іх будзе тры. Першы, і самы ранні, этап пачаўся, калі я вярнуўся са службы ва Узброеных Сілах. Да таго часу я скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут і быў размеркаваны ў Брэст. Там мне давалі нейкія заказы па манументальна-дэкаратыўным мастацтве, але іх было мала, і я не мог у поўнай меры ўключыцца ў работу. Вельмі хацелася займацца жывапісам. Мне пашчасціла, што апынуўся ў Творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску, якімі кіраваў тады Міхаіл Андрэевіч Савіцкі. Стажыраваўся там два гады і ўдасканаліў свае навыкі ў станковым жывапісе. З таго часу займаўся, у асноўным, дадзеным відам мастацтва. Да гэтага этапа можна аднесці такую маю работу, як “Напаследак” — увогуле знакавая для мяне карціна, у ёй адлюстроўваецца Чарнобыльская тэматыка…

Што да другога этапа, дык гэта стварэнне вобраза Жанчыны. Я ўжо казаў, што ўсё сваё маленства я быў, так бы мовіць, акружаны жанчынамі: маімі сёстрамі, матуляй… Адсюль і ўзнікла жаданне ўвасаблення на палатне менавіта жаночых вобразаў. Мне хацелася ўсё больш удасканальвацца ў іх перадачы. І тут я перайшоў на карычневы паўтон. Не ведаю, мо гэта звязана з успамінамі дзяцінства пра вясковую хату, бо менавіта такі паўтон пераважае ў яе інтэр’еры... І апошні, трэці, этап — прырода, краявіды. Гэта для мяне новы штуршок у творчасці, маё акно ў Сусвет. Апошнім часам я вельмі часта выязджаю на эцюды ў прыгожыя беларускія мясціны, каб пераключыцца, адпачыць, атрымаць задавальненне. Так з’явіліся работы з цыкла “Мястэчкі”.

/i/content/pi/cult/392/7852/8-5.jpeg

— Але як манументаліст вы таксама яскрава ўвайшлі ў мастацтва, стварыўшы ў сааўтарстве з калегамі мазаіку ў капліцы, аналагаў якой няма на прасцягах СНД. На старонках нашай газеты было шмат пра гэта напісана. Ці атрымалі задавальненне ад гэтай работы і ад яе выніку?

— На стварэнне праекта было надта мала часу: аформіць мазаікай каплічку трэба было за тры месяцы. У работу ўключыліся яшчэ тры чалавекі: мастакі-манументалісты Сяргей Бышнёў, Валерый Чайка і архітэктар Фёдар Драгун. Вельмі цяжка было прыйсці да агульнай высновы, калі гаворка ідзе аб працы з калектывам прафесіяналаў, кожны з якіх мае сваё ўласнае бачанне тэмы. Ды яшчэ час абмежаваны! Здаралася вельмі шмат спрэчак. Але ўсё ж такі да канчатковага рашэння нам у азначаны тэрмін удалося прыйсці, і вынік атрымаўся бліскучы.

— У хуткім часе вам зноў, напэўна, прадаставіцца магчымасць вярнуцца да манументалістыкі, бо не за гарамі 2014 год, калі будзе праходзіць Чэмпіянат свету па хакеі. Да гэтай падзеі краіна актыўна рыхтуецца. Будуецца вялікая колькасць інфраструктурных аб’ектаў, “Чыжоўка-Арэна” і г. д. Як вы і калегі-манументалісты задзейнічаны ў рабоце?

— Усё, што звязана з будоўляй новых аб’ектаў, — гэта для нас, манументалістаў, вялікая праблема і наш агульны боль. Архітэктары і манументалісты працуюць паасобку, яны ніяк не звязаны паміж сабой. Але ж да мастакоў трэба звяртацца на самым пачатку, калі закладваецца падмурак, і працаваць у шчыльнай сувязі, каб быў час і магчымасць арганічна ўпісаць іх творы ў інтэр’ер будучага будынка. Я як старшыня секцыі пастаянна спрабую наладзіць кантакты, рэгулярна звязваюся з Міністэрствам культуры, але пакуль што няма ніякіх прапаноў.

Да ўсяго, у краіне намецілася пэўная тэндэнцыя: запрашаць на аб’екты замежных майстроў, у тым ліку — з Расіі. Вельмі яскравы прыклад — дыярама абароны Мінска для новага будынка Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яна была замоўлена расійскім майстрам. Але чаму не запрасіць айчынных мастакоў? Упэўнены, вынік атрымаўся б не горшым, а, хутчэй за ўсё, і нашмат лепшым, бо нашы манументалісты — вельмі таленавітыя творцы. Прыгадаем хаця б дыярамы ў Белавежскай пушчы і ў Прыпяцкім музеі-запаведніку, якія былі высока ацэнены культурнай грамадскасцю.

У нашай краіне шмат выдатных майстроў-манументалістаў: у Саюзе мастакоў іх семдзесят. І тое, што такі велізарны патэнцыял у нашай краіне не задзейнічаны ў рабоце, — гэта значны пралік. Каб не страціць свой мастакоўскі імпэт, манументалісты вымушаны займацца іншымі відамі мастацтва, у асноўным — станковым жывапісам. Акадэмія мастацтваў штогод выпускае маладых творцаў. Але атрымліваецца, што мастакоў з кожным годам становіцца ўсё больш, а адпаведнай работы па прафесіі не дадаецца… Так што, вяртаючыся да вашага пытання, мы, айчынныя манументалісты, на жаль, ніяк не задзейнічаны ў агульнай падрыхтоўцы краіны да Чэмпіянату свету па хакеі. Але застаецца яшчэ час, і хочацца верыць, улады ўсё ж звернуцца да нас ды прапануюць маім калегам, якія маюць каласальны вопыт у падобнай творчай справе, работу на новых аб’ектах. Не сумняваюся, што яны ў такім выпадку годна прадставяць нацыянальную школу манументалістыкі.

— Чаго чакаць ад вас прыхільнікам вашай творчасці далей?

— У наступным годзе планую зладзіць юбілейную выстаўку. Канешне ж, напісаць свежыя палотны. Яшчэ ёсць жаданне паспрабаваць сябе ў новай плыні станковага жывапісу — карцінах на гістарычныя тэмы. Але выдаваць падрабязнасці раней часу ўсё ж не буду…

Фота аўтара