Эмацыйныя паралелі

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Выстаўка жывапісу сябра Беларускага саюза мастакоў Алега Ладзісава днямі пачала працаваць у Музеі гісторыі горада Мінска. Трэці па ліку персанальны паказ майстра знаёміць з новымі работамі, створанымі са студзеня па жнівень 2012 года.

Гэта быў час пошуку і знаходак жывапісцам новых рашэнняў, што выявілі аналогію з філасофскай плыняў старажытных — “homo ludens” (“чалавек, які гуляе”).

/i/content/pi/cult/392/7851/8-3.jpeg

Мастак, які гуляе са сваёй палітрай, забаўляецца плямай, эфектамі ўзаемадзеяння адценняў, цякучасцю слою фарбы… Пры гэтым адмаўляецца любая спроба арганізаваць палатно кампазіцыйна. Каб пазбегнуць усялякага намёку на кампазіцыю, як правіла, на палатне дамінуе адна жывапісная пляма: яна парушае раўнавагу, уносіць адчуванне свайго роду выкліку. Тым не менш, работы мастака, пазбаўленыя традыцыйных рыс станковага жывапісу, пачынаюць гучаць гарманічна і на поўную моц. Аб’яднаныя ў экспазіцыю, яны дэманструюць тым самым прагу да сумоўя.

Гэткім жа жа жаданнем прадыктаваны зварот у выставачным праекце да філасофіі трох выбітных асоб ХХ стагоддзя: пісьменніка Сэмюэля Бекета, кампазітара Джона Кейджа, мастака Паўля Клее. Жывапісец імкнецца адшукаць эмацыйныя паралелі ў сваіх работах, перш за ўсё — з рытмічнымі магчымасцямі слова, адкрытымі Бекетам у яго п’есах, аповесцях, раманах. Гэтаму “ўтрапёнаму ірландцу” Алег Ладзісаў у свой час прысвяціў праект “Сумоўе”, прадстаўлены ў полацкай галерэі “Рыса” і Мастацкім музеі Віцебска ў 1994 — 1995 гг.

Аб’яднальны элемент з творчасцю амерыканскага кампазітара Кейджа — прынцып выпадковасці. Заснаваны на ўсходніх медытацыях, ён дазваляе пазбегнуць суб’ектывізму ў творчым працэсе. Імпануе мастаку прызнанне швейцарца Клее: на погляд апошняга, рука майстра — інструмент чужой волі (найвышэйшай сілы), і чым менш воля мастака перашкаджае гэтаму інструменту, тым лепш ён выяўляе нябачнае.

Юлія КАВАЛЁВА, вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі г. Мінска