Насамрэч, Сяргей Швайко займаецца начнымі здымкамі беларускіх архітэктурных помнікаў не больш за год. Аднак ужо сёння яго фатаграфіі ведае амаль увесь Байнэт. Практычна ўсе буйныя парталы выставілі здымкі “простага праграміста” з Пінска.
І, сапраўды, забыцца на тое цяжка: славутыя сядзібы фатаграфуюцца ўначы — з яскравай унутранай падсветкай, — і абрысы старажытных пабудоў, бы тая дама ў вэлюме, пачынаюць вабіць дадатковым арэолам таямнічасці і схаванай прыгажосці.
Як прызнаўся Сяргей, на тое ён і разлічвае: “Мне не цікавыя адноўленыя будынкі. Мая слабасць — архітэктурныя помнікі, якія пакуль не дачакаліся рэстаўрацыі, у якіх жыве дух даўніны, і для таго, каб яго адчуць, варта падключыць фантазію”. Менавіта дыялог з апошняй і з’яўляецца для фатографа найвялікшай асалодай у ягонай творчасці.
Як высветлілася, Сяргей Швайко прыйшоў да свайго “начнога” метаду выпадкова. Аднойчы разам з сябрам ён затрымаўся ў дарозе да чарговай сядзібы і прыехаў на месца ў прыцемках. Пачаў фатаграфаваць як ёсць, а сябра тым часам зашоў у камянічку і ўключыў ліхтарык. “Гэта было літаральна азарэнне! — прыгадвае Сяргей. — Я падумаў пра тое, як можна далей удасканаліць гэтую карцінку. І так атрымаў сваё бачанне старажытнай архітэктуры”.
Зараз фатограф ездзіць на аб’екты з некалькімі спецыяльнымі ліхтарамі рознай магутнасці і парай-тройкай штатываў. Адмысловым чынам расстаўляе іх у памяшканні і фатаграфуе на найлепшай для агляду адлегласці. Так, вядомая Белая Царква атрымала свой “начны партрэт”, адлюстроўваючыся ў возеры (Сяргею ўдалося сфатаграфаваць яе такім чынам дзякуючы дапамозе тутэйшых), а вятрак ля вёскі Урведзь, у якім даўно свабодна гуляе вецер, з дапамогай асвятлення і, вядома, стаўлення фатографа да драўлянага помніка, на якое імгненне ператварыўся ў касмічны карабель… Варта адзначыць, што “героямі” здымкаў Сяргея Швайко станавілся сядзібы і маёнткі, добра знаёмыя чытачам “К”: у мінулых нумарах былі апублікаваны матэрыялы пра турпадарожжа карэспандэнтаў газеты, дзе была згадана тая ж неагатычная капліца-пахавальня Рэйтанаў у Грушаўцы. Яе незабыўныя абрысы, а таксама сядзіба Тышкевічаў Вялае ў Рудні, сядзіба Свяцкіх Старая Беліца ля вёскі Полымя ды іншыя помнікі, якім пакуль не пашчасціла на ўвагу інвестараў,— у фаварытах пінскага фатографа.
— Перш чым выправіцца ў экспедыцыю, я ўважліва знаёмлюся з гісторыяй помніка, гляджу здымкі, зробленыя іншымі фатографамі, — і толькі потым еду на месца, — распавядае пра свой “падыход да справы” Сяргей Швайко. — Часам здараецца так, што дабраўшыся да аб’екта, бачу яго зусім разбураным. І гэта — прыкра, крыўдна…
Фатограф прызнаўся, што асабліва яму даспадобы драўляныя архітэктурныя помнікі: цэрквы, касцёлы, але ж...
— Той жа драўляны касцёл Святога Антонія Падуанскага ў вёсцы Бабруйшчына, вежа якога стаяла яшчэ летась, сёлета паваліўся, — адзначае ён. — Мне так і не ўдалося зрабіць яго начныя здымкі... Да некаторых сядзіб бывае цяжка дабрацца: настолькі ўсё навокал зарасло, — узнімае Сяргей вядомую чытачам “К” тэму. — Няўжо цяжка зрабіць хоць які дах у сядзібе, пазабіваць вокны замест таго, каб проста піць у ёй піва?..
Што да сваіх падарожжаў, то Сяргей лічыць іх сапраўднай творчай радасцю. Вядома, яго начныя здымкі прывабліваюць і мясцовых жыхароў, і турыстаў, што апынаюцца побач, і тая цікавасць звычайна заканчваецца новым поглядам людзей на “вядомыя камяні”.
— Мясцовыя жыхары пачынаюць больш паважаць свае славутасці, да якіх даўно прызвычаіліся, — кажа фатограф. — Ды і мінакі спыняюцца, загледзеўшыся на святло ў закінутым храме… Усё гэта — сапраўдныя прыгоды, на якія не шкада ні часу, ні высілкаў...
Фота Сяргея ШВАЙКО