Напярэдадні Мішэль Легран даслаў Прэзідэнцкаму аркестру Беларусі свае ноты — уверцюру да фільма “Шэрбурскія парасончыкі”. Менавіта гэты фільм, што быў зняты ў 1964 годзе, і дасюль застаецца “візітоўкай” знанага маэстра. І гэта прытым, што Мішэль Легран з’яўляецца аўтарам музыкі больш чым да 200 фільмаў, а таксама безлічы твораў у розных жанрах.
— Для нашага маладога калектыву, — расказаў мастацкі кіраўнік Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віктар Бабарыкін, — быў вялікі гонар атрымаць ад такога сусветна вядомага кампазітара і музыканта рукапіс яго партытуры. Прапанаваны нам твор, у якім сабраны ўсе музычныя тэмы з фільма, доўжыцца 30 хвілін і даволі складаны для выканання. Акрамя таго, мы падрыхтавалі яшчэ некалькі твораў Мішэля Леграна. Сам жа ён прыязджае з жонкай — арфісткай. Разам з ім едуць і іншыя музыканты, з якімі ён выступіць як джазавы піяніст.
— І павіншуе вас з 5-годдзем?
— Юбілей аркестра мы адсвяткуем асобным канцэртам 7-га снежня.
Надзея БУНЦЭВІЧ