З Жыткавічаў — на “Покліч Палесся"

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

24 — 25 жніўня жыткавіцкія культработнікі прымуць удзел у ІІ Фестывалі этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”.

Гэтае мерапрыемства зладзяць у аграгарадку “Ляскавічы” Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Як распавяла “К” намеснік начальніка ўпраўлення культуры мясцовага аблвыканкама Вольга Антоненка, удзельнікамі фестывалю стануць выканаўцы і майстры народнай творчасці з васьмі раёнаў Гомельскай і трох раёнаў Брэсцкай абласцей, а таксама сотні гасцей з блізкага і далёкага замежжа.

/i/content/pi/cult/392/7848/10-5.jpeg

У насычанай праграме фэсту — выступленні самадзейных калектываў Гомельшчыны і Брэстчыны, канцэрт прафесійных артыстаў Беларусі, конкурсы падворкаў, харавых калектываў ды вакалістаў. Таксама будуць зладжаны майстар-класы кавальскай справы, бортніцтва, лозапляцення і іншых відаў народных рамёстваў, спаборніцтвы рыбаловаў і гонкі на старадаўніх чаўнах. Кожны ахвотны зможа пакатацца на цеплаходах, маторных лодках, а для маленькіх палешукоў адкрыецца дзіцячы гарадок атракцыёнаў.

Да таго ж, як заўважыла Вольга Антоненка, у другі дзень фестывалю, 25 жніўня, адбудзецца адкрыццё музея прыроды Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, “круглы стол” з удзелам прадстаўнікоў вядучых тураператараў Беларусі, прэзентацыя відэафільма аб Палессі і многае іншае.

На здымку: удзельнікі першага фестывалю "Покліч Палесся", які прайшоў у 2010 г.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"