Як Савет наймальнікаў дапамагае зарабляць?

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Вытокі мясцовага мецэнацтва ў Жыткавічах / Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Так, цікавых і адметных падзей у жыцці Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны здараецца багата. Вось толькі адзін, досыць красамоўны, факт: на Жыткавіччыне дзейнічае ажно 35 калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны”! Выйсці на такі ўзровень можна, натуральна, толькі пры наладжанай працы ўсіх мясцовых культработнікаў. Пра апошняе сведчыць не такое ўжо і даўняе ўключэнне абраду “Юраўскі карагод” з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Прычым аддзел культуры падаў дакументы на ўнясенне яшчэ аднаго раённага аўтэнтычнага гурта ў названы Спіс...

Да таго ж, на Жыткавіччыне, не наракаючы на вечную праблему нястачы фінансавых сродкаў, паспяхова працягваюць працу па абнаўленні і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры як у горадзе, так і на сяле. Абапіраюцца ў гэтай справе на супрацоўніцтва з мясцовымі прадпрымальнікамі і спонсарамі — як айчыннымі, так і замежнымі.

/i/content/pi/cult/392/7847/10-1.jpeg

Бібліятэка ці гатэль?

На слабую матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры Жыткавіччыны “К” звяртала ўвагу прыкладна тры гады таму. З таго часу сітуацыя карэнным чынам змянілася.

Дапамаглі як раённыя, так і абласныя ўлады. Напрыклад, год таму Цэнтральная раённая бібліятэка пераехала на сталае месца жыхарства ў новы будынак. Установа размясцілася ў правым крыле гатэля з красамоўнай назвай “Чвэрць стагоддзя”: менавіта столькі — дваццаць пяць гадоў, яшчэ з савецкіх часоў! — вялізны даўгабуд ля чыгуначнай станцыі Жыткавічаў ніяк не маглі давесці да ладу.

Зусім іначай сябе пачуваюць і супрацоўнікі іншых устаноў культуры райцэнтра. Да прыкладу, цягам мінулага і бягучага года ў Гарадскім цэнтры культуры за кошт сродкаў раённага бюджэту вядзецца рамонт. Да ладу даведзена глядзельная зала, змяняюцца сцэна, ацяпляльная сістэма. Прычым некаторыя работы супрацоўнікі ГЦК вядуць уласнымі сіламі.

У будаўнічых рыштаваннях цяпер — і мясцовая школа мастацтваў. Згодна з Дзяржаўнай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся, цягам года адбываецца рэканструкцыя ўстановы. Распачаўся рамонт даху, а праз некаторы час плануюцца замена вокнаў, усталяванне тэхнічнага і светлавога абсталявання… Асвоена прыблізна паўмільярда рублёў. Для завяршэння рамонтных работ з абласнога бюджэту выдаткавана яшчэ каля двух мільярдаў.

З днём нараджэння, мецэнат!

Як ужо казаў, матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры раёна ўмацоўваецца дзякуючы наладжанаму дзяржаўна-прыватнаму партнёрству. Так, адзін з флагманаў у развіцці гэтай дзейнасці на Жыткавіччыне — Гарадскі цэнтр культуры. Па словах яго дырэктара Таццяны Еўлаш, мясцовыя прадпрымальнікі ўжо даўно і стала падтрымліваюць многія творчыя праекты культработнікаў ды забяспечваюць іхнія мерапрыемствы падарункамі і прызамі.

Каб заахвоціць прадпрымальніка, пераканана Таццяна Еўлаш, — і ў гэтым я з ёй абсалютна згодны, — мала назваць яго імя пад час мерапрыемства, узгадаць па радыё ці ў газеце... На яе думку, трэба ніколі не забываць пра гэтага чалавека і віншаваць яго з асабістымі або прафесійнымі святамі. Так і робяць у Жыткавіцкім ГЦК. Напрыклад, з дапамогай краязнаўчага аддзела мясцовай бібліятэкі культработнікі ўстановы заўсёды ведаюць, на які дзень прыпадае свята ці юбілей любога раённага прадпрыемства. Кожны кіраўнік арганізацыі, без сумневу, застанецца задаволены, калі ў такі святочны дзень да яго калектыву завітаюць супрацоўнікі ГЦК і павіншуюць народнымі спевамі ці пакажуць невялікую забаўляльную праграму. Натуральна, пасля культработнікам будзе значна лягчэй дамовіцца з гэтым кіраўніком фірмы аб аказанні спонсарскай дапамогі Цэнтру культуры. І падобная практыка, па словах Таццяны Еўлаш, цалкам сябе апраўдала.

Замест апякунскага савета

Пра іншыя прыклады паспяховага дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва распавяла дырэктар Жыткавіцкага раённага метадычнага цэнтра Людміла Грыб. Па яе словах, нядаўна ў вёсцы Леніна з дапамогай мясцовай прадпрымальніцы быў набыты музычны цэнтр для Маладзёжнага цэнтра культуры. А яшчэ адна прыватніца — уладальніца аграэкасядзібы Таццяна Масла, якая, дарэчы, у мінулым таксама з’яўлялася культработніцай, ахвотна супрацоўнічае з мясцовым аддзелам і ладзіць разам з ім сумесныя платныя мерапрыемствы, асабліва — у час навагодніх і калядных святаў.

У тым, што падобная практыка дзяржаўна-прыватнага партнёрства павінна шырока распаўсюджвацца не толькі ў райцэнтры, а і на сяле, перакананы і намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерый Рагалевіч. Па яго словах, для падтрымкі мецэнацкай і спонсарскай ініцыятывы ў раёне створаны ўсе неабходныя умовы. Так, штогод, увосень, у Дзень работніка культуры, кіраўніцтва сферы адзначае ўсіх тых, хто дапамагаў клубнікам і бібліятэкарам. Падобнае мерапрымства ладзіцца і на больш высокім, раённым, узроўні, калі падсумоўваюцца вынікі гаспадарчай і сацыякультурнай працы Жыткавіччыны.

Па словах Валерыя Рагалевіча, праца з мясцовымі спонсарамі для сферы культуры паспяхова праводзіцца на Жыткавіччыне пастаянна. У першую чаргу дзякуючы дзейнасці грамадскай арганізацыі, што аб’ядноўвае дырэктараў прадпрыемстваў — Савета наймальнікаў. З дапамогай названай структуры — своеасаблівага раённага апякунскага савета — адбываецца фінансаванне шматлікіх сацыякультурных акцый, плануюцца суботнікі, на якіх, прыкладам, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю гарадскога парку, а таксама зарабляюць грошы на рэалізацыю разнастайных праектаў сферы.

Напрыклад, напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці на пасяджэнні Савета выступіў начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Агіевіч. Ён падрабязна распавёў пра ўсе мерапрыемствы, што запланаваў аддзел гэтым святочным днём, а таксама звярнуўся з прапановай выдаткаваць пэўныя фінансавыя сродкі на правядзенне вечаровага фаер-шоу. Ініцыятыву падтрымалі. Тое ж самае адбылося і пры падрыхтоўцы святкавання Дня Перамогі: Савет наймальнікаў выдаткаваў грошы на арганізацыю і правядзенне канцэрта запрошаных артыстаў эстрады ды мясцовых выканаўцаў.

Так што, як адзначыў Валерый Рагалевіч, на Жыткавіччыне выкарыстоўваюць не толькі так званы адміністрацыйны рэсурс, а актыўна ўзаемадзейнічаюць са шматлікімі арганізацыямі як дзяржаўнай, так і недзяржаўнай формы ўласнасці. Плён — відавочны.

/i/content/pi/cult/392/7847/10-2.jpeg

Скрыпкі — ад замежных партнёраў

Досыць паспяхова працуюць у раёне не толькі з айчыннымі, але і з замежнымі інвестарамі. Так, па словах Сяргея Агіевіча, мясцовая дзіцячая школа мастацтваў неаднаразова атрымлівала фінансавую дапамогу з Германіі. Нямецкі гуманітарны фонд у свой час не толькі паспрыяў выезду мясцовых дзяцей на аздараўленне ў сваю краіну, але і неаднаразова запрашаў навучэнцаў Жыткавіцкай ДШМ выступіць з канцэртамі ў замежжы. Сувязі з фондам ніколі потым не гублялі: нямецкія спонсары прыязджалі ў раён неаднойчы і, натуральна, завітвалі ў мясцовую ДШМ. Цягам некалькіх гадоў немцы падарылі школе акардэоны, дапамаглі ў набыцці "адзення" сцэны для камернай залы, камп’ютарнага і некаторага іншага тэхнічнага абсталявання... А сёлета, распавёў намеснік дырэктара ДШМ Павел Ярмаш, інвестары падарылі ўстанове дзве скрыпкі і акардэон, а таксама закупілі мэблю на суму звыш 6 мільёнаў рублёў.

І гэтае замежнае спонсарства для мясцовых культработнікаў — не адзінкавае. Яшчэ раней, у 2010-м, аддзел культуры райвыканкама прыняў удзел у праграме ЕСПРААН “Мінімізацыя наступстваў аварый на Чарнобыльскай АЭС” і выйграў грант — каля 3 тысяч еўра. На гэтыя грошы быў закуплены і ўсталяваны награвальны кацёл у Ленінскім маладзёжным цэнтры культуры.

Як распавёў Сяргей Агіевіч, паспяховасць стасункаў з замежнымі фондамі і спонсарамі ўзнікла не на пустым месцы. Справа ў тым, што не першы год разнастайныя праекты і заяўкі на ўдзел у той або іншай спонсарскай праграме дасылаюцца ад мясцовага аддзела культуры ў шматлікія дабрачынныя арганізацыі, а таксама ў замежныя пасольствы і да ўсіх магчымых патэнцыйных мецэнатаў. Толькі сёлета, напрыклад, аддзел культуры разаслаў пяць праектаў у дыппрадстаўніцтвы краін, акрэдытаваных у Беларусі. Праўда, пакуль на заяўкі мясцовых культработнікаў не адгукнуліся. Але ж у аддзеле не губляюць надзеі на тое, што праз некаторы час гэтыя ініцыятывы абавязкова прынясуць плён.

Будучыня Рычова

Пра адно супрацоўніцтва з замежнымі фондамі распавяду асобна, бо яно сапраўды таго вартае. Тым больш, наладжана яно не ў райцэнтры, а ў вёсцы Рычоў. У мясцовым Цэнтры народнай культуры паспяхова ўзаемадзейнічаюць не толькі з кіраўніцтвам сельсавета, але і з нямецкімі прадпрымальнікамі. Справа ў тым, што пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прадстаўнікі гэтай краіны стварылі спецыяльны дабрачынны фонд “Будучыня для Рычова”. Кіраўнік апошняга спадарыня Хедзі Мюлер неаднаразова бывала ў паселішчы і таму ведае ўсе праблемы вяскоўцаў, як кажуць, не з чужых вуснаў. Дапамогу арганізацыя аказвае, у першую чаргу, мясцовай школе, але не забываецца таксама і на “агмень” вясковай культуры.

— Сёлета прадстаўнікі фонду пабывалі ў нас у гасцях і выдаткавалі прыблізна тры мільёны на набыццё більярднага стала для нашай установы, а таксама фінансава паспрыялі абнаўленню "адзення" сцэны ў нашай глядзельнай зале на суму больш за мільён рублёў, — кажа дырэктар Рычоўскага ЦНК Ларыса Маркевіч. — Да таго ж, яны ўбачылі, што мы не змаглі завяршыць мантаж санвузлоў, і пералічылі нам неабходную суму: каля 13 мільёнаў рублёў…

Па словах дырэктара, дапамога з фонду сёлета наўрад ці будзе апошняй. Цяпер культработнікі з нецярпеннем чакаюць наступнага прыезду нямецкіх гасцей у паселішча: спонсары паабяцалі аказаць фінансавую падтрымку і закупіць новыя сцэнічныя касцюмы для народнага фальклорнага ансамбля “Дубравіца”. Дарэчы, як распавяла кіраўнік названага калектыву Ганна Бурак, спевам менавіта гэтага гурта будзе ў хуткім часе нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Касцюмы ад банкіраў

Але ж не варта думаць, што на Жыткавіччыне спадзяюцца толькі на спонсарскія сродкі замежных фондаў. Ладны кавалак фінансавай дапамогі ад айчынных прадпрымальнікаў прыходзіць на рахунак аддзела культуры дзякуючы таксама і шматлікім мясцовым ініцыятывам.

Адна з такіх раённых фішак — сельскія фестывалі. Як распавяла дырэктар раённага метадычнага цэнтра Людміла Грыб, апошнім часам у Жыткавіцкім раёне пачалі адраджацца мясцовыя фэсты, прымеркаваныя да розных святочных дзён: Вялікадня, Каляд, Троіцы і некаторых іншых. Так, напрыклад, у вёсцы Грабава, у сельскім Доме народнай творчасці, адрадзілі даўнейшы велікодны фестываль, на які з’язджаюцца госці з усяго раёна і вобласці. Вядома ж, ён прыносіць неблагі фінансавы прыбытак мясцовым культработнікам. Падобныя ж фэсты, але ўжо пад назвай “Міхайлаўскія кірмашы”, ладзіцца і ў іншых паселішчах рэгіёна.

Гэтыя сельскія святы настолькі спадабаліся жыхарам горада і раёна, што ў планах кіраўніцтва аддзела культуры — пашырыць у далейшым геаграфію кірмашоў і ладзіць іх на пастаяннай аснове.

Прычым падобныя мерапрыемствы запатрабаваны і ў саміх Жыткавічах. Так, днямі ў райцэнтры адбылося раённае свята-кірмаш аматарскай творчасці “Хобі-бум”, дзе, акрамя традыцыйнага “Горада майстроў” і майстар-класаў народных умельцаў, былі прадстаўлены разнастайныя хобі жыхароў Жыткавічаў.

Шчыльна супрацоўнічаюць у Жыткавіцкім раёне і з мясцовымі прадпрымальнікамі ды арганізацыямі. Так, пад час свята вёскі Дзядоўка адзін з прыватнікаў фінансава паспрыяў правядзенню мерапрыемства, а таксама аплаціў святочны феерверк... А яшчэ не так даўно мясцовае аддзяленне “Белаграпрамбанка” аказала спонсарскую падтрымку Тураўскаму ГДК і паспрыяла ў набыцці касцюмаў для калектыву ўстановы культуры. І, як заўважыла Людміла Грыб, падобныя прыклады спонсарска-мецэнацкай дзейнасці ў раёне — не адзінкавыя.

Як бачна, дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва ў гэтым раёне развіваецца паспяхова. Гэта адбываецца таму, што тут маецца шэраг буйных прадпрыемстваў і мноства больш дробных прыватных арганізацый, а яшчэ і за кошт значных высілкаў з боку аддзела культуры. Такая практыка культработнікаў раёна яскрава сведчыць: у сферы дзяржаўна-прыватнага партнёрства яны здольны дасягнуць многага.

Мінск — Жыткавіцкі раён — Мінск

Фота аўтара

 

 

Галерэя спонсараў ад “К”

Спонсарства на "Сатурне"

Адно з найбольш вядомых прадпрыемстваў не толькі ў Жыткавіцкім раёне, але і на Гомельшчыне — ААТ “Сатурн-1”, якое ўзначальвае Міхаіл Саскевіч. Прадукцыя фірмы, якая працуе на рынку ўжо звыш 20 гадоў і займаецца, у асноўным, металаапрацоўкай, пастаўляецца літаральна па ўсёй краіне: сярод сталых заказчыкаў, напрыклад, — Беларуская чыгунка, Мінскі метрапалітэн, прадпрыемства “Беларуськалій”. А нядаўна шматлікія вырабы акцыянернага таварыства пачалі заваёўваць павагу ў замежных пакупнікоў з Расіі ды краін Балтыі.

/i/content/pi/cult/392/7847/10-3.jpegДалёка за межамі раёна ведаюць і пра спонсарскую дзейнасць прадпрыемства. Так, дзякуючы падтрымцы Міхаіла Саскевіча, які, да таго ж, з’яўляецца дэпутатам раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў, на Жыткавіччыне ўжо цягам некалькіх гадоў ажыццяўляюцца шматлікія сацыякультурныя праекты. І гэтая спонсарска-мецэнацкая дзейнасць адзначана на абласным узроўні: цягам некалькіх гадоў кіраўнік прадпрыемства вызначаўся лепшым прадпрымальнікам Гомельшчыны.

Вось толькі некалькі прыкладаў спонсарскай дзейнасці кіраўніцтва прадпрыемства. Не першы год “Сатурн-1” выдаткоўвае сродкі на будаўніцтва ў райцэнтры праваслаўнага храма Феадосія Чарнігаўскага, а таксама, як сказалі б раней, аказвае “шэфскую” дапамогу мясцовай агульнаадукацыйнай школе.

Не забываецца кіраўніцтва прадпрыемства і на мясцовых культработнікаў. Так, па словах спецыяліста па маркетынгу і ідэалагічнай рабоце кампаніі Анатоля Чопчыца, не так даўно пры непасрэднай дапамозе Міхаіла Саскевіча Бялёўскі СДК “разжыўся” новым баянам коштам у тры з паловай мільёны рублёў для мясцовага народнага калектыву “Весялуха”. Справа ў тым, што кіраўнік прадпрыемства з’яўляецца дэпутатам ад Бялёўскай выбарчай акругі, таму ўсе праблемы паселішча ведае як свае. Так што мясцовыя культработнікі ўпэўнены: падтрымка іхніх праектаў заўсёды знойдзе падтрымку ў прыватніка.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"