АЛІМПізм Любові

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Медалістка Лондана-2012 ўзнялася па-над зямлёй адмыслова для газеты "Культура"

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 жніўня сустрэўся з чэмпіёнамі і прызёрамі ХХХ летніх Алімпійскіх гульняў. “Заваяваныя ўзнагароды — гэта не проста дастойная ацэнка працы кожнага атлета, але і прадмет асаблівай гордасці нашай краіны. Вашы поспехі нас радавалі і натхнялі. Я шчыра ўдзячны вам за тое, што Беларусь у Лондане была прадстаўлена на самым высокім узроўні”, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. Пра гэта паведамляе Прэс-служба беларускага Лідара.

На пачатку гутаркі яшчэ раз віншую Любоў ЧАРКАШЫНУ з узнагародай на Алімпіядзе-2012 — бронзавым медалём у асабістым мнагаборстве па мастацкай гімнастыцы. Безумоўна, гэта вельмі відовішчны від спорту, але не толькі гармонія і дакладнасць рухаў. Гледачоў, якія "хварэлі" за беларускіх гімнастак, скарыла іх мэтанакіраванасць і воля да перамогі.

— Люба, прызнайцеся шчыра, спартсмены знаходзяць час на што-небудзь, акрамя трэніровак? Я маю на ўвазе чытанне, тэатр, танцы, кіно... Што з пералічанага вам найбольш даспадобы?

/i/content/pi/cult/392/7844/13-3.jpeg

— Вядома, час знаходзяць. Але яго сапраўды мала: чытаю я, у асноўным, у самалёце, і кіно люблю, але кінаманам сябе не лічу. Хоць фармат 3D у “Тытаніку” ацаніла, і бачу, наколькі фільм стаў больш выразным.

У 13 гадоў, калі я прыехала з Брэста ў Мінск, мая мама марыла, каб я хадзіла ў тэатр, што я і рабіла амаль кожную нядзелю. Мама, напэўна, лічыла, што дзеці павінны нагнаць тое, што яна не паспела, бо казала: “Трэба ўзбагачацца”, — маючы на ўвазе, канешне ж, культуру. У той час я часта наведвала балетныя спектаклі.

Але цяпер даецца ў знакі тое, што я займаюся гімнастыкай: хочацца бачыць у балеце больш мадэрна, новых падыходаў да руху. Мне не хапае ў нашай балетнай школе шырыні, яскравых індывідуальнасцей. Разумею, што яны захоўваюць класічную традыцыю, трымаюць марку — напэўна, гэта таксама патрэбна. Але вось глядзіш шоу ў Лас-Вегасе, і разумееш, што людзі — фенаменальныя… Мы проста не ведаем сваіх магчымасцей, а тое, як артысты лётаюць, без страху… Гэта неверагодна! А потым даведваешся, што там працуюць беларусы, расіяне, украінцы! Вось таму ад тэатра я чакаю большага.

— Вас вучаць прыгажосці ў прамым сэнсе гэтага слова: пастава, хада, каардынацыя рухаў... Далей — артыстызм, стаўленне да музыкі, разуменне драматургіі нумара... Распавядзіце пра гэта, бо гімнасткі-”мастачкі” сапраўды вельмі адрозніваюцца ад іншых спартсменак!

— Гэта пачынаецца з дзяцінства. Возьмем самае банальнае: пяцігадовае дзіця на першыя трэніроўкі павінна прыйсці ў белых шкарпэтках і чорным купальніку. Гэта эстэтыка класікі. Так, купальнік можа быць белы — гэта адзінае адрозненне. Дзяўчынак вучаць быць сабранымі, а потым ты ўжо сама не можаш начапіць штосьці такое… вулічнае.

Што да артыстызму — гэтаму гэтаксама вучаць, калі трэнер на самым пачатку падбірае табе музыку. А ты павінна ўмець адчуць яе. Часам трэнер прыдумвае для нумара цэлую гісторыю — і табе неабходна навучыцца выказваць яе ў руху. У старэйшым узросце мы самі шукаем музыку для выступленняў: камусьці падабаецца іспанская тэма, або штосьці павольнае, лірычнае, або, наадварот, рок. Заўжды неабходна атрымаць станоўчую рэакцыю трэнера, бо ён будзе з табой працаваць. І яшчэ трэба ўлічваць меркаванне судзейства: часта бывае так, што суддзям больш падабаюцца твае мінорныя рэчы, і ты, адпаведна, часцей выбіраеш гэты стыль.

/i/content/pi/cult/392/7844/13-2.JPG

Што ж да касцюмаў, то яны — вельмі прыгожыя, і вы іх бачылі. Швачка заўжды глядзіць, які колер падабаецца спартсменцы, каб ён падыходзіў па настроі, па музыцы, па руху. Так што наша “прыгажосць” — гэта сукупнасць фактараў, а не праца аднаго чалавека.

— Вы былі ў шматлікіх краінах свету. Адкуль прывезлі самыя яскравыя ўражанні? Ці ёсць краіна, культура і ментальнасць якой вам блізкія?

— Ёсць “гімнастычныя” краіны, якія пастаянна ладзяць спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы. Але ў мяне душа ляжыць да Італіі, прычым ужо шмат гадоў. Мне падабаецца іх стыль жыцця, нават у маленькіх гарадках. Усё даспадобы: ежа, манера апранацца. Напрыклад, дзяўчына можа апрануць спартыўны касцюм і шалік, і гэта будзе класна! У Італіі ёсць “хатнія рэстараны”: там гатуе і падае ежу сам гаспадар, гэта значыць, у той дакладны момант ён гатуе толькі для цябе, няхай нават самую простую пасту, і гэта вельмі прыемна!

Люблю Мілан: там асаблівая атмасфера, і яе вельмі добра перадае архітэктура. Заўсёды ўзгадваю гэты горад. І Адрыятычнае мора — таксама асаблівае, хоць там не пясчаныя пляжы, а дробная галька. Нават мова італьянская: такая пералівістая — ці гэта песня, ці проста гутарка. Усё люблю ў Італіі! Вось шукаю заганы, і ніводнай не знайшла!

— Можа быць, вы ездзіце і па Беларусі? Зараз гэта па-добраму модна: старыя сядзібы, далёкія азёры, балоты… Аўтэнтычны лад жыцця, сапраўдныя месцы — гэта цікава!

— Вельмі хачу падарожнічаць, але пакуль часу не хапае. Апошняе месца, дзе я была — Мірскі замак. Усяго пару гадзін — і хочацца вярнуцца туды, адчуць тую эпоху. Была ў Гродне — таксама вельмі прыемныя ўражанні: бачыш, што беларускія помнікі спадчыны існуюць не толькі “на карцінцы”. Вядома, добра, што гэта ўсё вяртаецца. Белавежскую пушчу мы таксама літаральна праляцелі, і мне гэтага, вядома, не хапіла…

Люблю свой родны Брэст. У дзяцінстве Брэсцкая крэпасць успрымалася як “гісторыя пра “вайнушку”, а зараз усё нашмат больш сур’ёзна: разумееш, што людзі тут аддалі свае жыцці… Ведаю, вельмі прыгожыя Браслаўскія азёры, мару іх убачыць. Мелавыя кар’еры з бірузовай вадой таксама хацелася б паглядзець...

Але падарожнічаць хочацца ўлетку, а ў нас у гэты час — самыя актыўныя трэніроўкі, бо кожную восень ладзіцца чэмпіянат свету, а раз на чатыры гады — Алімпіяда.

— Люба, у вас самы эстэтычны від спаборніцтваў. У гэтым сэнсе мастацкая гімнастыка свайго роду эліта сярод іншых відаў спорту. Як вы лічыце, ці складана спартсменкам рэалізоўваць сябе ў гэтай якасці? Як развіваецца гімнастыка ў дадзеным кірунку?

— Мяркую, у гімнастыцы неабходна захаваць жаноцкасць, бо менавіта яна прываблівае вялікую аўдыторыю. Так, фенаменальныя рэчы робяць падлеткі, але гэта цікавіць толькі прадстаўнікоў цырка. А публіка, дарослыя людзі хочуць бачыць мастацтва. Вядома, ёсць чыста спартыўныя моманты, але за паўтары хвіліны мы павінны выявіць усё: музыку, настрой — толькі тады гэта мастацкая гімнастыка. Кажуць, што ў 16 гадоў тое немагчыма. Але, мяркую, з гэтым належыць працаваць, тлумачыць дзяўчынкам. Няхай спачатку яны выканаюць пэўныя рэчы механічна, але потым навучацца, і гэта пойдзе знутры.

— На прэс-канферэнцыі пасля вяртання з Лондана вы казалі, што заняліся б трэніроўкамі з дзецьмі. Што хацелі б да іх данесці?

— У першую чаргу — любоў да справы, якой яны займаюцца. Цяжка бачыць, як маленькія дзеткі прыходзяць у залу праз “не магу”, бо так будзе і надалей. Хочацца, каб нават на пачатковай стадыі для іх гэта не было манатоннай справай. Трэнер мусіць зрабіць усё, каб яны зацікавіліся, каб дзіця літаральна бегла на трэніроўку. Потым гэта яму вельмі дапаможа: калі ён убачыць, як забаўляюцца яго аднагодкі-падлеткі, у яго ўжо будзе сфарміравана не “трэба”, а — “люблю”, гэта значыць “я хачу, я ў гімнастыцы развіваюся, расту”. Трэба жыць гімнастыкай, і калі ты вельмі стамляешся, то ўсё роўна ведаеш, што гэта — тваё, твая радасць…

Распытвала Любоў ГАЎРЫЛЮК

Фота Юрыя ІВАНОВА