Асцярожна: вада!

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Бяспека жыцця

Плаванне ў спякотны летні дзень — што можа быць лепш! Але не варта забывацца, што пры невыкананні элементарных правілаў бяспекі адпачынак каля вадаёма можа прывесці да трагедыі. Так, з пачатку бягучага года ў Беларусі на вадзе загінула 399 чалавек, 35 з іх — дзеці, выратаваны 401 чалавек, у тым ліку — 102 дзіцяці. Часцей за ўсё няшчасныя выпадкі на вадзе здараюцца з-за няўважлівасці.

Напрыклад, у Віцебскай вобласці, у вёсцы Дабея Шумілінскага раёна, трохгадовае дзіця патанула ў канаве. У паселішча яго прывезлі бацькі, а вечарам, застаўшыся без нагляду, хлопчык адзін гуляў на вуліцы. У нейкі момант, перабягаючы па кладцы канаву, ён аступіўся, упаў у ваду...

Падобныя выпадкі, на жаль, — не адзінкавыя, і здараюцца нават з больш сталымі дзецьмі. Напрыклад, шасцігадовая дзяўчынка адпачывала на беразе ракі Мухавец пад Брэстам. Гуляючы з аднагодкамі ў мяч, яна выпадкова аступілася, трапіла нагой у яму на дне і захлынулася вадой. Бацькі спахапіліся праз пяць хвілін, але было ўжо позна: дзяўчынка загінула…

Часам самых заядлых аматараў водных працэдур не спыняе ні пахаладанне, ні адсутнасць спецыяльна абсталяваных месцаў для купання, ні папераджальныя знакі. Якраз такія паводзіны і заканчваюцца трагедыяй. Яшчэ адной, і, магчыма, самай распаўсюджанай прычынай трагічных наступстваў з’яўляецца купанне ў стане алкагольнага ап’янення.

Так, паблізу Давыд-Гарадка, што ў Столінскім раёне, выратавальнікі паднялі з вады цела мужчыны 1963 года нараджэння. Высветлілася, што загінулы быў п’яны. Узяўшы лодку, ён адправіўся на раку ўстанаўліваць сетку, але адплыўшы крыху ад берага, згубіў раўнавагу і патрапіў у ваду. Шанцаў на выратаванне мужчыну не пакінулі і сеткі, у якіх ён заблытаўся...

Заўсёды памятайце вядомую аксіёму: вада памылак не даруе. І ніколі не пакідайце сваіх дзяцей без нагляду паблізу ад вадаёма.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска