Фальклор — на экспарт

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

РЭГІЁНЫ: майстар-клас крэатыву / Ёсць што прадаць, ды няма ў што загарнуць?

Беларуская нацыянальная вакальная, музычная ды харэаграфічная традыцыя карыстаецца нязменным поспехам у замежжы. Пра запатрабаваныя гастролі нашых “аўтэнтычных фальклоршчыкаў” “К” піша пастаянна. І цікавым тут падаецца найперш не сам факт паспяховых турнэ, а мэтанакіраваная дзейнасць пэўных аддзелаў культуры па развіцці падобнай "аўтэнтычнай дыпламатыі" і як вынік — закардоннага “раскручвання” народнага мастацтва. Іншая справа, што далёка не ўсе аддзелы з поспехам экспартуюць беларускі фальклор. І тлумачыцца такая творчая неразваротлівасць прыблізна гэтак жа, як і ў няўдалага гандляра з показкі: “Ёсць што прадаць ды, затапчы камар, няма ў што загарнуць!”. Але сёння — пра тых, хто і “прадае” ўдала, і “загортвае” як мае быць.

Століншчына: лаўрэацкі трыумф

Са Століна патэлефанаваў начальнік аддзела культуры Васіль Заруба. Пахваліўся замежным прарывам: народны ансамбль танца “Рэха” і Заслужаны аматарскі калектыў “Ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” ў жніўні бралі ўдзел у польскім міжнародным фальклорным фестывалі. Сёлета, да прыкладу, тут збіраліся аматары традыцыі з 18 краін.

/i/content/pi/cult/392/7840/12-2.jpeg

“Рэха” і “Выцінанка” давалі 45-хвілінныя канцэрты ў многіх гарадах. У выніку сталі лаўрэатамі фестывалю… Па словах Васіля Зарубы, у Століна заключана дамова аб супрацоўніцтве з польскім горадам Жывец. І гэтае творчае супрацоўніцтва доўжыцца каля двух дзясяткаў гадоў. Таму ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама і Столінскі райвыканкам заўжды аказваюць гэтаму сяброўству фінансавую падтрымку.

Любаншчына: выпадкам — не запросяць

Дырэктар Цэнтра фальклору і этнаграфіі нацыянальных суполак Літвы Ірэна Захарава даслала ліст начальніку аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васілю Каткаўцу, у якім запрасіла шэраг фальклорных калектываў на VII Міжнародны фальклорны фестываль “Пакроўскія званы”. Ён праходзіць з 2 па 5 кастрычніка ў Вільнюсе пры падтрымцы Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі. Сюды прыедуць гурты з Беларусі, Іспаніі, Малдовы, Польшчы, Украіны… Выступленні запланаваны ў Літоўскай нацыянальнай філармоніі, Нацыянальным драмтэатры, у Вялікай зале Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра, Вільнюскай ратушы, Літоўскім нацыянальным музеі…

/i/content/pi/cult/392/7840/12-3.jpeg

Любаншчыну на “Пакроўскіх званах” будуць прадстаўляць сямейны ансамбль “Карані” Атрадненскага СДК, фальклорны дуэт Пластокскага СК, спявачка Марыя Насановіч з вёскі Палічын і загадчык арганізацыйна-творчага аддзела РЦК і кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Верабейкі” Сяргей Выскварка. Гэтыя калектывы і асобы — добра вядомыя ў Вільнюсе. Васіль Каткавец кажа, што Любаншчыну на “Пакроўскіх званах” станоўча ацэньвалі неаднойчы. З гэтай прычыны Цэнтр фальклору і этнаграфіі як адзін з арганізатараў фэсту забяспечвае выдаткі ўдзельнікаў.

Мінск: “Ветах” едзе на “Чарнарогі месяц”

Загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Вячаслаў Калацэй завітаў аднойчы ў вільнюскую краму, дзе апрача этнасувеніраў прадаюцца і дыскі з этнамузыкай. Высветліў, што гаспадары аналагічных салонаў пятнаццаць гадоў запар ладзяць ля мястэчка Зарасай міжнародны пост-фальклорны фестываль “Чарнарогі месяц”. Спектр яго ўдзельнікаў — надзвычай шырокі: ад звычайных вясковых музыкаў да фольк-мадэрнавых калектываў… Карацей, гурт беларускай музыкі “Ветах”, якім кіруе Вячаслаў Калацэй, захацеў паўдзельнічаць у “Чарнарогім месяцы”. Даслаў свае запісы і… атрымаў запрашэнне на ўплывовы фэст.

/i/content/pi/cult/392/7840/12-1.jpeg

Ён праходзіць 25 — 26 жніўня. Удзел “Ветаха” аплачвае прымаючы бок. Арганізатары “Чарнарогага месяца” перакананы: за фольк-індустрыяй — будучыня. Вячаслаў Калацэй, у сваю чаргу, упэўнены, што аналагічныя фэсты неўзабаве будуць ладзіцца і на Беларусі.

І замест высновы. Для экспарту нашай народнай традыцыі патрэбны мінімум: элементарная павага да каранёў, што сілкуюць цябе і тваю нацыю. Шкада, але такой павагі іншым разам нам і не стае.

 

У працяг тэмы

На чэрвеньскім пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, як паведамляла “К”, было разгледжана пытанне “Аб стане і перспектывах падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы традыцыйнай мастацкай культуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў”. Згадваліся праблемныя пытанні. У сувязі з гэтым калегія Міністэрства культуры прыняла адпаведнае рашэнне.

Нагадаем, што больш чым з 17 тысяч работнікаў клубных устаноў больш за тры тысячы спецыялістаў-практыкаў — ва ўзросце больш за 55 гадоў. Вышэйшую адукацыю маюць толькі 23 працэнты, сярэднюю спецыяльную — 41 працэнт. А маладым спецыялістам традыцыйнай культуры бракуе практычных навыкаў: выканальніцкага майстэрства, валодання асновамі рэжысуры святаў і абрадаў…

Калегія вырашыла прадугледзець пры распрацоўцы новых навучальных планаў па спецыяльнасцях традыцыйнай культуры павелічэнне колькасці практычных заняткаў і факультатыўных гадзін. Будзе прапрацавана пытанне падрыхтоўкі магістрантаў па спецыяльнасці “Фальклор”. Мяркуецца актывізаваць прафарыентацыю для павелічэння прыёму на адпаведныя спецыяльнасці. Будуць таксама разгледжаны прапановы па стварэнні на базе ансамбля “Гуды” БДУКіМ дударскага аркестра. У планах — і стварэнне вопытных узораў беларускіх музычных інструментаў у навукова-творчай лабараторыі для далейшага ўкаранення іх у вытворчасць.

Будзе падрыхтавана праграма сумесных дзеянняў БДУКіМ і Інстытута культуры Беларусі па арганізацыі і правядзенні мэтавых фальклорна-этнаграфічных экспедыцый. Вырашана таксама стварыць праект міжгаліновай праграмы “Традыцыйная культура і моладзь Беларусі”. Прадугледжана распрацаваць і зацвердзіць тыпавыя навучальныя праграмы для ДШМ па напрамках “Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць” і “Народная творчасць”. На базе Інстытута культуры Беларусі мяркуецца стварыць Цэнтр экспертызы UNESCO па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны і аддзяленне Нацыянальнага інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Вырашана ўнесці прапановы па стварэнні ў Інстытуце культуры Беларусі сектара фестываляў традыцыйнай культуры і этнакультурнага выхавання…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"