Як біліся мехам у Першую сусветную?

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Сёння ў свеце не засталося ніводнага сведкі падзей Першай сусветнай вайны, пачатак якой прыпаў на жнівеньскія дні 1914 года. Тым не менш, захавалася багата дакументальных сведчанняў падзей Вялікай вайны, як яе ў той час называлі.

Па сваіх маштабах і выніках яна сапраўды была вялікай: хаця б таму, што за 4 гады і 4 месяцы ў ёй прынялі ўдзел 38 краін, а самі баявыя дзеянні ахапілі тэрыторыю Еўропы, Азіі і Афрыкі, вяліся на ўсіх акіянах ды многіх марах. У выніку вайны перасталі існаваць Расійская, Аўстра-Венгерская, Асманская і Германская імперыі. Краіны-удзельніцы згубілі каля 10 мільёнаў чалавек забітымі, і каля 20 мільёнаў былі скалечаны.

/i/content/pi/cult/392/7838/14-2.jpeg /i/content/pi/cult/392/7838/14-3.jpeg

Цікавыя матэрыялы, звязаныя з падзеямі гэтай вайны на Беларусі, склалі віртуальную выстаўку “Першая сусветная. На ўсход ад лініі фронту”, падрыхтаваную Цэнтрам Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Перайшоўшы па адпаведнай спасылцы на сайце Цэнтра, можна пазнаёміцца з разнастайнымі рарытэтнымі фотаздымкамі і дакументамі з айчынных музеяў. Да слова, найбольшая колькасць прадметаў прадстаўлена з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага.

На выстаўцы дэманструюцца здымкі Рамана Салаўя, якія датуюцца 1916 — 1917 гадамі. Дзякуючы зафіксаваным фотакамерай імгненням можна ўбачыць салдата, які ў акопе піша ліст з франтавых Паставаў сваім родным; вайскоўцаў, якія не толькі змагаюцца з ворагам на палях бітваў, але і жывуць звычайным жыццём, няхай сабе і ў экстрэмальных умовах: пілуюць дошкі, сушаць парцянкі, з нецярплівасцю чакаюць канцэрт, праводзяць вучэнні, удзельнічаюць у гульні “Бой мехам”… Адзін з фотаздымкаў Рамана Салаўя зафіксаваў, як каля Паставаў, у акопе на беразе Ксяндзоўскага возера, баец нешта занатоўвае ў дзённік. Так і ўяўляецца вобраз Максіма Гарэцкага, які робіць свае накіды для будучага знакамітага твора “На Імперыялістычнай вайне”.

Ствараюць атмасферу таго часу і іншыя адметныя артэфакты: казначэйскія білет “50 копеек” і марка “Николай І”, плакат “Война Россіи съ Турціей”, “Памятка” ад імператрыцы Аляксандры Фёдараўны 1916 года ці тая ж паштоўка “Шелъ австріецъ въ Радзивилы, да попалъ на бабьи вилы”. Прадстаўлены на віртуальнай выстаўцы і жывапіс. Гэта, сярод іншага, творы “Сталовая Мікалая ІI у Стаўцы”, “Кабінет Мікалая ІІ у Царскай Стаўцы ў Магілёве”, а таксама “Сабор у Стаўцы Мікалая ІІ” пэндзля мастака Івана Драпачэнкі.

Экспануюцца віртуальныя копіі прадметаў ca Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава, Мінскага абласнога краязнаўчага музея, Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой”, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, а таксама Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Баранавіцкага краязнаўчага музея.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"