Самы дзіўны завулак Гродна

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Здаецца, што пра старадаўні Гродна мы ведаем ці не ўсё. Аднак, як аказалася, гэта зусім не так.

Пацвярджэннем таму — новая кніга “Гродзеншчына. Частка 1. Гісторыя, краязнаўства, этнаграфія”. Выданне — гэта факсімільнае аднаўленне гістарычных, краязнаўчых і этнаграфічных матэрыялаў, якія выйшлі ў Памятных кніжках Гродзенскай губерні за перыяд з 1860 па 1915 гг. Цікава будзе даведацца, што ў 1909-м у горадзе існаваў “Гарадскі цырк на Акцызнай плошчы”, мылаварны і ручны лесапільны заводы, “Алоўкавая фабрыка купца Эліяшава”, “Дэпо мінеральных вод”, рэктыфікацыйны завод Хрушчова, чыгуналіцейны завод “Файнгольд і К”. Напрыканцы XIX ст. працавала ажно шэсць піваварных заводаў! Пры гэтым меліся заводы як “звычайнага” піва, так і “баварскага”. Нельга не адзначыць і самы дзіўны гродзенскі тапонім: Вар’яцкі завулак — ён існаваў з 1886 па 1913 год.

У сваю чаргу, даведацца пра гісторыю грамадскага транспарту горада можна ў новай кнізе Віктара Саяпіна “Гісторыя грамадскага транспарту Гродна”. Упершыню ў адным выданні праведзена даследаванне ўсіх відаў транспарту горада над Нёманам: ад конных экіпажаў, аўтобусаў і таксі, тралейбусаў, параходаў і цеплаходаў, чыгуначнага транспарту да самалётаў. Аўтар прааналізаваў перыяд ад 60-х гадоў XIX ст. да 80-х ХХ-га. У гэтай кнізе прыводзяцца рэдкія дакументы, раней вядомыя толькі вузкаму колу гісторыкаў і архівістаў. Усяго ж там апублікавана больш за 200 фатаграфій многіх гродзенскіх краязнаўцаў, значная частка якіх прапануецца ўвазе чытачоў упершыню.

Спроба ўзнавіць гісторыю паводак у Гродне, пачынаючы з першай трэці XVIII стагоддзя і да пачатку XXI стагоддзя зроблена ў кнізе Аляксандра Яршова і Віктара Саяпіна “Гродзенскія паводкі ва ўспамінах і фотаздымках”. Такую працу атрымалася зрабіць дзякуючы ўспамінам гараджан, публікацыях у газетах часопісах, архіўным дакументам. У прыватнасці, у кнізе прадстаўлены звесткі пра паводкі ў Гродне 1931-га, 1958-га, 1979 гадоў.

Інэса ІЛЮШЫНА, загадчык інфармацыйна-бібліяграфічнага сектара Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Андрэя Макаёнка