Зрабіце лак a-la французскі…

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Маладыя рэстаўратары на чацвёртым “паверсе” Нясвіжскага замка

Сярод сёлетніх першакурснікаў ВНУ ёсць і тыя, хто стане засвойваць азы рэстаўратарскай справы. Чым жывуць і якія праекты ажыццяўляюць будучыя рэстаўратары ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў? Адказаць на гэтае пытанне дапаможа выкладчык навучальнай установы, беларускі графік Юрый ПАДОЛІН.

— Як мне вядома, сем копій твораў знакамітага італьянскага мастака Джавані Батыста Піранэзі, які жыў у эпоху Асветніцтва, стварылі пад вашым кіраўніцтвам студэнты-рэстаўратары Акадэміі мастацтваў. Яны маюць намер перадаць іх у дар кіраўніку Рымскай каталіцкай царквы…

— Сапраўды, паколькі ў студэнцкай групе сем чалавек, было вырашана зрабіць сем капійных графічных твораў. Студэнты Аляксандра Кімейша, Антон Радзівонаў, Юлія Дранец, Святлана Шавай, Валерыя Вікторчык, Кацярына і Алег Падоліны выканалі копіі ў тэхніцы афорт. І трэба зазначыць, што ўсё рабілі сваімі рукамі: металічныя пласціны, грунтоўку, лакі, ідэнтычныя тым французскім, што ўжываў Піранэзі, наносілі малюнкі, выкарыстоўваючы тэхніку, якой карысталіся майстры ХVIII стагоддзя…

— Першы набор рэстаўратараў у Акадэміі мастацтваў адбыўся чатыры гады таму...

/i/content/pi/cult/392/7836/14-1.jpeg

— Пачыналася ўсё з самага простага — праграм, якія прыняты ва ўсім свеце. У прыватнасці, ужываліся праграмы-мікс, распрацаваныя для падрыхтоўкі рэстаўратараў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве. Большая частка нашай навучальнай праграмы прысвячаецца еўрапейскай школе мастацтва і рэстаўрацыі. Я працую ў рэстаўрацыі больш за трыццаць гадоў. Займаўся аднаўленнем твораў мастацтва ў Італіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі. Таму, ведаю, як кажуць, не па чутках асаблівасці, тэхніку майстроў краін, дзе рэстаўрацыя з’яўляецца развітой індустрыяй.

Прафесар, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Уладзімір Зінкевіч запрасіў мяне працаваць у якасці куратара рэстаўрацыйнага аддзялення, створанага на базе кафедры. Сёння нашы студэнты засвойваюць станковы жывапіс, іканапіс, мазаіку, энкаўстыку, ляўкасную ды іншыя тэхнікі манументальнага мастацтва. На практычных занятках аднаўляюць страчаныя фрагменты мастацкіх твораў з фондаў Акадэміі ці кансервуюць іх.

— Ці ўяўлялі вашы выхаванцы перад пачаткам вучобы, што іх чакае ў працэсе навучання “на рэстаўратара”? Чаму яны абралі менавіта гэтую спецыяльнасць? Напэўна, і адбор быў сур’ёзны?..

 — Адбор і сапраўды аказаўся сур’ёзным. Але для гэтых сямі студэнтаў ён быў цалкам свядомы. Вядома, вучыцца на рэстаўрацыйным аддзяленні няпроста: цягам шасці гадоў неабходна засвоіць велізарны аб’ём ведаў. Разам з вывучэннем тэхнік яны асвойваюць працэс кансервацыі, рэстаўрацыі, прычым не толькі тэарэтычна, але, што самае галоўнае, і практычна. Яны ўдзельнічалі разам з высокапрафесійнымі рэстаўратарамі ў адраджэнні нашых замкавых комплексаў — Мірскага і Нясвіжскага.

— І што ўключала практычная работа на адказных аб'ектах?

— Нам адводзіўся пэўны ўчастак. Мы працавалі на вышыні 3 — 4 паверхаў, рэстаўравалі страчаныя месцы. Побач — метр ніжэй, метр вышэй — віравалі спецыялісты “Белрэстаўрацыі”, выконваючы аналагічную працу. Яны паказвалі, распавядалі маладым рэстаўратарам пра гісторыю, пра тое, што было на гэтым месцы ў пэўныя перыяды, што і як варта рабіць, каб аднавіць іх прыгажосць...

З чаго пачынаецца праца рэстаўратара? З фотафіксацыі твора. Акрамя таго, неабходна правесці ўласную даследчую працу. Трэба знайсці аўтара работы, вызначыць мастацкую школу, яе вучняў, эпоху. У нашай аўдыторыі на сценах можна ўбачыць капійныя творы, зробленыя студэнтамі. Яны іх выканалі так, як выконвалі свае работы іх аўтары. Рэстаўратары-пачаткоўцы падрыхтоўвалі грунты, вызначалі спосаб праклейкі палатна і гэтак далей. У выніку мы маем копіі знакамітых твораў вядомых мастакоў.

— Вы — вядомы графік, стварылі нямала твораў, вядомых у Беларусі і ў іншых краінах. Вы лічыце сябе мастаком або рэстаўратарам?

— Сапраўды, шмат працую ў галіне графікі, з дрэвам, аднаўляю старадаўнія творы мастацтва. Відаць, не аддзяляю сябе ні ад адной, ні ад другой іпастасі...

— А хто быў самым першым вашым настаўнікам?

— Я, як і многія мае калегі, — выпускнік Акадэміі мастацтваў. А першыя мае вопыты як мастака адбыліся ў чатырохгадовым узросце. Аднойчы, пад час рамонту ў кватэры, калі бацькі сышлі на працу, я зразумеў: мой час надышоў... І — прыступіў да размалёўвання свежапафарбаванай сцяны. Прыйшоўшы дадому і ўбачыўшы мае “шэдэўры”, бацькі застылі ў маўчанні. Раніцай мае творы на сценах зніклі. Я падумаў, што мала працаваў, і на наступны дзень узяў крэсла, забраўся на яго і з вышыні стаў маляваць. Бацькам пасля гэтага нічога не заставалася, як адвесці мяне ў дзіцячую студыю. Мне пашанцавала, маім педагогам быў Сяргей Пятровіч Каткоў — заслужаны настаўнік БССР, які выхаваў шмат дзяцей, што сталі пасля вядомымі мастакамі. Яго выкладчыцкі талент быў унікальны. І я ягоную методыку, яго прыёмы, якія дапамагаюць лепшаму запамінанню, выяўленню здольнасцей, імкнуся выкарыстоўваць у сваёй практыцы…

Наталля КІРПІЧЭНКАВА

На здымках: рэпрадукцыі работ Джавані Батыста Піранэзі.