Білет праз Інтэрнэт

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

З 1-га жніўня білеты на спектаклі Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра можна набыць не выходзячы з дому — пры дапамозе інтэрнэт-сістэмы Megamag.

— Мы першы драмтэатр, які займеў падобную магчымасць, — зазначыў карэспандэнту “К” дырэктар установы Ігар Гедзіч, — і, улічваючы той факт, што сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі цяпер шырока выкарыстоўваюцца прадстаўнікамі як маладога, так і сталага пакалення беларусаў, наша акцыя, лічу, цалкам апраўдана.

Як зазначыў кіраўнік тэатра, усталяванне неабходнай тэхнічнай апаратуры не запатрабавала значных фінансавых сродкаў. І ўжо сёння можна сцвярджаць, што на прапанаваную навінку гродзенцы і госці абласнога цэнтра адрэагавалі станоўча: электронных білетаў на тэатральныя прадстаўленні праз Сеціва набываецца ўсё больш і больш. З цягам часу, па перакананні Ігара Гедзіча, колькасць электронных квіткоў будзе толькі павялічвацца, што, безумоўна, станоўча паўплывае на запаўняльнасць залы пад час вечаровых спектакляў і паспрыяе знікненню чэргаў перад касамі ўстановы.