“Magnificat”: плюс дзве краіны

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

3 9 па 13 верасня ў Мінску і на Глыбоччыне пройдзе VIII Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і кінапраграм “Magnificat-2012”. Сёлета ў яго конкурсе будуць прадэманстраваны каля 40 работ з 16 краін свету. Упершыню сярод удзельнікаў кінафоруму з’явяцца кінематаграфісты Азербайджана і Бельгіі.

Як паведаміў “К” нязменны старшыня форуму, беларускі кінадакументаліст Юрый Гарулёў, сёлетні фэст пройдзе пад знакам Дня беларускага пісьменства, сталіцай якога ў 2012-м з’яўляецца Глыбокае. Так, конкурсныя прагляды гэтым разам чакаюцца ў адноўленым раённым Доме культуры. А адным з асноўных пунктаў , якія наведаюць госці фестывалю на Глыбоччыне, стане новая экспазіцыя музея Ігната Буйніцкага ў Поразаве.

Але пачнецца “Magnificat” 9 верасня па традыцыі ў сталіцы, дзе ў Архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі будзе праведзена адкрыццё, а ў Чырвоным касцёле адбудуцца першыя конкурсныя паказы. Наступным днём госці фэсту пераедуць у Глыбокае. Мерапрыемствы “Magnificat-2012” адбудуцца таксама ва Удзеле, Мосары. А ў Івесі, па традыцыі, парк Сяброўства папоўніцца двума дрэўцамі — ад прадстаўнікоў Азербайджана і Бельгіі.

Па словах Юрыя Гарулёва, задача адборачнай камісіі гэтым разам аказалася асабліва складанай, бо колькасць цікавых стужак і тэлепраграм — рэкордная. Таму гледачоў і ўдзельнікаў фэсту ў Мінску і на Глыбоччыне чакае вельмі цікавая праграма, якая ўключае ў сябе конкурсныя і пазаконкурсныя паказы дакументальных стужак, а таксама асобныя паказы анімацыйных стужак, якія пройдуць у раённай бібліятэцы.

Дэвізам “Magnificat-2012”, як і ў мінулыя разы, з’яўляецца біблейскае выслоўе “Ut unum sint” — “Каб усе былі адно”.

С.А.