Золата, срэбра і бронза спадчыны

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

16 жніўня ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу на лепшы прыклад аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Пасяджэнне журы ўзначаліў намеснік міністра культуры Віктар Кураш.

Прадстаўнічай камісіі, у склад якой увайшлі знаныя архітэктары, мастацтвазнаўцы, спецыялісты па ахове спадчыны, былі прадстаўлены дасье на 14 аб’ектаў, якія з’яўляюцца аднымі з лепшых узораў у галіне рэстаўрацыйных і аднаўленчых работ на Беларусі за апошнія гады. Па словах начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, запрашэнні аб удзеле ў конкурсе былі разасланы ўсім абласным упраўленням. У выніку, на пасяджэнні Навукова-метадычнай рады былі адабраны найбольш годныя прапановы. Пры гэтым для забеспячэння роўных умоў паміж канкурсантамі было прынята рашэнне не ўключаць у топ-ліст дзяржаўныя праекты кшталту рэстаўрацыі Нясвіжскага і Мірскага замкаў.

Асноўным жа прынцыпам адбору найлепшых стала вызначэнне якаснай праектнай дакументацыі аб’екта і яе адпаведнасць вынікам работ.

Кожны з прадстаўленых у конкурсе праектаў мае сваю спецыфіку, розныя аб’ёмы фінансавання і, вядома ж, месцазнаходжанне. Так, найбольшая колькасць удзельнікаў конкурсу — восем — прадстаўлялі беларускую сталіцу. Толькі па адным аб’екце — Гомельская, Мінская, Гродзенская і Віцебская вобласці. Два помнікі гісторыка-культурнай спадчыны вылучыла Магілёўшчына, адзін з якіх — адноўленая ратуша ў абласным цэнтры.

Па выніках тайнага галасавання лепшым узорам аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў нашай краіне апошніх гадоў стала старадаўняя сядзіба ў вёсцы Сула Стаўбцоўскага раёна. Дарэчы, у перамозе яе не было сумненняў яшчэ пад час абмеркавання журы. Справа ў тым, што комплекс сядзібы быў рэстаўраваны і прыстасаваны пад турыстычныя аб’екты сіламі выключна мясцовага насельніцтва і пры гэтым — у адпаведнасці з усімі нарматыўнымі патрабаваннямі. Цяпер у будынку колішняга цялятніка размяшчаецца ўтульная гасцініца, замест зернесховішча — кавярня. Акрамя таго многія гістарычныя артэфакты былі сабраны ў музеі “Панскага маёнтка”, экспанатамі для якога падзяліліся жыхары вёскі.

Ганаровае другое месца конкурсу заняў вятрак з Гомельшчыны. Намаганнямі мясцовага фермера быў ён цалкам адрэстаўраваны і, больш за тое, зараз выкарыстоўваецца па сваім прамым прызначэнні. Станоўчую ацэнку атрымаў той факт, што пры аднаўленні страчаных элементаў выкарыстоўваўся матэрыял, аналагічны аўтэнтычнаму.

“Бронзавым” прызёрам стаў мемарыяльны комплекс “Памяці воінаў Першай сусветнай вайны 1914 —1918 гг. па Старавіленскім тракце”, які паўстаў на тэрыторыі колішніх Старажоўскіх могілак. Іх тэрыторыя ўнесена ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у 1998 годзе.

Па словах Віктара Кураша, сёлетні праект — толькі першая ластаўка, а ў будучым плануецца зрабіць конкурс рэгулярным, прадугледзець бюджэт для ўзнагарод пераможцам. Акрамя таго, наступны конкурс будзе мець некалькі намінацый, якія дапамогуць заахвоціць усіх тых, хто па сваёй ініцыятыве ўзяўся за аднаўленне каштоўных для нашай гісторыі аб’ектаў і давёў справу да завяршэння.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"