А цяпер — шансон!

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Канцэрт № 2: не выносім на людзі тое, што “для душы”?

Шансон апошнім часам — не сон. І не шанц. Тым больш, не нейкі там “шанц у сне” — самая трывалая рэчаіснасць. Слоўца “шансон” сёння стала настолькі распаўсюджаным і шматзначным, што часам заблытацца можна ў яго сэнсах. У перакладзе з французскай (а само слова, лічаць, паходзіць з латыні) “шансон” гучыць як “песня”. Проста песня — і больш нічога. Але ж як толькі слова становіцца тэрмінам, тут і пачынаюцца разыходжанні. Хаця да нядаўняга часу іх практычна не было.

 

Сярэднявечча ззяла не вечна

А пачыналася ўсё яшчэ з Сярэднявечча і Адраджэння, з творчасці трубадураў-трувераў-менестрэляў. І шансонам называлі ўсяго толькі французскія песні гэтага часу. Свецкія і духоўныя. Карацей, на розныя тэмы, уключаючы любоўную. А такія ж італьянскія называлі мадрыгаламі, што перакладалася як “песня на матчынай мове”. Ёсць і беларускі аналаг — канты. Звярніце ўвагу: у тыя часы шансон азначаў жанр, а не стыль. Наступны пік папулярнасці слова “шансон” прыпаў на часы Французскай рэвалюцыі. Потым — на мяжу ХІХ — ХХ стагоддзяў. Далей — на 1950-я. Але ўсё гэта — у дачыненні да французскай культуры.

У 1990-я з’явіўся так званы “рускі шансон”, калі замест “Паслухайце блатныя песні” стала гучаць “Паслухайце шансон”. Ну, а з адкрыццём у суседзяў радыёстанцыі (а цяпер і тэлеканала), з заснаваннем радыйшчыкамі 10 гадоў таму нацыянальнай прэміі “Шансон года” на першаснае значэнне слова ўвогуле забыліся.

 

Муры і “Мурка”

Дык што такое шансон сёння? Ды ўсё, што заўгодна. Галоўнае, каб не падпадала пад фальклор, эстраду, класіку, джаз. Стылістыка, адпаведна, — самая простая. Бо галоўнае — дэмакратычнасць. Спевы пра тое, што хвалюе і баліць. Аўтары і выканаўцы выступаюць у адной асобе. Таму адна катэгорыя абірае крымінал, другая — каханне. А можна і “два ў адным”, прыкладам чаго — колішняя “Мурка”. У гэтым сэнсе шансон застаўся верным свайму першаму прызначэнню — абслугоўваць побыт. І калі мы гэта ўсвядомім, тады і зразумеем канчаткова прычыны такой папраўдзе шалёнай папулярнасці.

Сёння, пэўна, шансон значна павялічыўся ў колькасці. І гэта заканамерна. Бо ён стаў справай прыбытковай: сумы ганарараў, што атрымліваюць найбольш вядомыя прадстаўнікі жанру, перавышаюць, часам вельмі значна, “эканамічныя паказчыкі” самых раскручаных эстрадных зорак. Але колькасць не заўсёды пераходзіць у якасць.

Адзін з самых блізкіх папярэднікаў сучаснага шансона — так званая аўтарская песня, што абавязана сваім нараджэннем 1960-м і пакаленню “шасцідзясятнікаў”, а сярод “класікаў” мае Уладзіміра Высоцкага. Асаблівасць жанру — перавага паэтычнага складніка над музычным, а ў самой літаратурнай аснове — незашмальцаваныя тэмы, трапныя словы, глыбокі сэнс.

У цяперашнім шансоне ад усяго гэтага засталася, мабыць, другасная роля музыкі. Дадайце сюды такую ж другасную ролю слоў: ці штосьці зусім не літаратурнае, ці штосьці, зноў-такі, да болю пазнавальнае — з разраду “я гэта ведаю”. Усё гэта, дарэчы, — недахопы і расійскай (а з ёй і беларускай) эстрады. Толькі поп-зоркі намагаюцца прыхаваць свае хібы аранжыроўкай, іншымі гукавымі эфектамі, а таксама прыгожым “малюначкам”: знешнасцю выканаўцы, падтанцоўкамі, а то і цалкам пастаўленым выйгрышным нумарам. Дый самі песні часцей схіляюцца да гучных-хуткіх-танцавальных, чым да ціхіх-”спавядальных”.

Апошнім і прыцягвае шансон. Калі мастацтва дэманструе тое, на што не здольны астатнія, дык шансон, наадварот, быццам прапаноўвае: маўляў, рабі, як мы — ты гэта зможаш без праблем. Карацей, побыт. І гэтае адно слова, між іншым, тлумачыць усё астатняе. Найперш, ту шалёную, неверагодную, папраўдзе “народную” папулярнасць шансона, з якой не могуць параўнацца іншыя жанры эстрады.

 

Вам “як гасцям” ці “як сабе”?

“Карцінка”, што называецца, з натуры. Фальклорны фестываль. Удзельнікі спраўна выконваюць падрыхтаваныя нумары. Выступаюць заўзята, з натхненнем і любоўю — можна сказаць, жывуць народнымі песнямі. Сышоўшы са сцэны і нават не пераапрануўшыся, запрашаюцца на фуршэт для гасцей і ўдзельнікаў. І тут пачынаецца “канцэрт № 2”. Нічога з таго, што гучала колькі хвілін раней. Адно шансон.

Для параўнання — яшчэ адна замалёўка. Іспанія. Выхадны. Народ выпраўляецца за горад. Сем’ямі. З усімі наступствамі, уключаючы вогнішча ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Пасля частавання ў рукі бярэцца гітара (падкрэслю, звычайная акустычная гітара, а не магнітафон ці плэер з калонкамі) — і пачынаюцца, як кажуць у такіх выпадках, “танцы-шманцы на палянцы”. Але — ніякай звыклай “дыскатэкі”, бо моладзь і дзеці танчаць… народныя танцы. Дарослыя дапамагаюць ім правільна засвоіць асноўныя рухі, якія потым складаюцца ў больш ці менш мудрагелістыя, у залежнасці ад майстэрства, імправізацыі. Гэта — для душы, для сябе.

Яшчэ адно назіранне — з Літвы. Наша ўдзельніца маладзёжнага летняга лагера, што быў сумесным беларуска-літоўскім праектам, надта хутка вяртаецца з начной дыскатэкі. Не проста незадаволеная, а яшчэ і раззлаваная: “Падманулі! Гэтыя літоўцы адно свае карагоды водзяць. Ды ад нас чакаюць, што мы ім штосьці “фальклорнае” будзем скакаць. Абяцалі ж — дыскатэку!”

Падобныя фальклорныя дыскатэкі здараюцца і ў нас, але гэты рух яшчэ толькі пачынае сваё распаўсюджванне. Ды ўсё ж надта “разведзены” ў нас у розныя бакі фальклор і побыт. Бы штосьці зусім несумяшчальнае. Фальклор — для сцэны, для адпаведных фестываляў і іншых святаў. Шансон — для душы. Вось і атрымліваецца рэзкі падзел на тое, што “сабе”, а што “людзям”. Усё быццам бы ў адпаведнасці з нашай ментальнасцю, калі гасцям выстаўляецца ўсё самае лепшае, а сабе — што застанецца. Няўжо ж нельга неяк сумясціць? Каб “сабе” было тое ж, што і людзям?

Насамрэч, прыклады такога “сумяшчэння” ёсць. Беларускі класік Рыгор Пукст у адным з квартэтаў працытаваў больш чым сумнеўную па савецкіх часах песеньку “Цыплёнок жареный”. Але ж як па-майстэрску, з якім непрыхаваным гумарам ён гэта зрабіў! Запіс твора і дагэтуль захоўваецца ў фондах радыё як класічны рарытэт. Дый расійскі Хор Турэцкага больш як дзесяцігоддзе таму зрабіў папраўдзе філігранную апрацоўку “Муркі” — цукерка, дый толькі! Але апошнім часам з’яўляюцца такія “тэндэнцыі сінтэзу”, што не на жарт насцярожваюць.

 

Шансон і фолк — адно і тое ж?

Не так даўно наша тэлебачанне пачало новы цыкл праграм — “Наперад у мінулае!”. Вядучыя выпраўляюцца ў “фальклорную экспедыцыю” — і адну са знойдзеных народных песень “вяртаюць у народ” у выглядзе сучаснай эстраднай апрацоўкі. Уласна кажучы, сама “методыка” такога збіральніцтва працягвае традыцыі, закладзеныя фалькларыстамі і кампазітарамі ХІХ стагоддзя: сабраў, апрацаваў, “вярнуў”. Розніца хіба ў стылістыцы. І вось тут пачынаецца самае цікавае! Сярод вялізных фальклорных пластоў кампазітары-рамантыкі абіралі, найперш, песні з ярка выяўленай мелодыяй — чым больш працяглай, тым лепей. Творцы ХХ стагоддзя звярталіся, наадварот, да як мага больш старадаўніх прыкладаў, заснаваных на сціслых папеўках і іх “магічных” паўторах. Што ж адшукалі ў адной са згаданых праграм?

Па-першае, фальклор збіралі ў… адным з сучасных аматарскіх калектываў, рэпертуар якога можа выклікаць пытанні. Па-другое, сярод песеннай “спадчыны” выбар спынілі на песні, што ўжо сама па сабе блізкая да шансона. І шляхам далейшай апрацоўкі канчаткова зрабілі з яе… шансон. Не паверыўшы сваім вушам, я паасобку звярнулася да некалькіх прафесійных этнамузыколагаў, кандыдатаў ды дактароў навук. Праспявала ім абраную ў праграме “народную” мелодыю і папрасіла вызначыць, да якой групы фальклорных твораў можна яе аднесці.

— Дык гэта не фальклор! — адказалі яны мне ў адзін голас. — Штосьці падобнае назіраецца заўсёды. Толькі раней, прыязджаючы да бабулек, можна было часам пачуць ад іх песні з рэпертуару… Алы Пугачовай — вядома, перайначаныя, з іншымі словамі, у а-ля народнай, так бы мовіць, “апрацоўцы”. І з амаль абавязковым каментарыем: маўляў, гэта яшчэ мая прабабка спявала. Цяпер жа Пугачову замяняе шансон. Прычым часцей за ўсё выявіць “плагіят” бывае вельмі складана: у песні “цытуюцца” не працяглыя фрагменты мелодыі, а хіба толькі асобныя фразы, меладычныя ходы. “Канструкцыя” складаецца быццам бы новая, але — цалкам з распаўсюджаных сёння “цаглінак”, што складаюць так званы “музычны слоўнік эпохі”.

Так што — маем тое, што маем. Памятаю, як на адзін з фэстаў беларускай камернай музыкі везлі цэлы “рафік” навукоўцаў. Не паспеўшы ад’ехаць ад сталіцы, вадзіцель уключыў на ўсю моц музыку — вядома, шансон. Прафесура паспрабавала гэтак мякка, інтэлігентна прасіць, каб той выключыў гэты “крымінал” — ва ўсіх сэнсах слова. Ці замяніў бы яго на штосьці іншае. Ці хаця б проста сцішыў. Вадзіцель спыніў машыну і запытаў: “Вы хочаце даехаць нармальна ці з аварыяй?” Дарэчы, у адной з рэспубліканскіх газет за подпісам “Вадзіцель” была змешчана дасланая ў рэдакцыю падзяка, што транслявалі канцэрт шансона са “Славянскага базару ў Віцебску”. Але ж па тэлебачанні паказвалі і многае іншае з гэтага фестывалю, мноства куды больш цікавых, па-мастацку вытрыманых праграм.

Дык у чым выйсце? Ці нам так і наканавана жыць у “эпоху шансона”? Сапраўды, змагацца з ім — безвынікова. Бо ўсюдыісны "рускі шансон", “падчэплены” нашымі музыкантамі, гатовы захапіць усю культурную прастору. Але ён — усяго толькі наступства, а зусім не першапрычына. Спецыялісты кажуць, справа ў чалавечай псіхалогіі, схільнай рабіць сенсацыю на крымінальных і любоўных тэмах. А яшчэ прычына — у агульным культурным узроўні.

Так што галаўным болем у такіх умовах павінны стаць нашы дзеці. І тая гукавая аўра, што іх ахінае. Бо калі з маленства яны будуць чуць адно “шансонавы фолк”, дык наўрад ці надалей змогуць успрымаць музыку ва ўсім кангламераце разнастайных жанраў і стыляў, накіраваных на штосьці сапраўды “разумнае, добрае, вечнае”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"