“Песняры зямлі беларускай”

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Выстаўка “Слова Коласа яднае” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску прайшла ў Віцебскім літаратурным музеі. Гэтая экспазіцыя — адзін з этапаў вялікага творчага праекта музея “Песняры зямлі беларускай”, прымеркаванага да святкавання 125-годдзя народных паэтаў Якуба Коласа і Янкі Купалы.

 /i/content/pi/cult/135/782/Na-ludnym-mescy1.jpg
На выстаўцы можна было ўбачыць лісты,
першыя выданні кніг, зборнікі твораў Я.Коласа на замежных мовах, экспазіцыю па спектаклі “Сымон-музыка” і асабістыя рэчы народнага паэта. Вобразы роднага краю, партрэт Коласа пэндзля Уладзіміра Сулкоўскага таксама былі прывезены сюды са сталіцы. Мастак у сваіх карцінах дасканала ўзнавіў куточкі прыроды, хаты, вёскі, каб, знаёмячыся з імі, мы маглі прайсціся пуцявінамі народнага паэта.
Цікава прайшла прэзентацыя выстаўкі, у якой узялі ўдзел артысты коласаўскага тэатра.У рамках праекта “Песняры зямлі беларускай” у залах музея дэманстраваліся яшчэ некалькі выставак.
Віцебшчына ў лёсах народных Песняроў была прадстаўлена ў аднайменнай экспазіцыі, праз экспанаты якой раскрывалася сувязь паэтаў з нашым краем, з коласаўскім тэатрам. Цікавы, напрыклад, той факт, што ў 1903 годзе Якуб Колас прыязджаў у вёску Сані (зараз — Талачынскі раён) і працаваў там настаўнікам, а Янка Купала ў гэтым жа годзе — у вёску Беліцы (зараз— Сенненскі раён), дзе працаваў прыказчыкам. Будучыя класікі жылі за 20 км адзін ад аднаго на працягу 4 месяцаў. На выстаўцы можна было ўбачыць фотаздымкі пісьменнікаў тых гадоў...
Адна з частак праекта — экспазіцыя “Нам засталася спадчына” — супастаўляла жыццёвыя і творчыя шляхі абодвух Песняроў, у ёй былі прадстаўлены фотаздымкі, дакументальныя кнігі, этнаграфічны матэрыял.“Янка Купала ў дыялогу культур” — яшчэ адна старонка вялікага праекта, якая ўяўляла сабой выстаўку тэматычных плакатаў, распрацаваных да 125-годдзя паэта з выкарыстаннем фотаматэрыялаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Песняра ў Мінску. Праз згаданыя плакаты можна прасачыць сувязь купалаўскай творчасці з рускай, украінскай, польскай культурамі. На выстаўцы можна было паглядзець і дакументальны фільм пра паэта.
Тэматычныя выстаўкі, прысвечаныя святкаванню ўгодкаў народных Песняроў, працавалі ў Віцебску да 3 лістапада — дня нараджэння Якуба Коласа. А на сам гэты дзень у віцебскім тэатры, які з 1944 года носіць імя пісьменніка, запланаваны святочны канцэрт.У Літаратурным музеі з мэтай ушанавання памяці Коласа і Купалы сёлета праводзіліся вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі, экскурсіі для вучняў, студэнтаў, творчага асяродку Віцебска.

Таццяна САЛАЎЁВА
Віцебск
На здымкy: экспазіцыі выстаўкі“Слова Коласа яднае”.