Коды трыенале

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Усебеларуская выстаўка сучаснага мастацтва атрымала новую назву "Першае мінскае трыенале сучаснага мастацтва “БелЭкспаАрт-2012”. “На сёння — гэта галоўная навіна, — адзначыў куратар трыенале Аляксандр ЗІМЕНКА. — Кіраўніцтва краіны падтрымала ідэю трансфармаваць адзінкавую выстаўку ў падзею, якая будзе ладзіцца раз на тры гады ў сталіцы. І гэта вялікі крок наперад”. Тэрміны правядзення выстаўкі перанесены на канец лістапада 2012-га. Адказнасць за галоўную падзею года ў сферы культуры ўзяў на сябе Цэнтр сучасных мастацтваў. Каб разабрацца ў тым, на якім этапе зараз работа над трыенале, і што мы на ім убачым, “К” звярнулася да Аляксандра Зіменкі, які, скарыстаўшыся кінапрыёмам прасоўвання прадукту, распавёў нам хутчэй слоўны “тызер”, а не паўнавартасны “трэйлер” будучай выстаўкі…

/i/content/pi/cult/391/7817/6-1.jpeg

— Аляксандр, каб расставіць кропкі над “і”: хто ж уваходзіць у каманду трыенале?

— На сёння я з’яўляюся куратарам праекта, але адказвае за выстаўку Цэнтр сучасных мастацтваў. Яго дырэктар Віктар Альшэўскі з’яўляецца і камісарам трыенале. У задачы куратарскай групы ўваходзіць адбор аўтараў, візуальнае рашэнне выстаўкі. Віктар Уладзіміравіч кіруе арганізацыйнымі і адміністратыўнымі пытаннямі.

Але ўсё, вядома, пачалося з конкурсу канцэпцый выстаўкі, які быў абвешчаны Міністэрствам культуры ў лютым гэтага года. Я заняў на ім другое месца пры розніцы ў адзін бал з пераможцам — Алегам Ладзісавым. Але паколькі Алег Іванавіч адмовіўся ад увасаблення сваёй ідэі, магчымасць рэалізаваць сваю канцэпцыю з’явілася ў мяне. На дадзены момант разам са мной у куратарскай групе працуе некалькі аднадумцаў, сярод якіх такія спецыялісты, як мастацтвазнаўца Вольга Каваленка, спецыяліст Інстытута культуры Беларусі Вольга Дзмітрыева, якая была задзейнічана ў падрыхтоўцы да Венецыянскага біенале…

— У чым заключаецца ваша бачанне канцэпцыі выстаўкі?

— У заяўцы гучала наступнае: сучаснае мастацтва — сінтэз новых ідэй і тэхналогій. Маё прынцыповае перакананне: не ўсё, што сёння называецца ў Беларусі сучасным мастацтвам, насамрэч ім з’яўляецца. Адно тое, што мастак жыве і стварае ў сённяшнім часе, зусім не азначае, што ён прадстаўнік сучаснага мастацтва. Вырашальным фактарам у выбары работ на выстаўку для мяне з’яўляецца прысутнасць менавіта гэтых момантаў — новых ідэй або новых тэхналогій. Выкарыстанне тых жа новых матэрыялаў, відаў, жанраў, відэа-арт, лічбавыя тэхналогіі, сінтэтычныя віды мастацтва, або новыя ідэі, рэалізаваныя праз традыцыйнае мастацтва — жывапіс, скульптуру, графіку і г.д. Галоўнае тут — інавацыйны змест, погляд з новай перспектывы, новае асэнсаванне вядомых паняццяў.

На жаль, сёння мы не можам казаць пра тое, што ў нас ёсць імёны, якія прэтэндуюць на, так бы мовіць, сусветныя інавацыі, але маем аўтараў, хто першымі ў межах рэспублікі пачыналі выкарыстоўваць незвычайныя матэрыялы, спрабавалі штосьці новае. І я хачу пазнаёміць з імі публіку.

— Мне падаецца, што сама ідэя нараджае спосаб выказвання, адпаведную думцы мову, форму. Ці не так?

— З аднаго боку, вы маеце рацыю, але калі ўважліва прааналізаваць гісторыю выяўленчага мастацтва, можна ўбачыць, што мастакі выказваліся на зусім невялікі пералік тэм: міжасабовыя стасункі, экзістэнцыйныя пытанні, асэнсаванне гістарычных падзей… Колькасць сюжэтаў у мастацтве — зусім невялікая, прынцыповым з’яўляецца яго — сюжэта — раскрыццё. Да прыкладу, сённяшні мастак можа ўзяць біблейскую прытчу і выкласці яе ў манеры майстроў Адраджэння. Але ці будзе тое сучасным мастацтвам? Мне падаецца — не. Гэта — дэманстрацыя майстэрства аўтара, аднак не яго новай ідэі. А можна прачытаць той жа біблейскі сюжэт у суперрэалістычнай жывапіснай манеры — і твор адразу набывае актуальнае гучанне.

Што ж да навізны тэхналогій, дык гэты момант таксама вельмі сур’ёзны. Сёння для аўтара адкрыліся новыя шляхі ў гэтым кірунку: у тыя ж 1950 — 60-я выкарыстаць тэлевізар у інсталяцыі было справай нялёгкай. Тэлевізійная скрыня каштавала дорага і важыла істотна. Сёння тое, што можна рабіць з экранамі, паверхнямі, пакрыццямі, пластыкам, дае мастаку яшчэ і яшчэ дадатковыя магчымасці для ўвасаблення ідэй.

— Акрамя патрабаванняў да твораў, канцэпцыя прадугледжвае пэўную тэму работ?

— Мой праект было прапанавана рэалізаваць з улікам пэўных момантаў канцэпцыі Алега Ладзісава, а яе аснова — зварот да 20-х гадоў ХХ стагоддзя, калі зараджаўся авангард на Беларусі. Ён хацеў паказаць пераемнасць пакаленняў, тое, што сучаснае мастацтва ўзнікла ў нас не на пустым месцы. Але зрабіць рэтраспектыву за амаль 100 гадоў — справа немагчымая за такі кароткі тэрмін. Таму было вырашана паспрабаваць паказаць працэс развіцця сучаснага мастацтва ў Беларусі пачынаючы з 1991 года — за 20 гадоў незалежнасці дзяржавы. Падкрэслю, сучаснага мастацтва, contemporary art.

— Хто з мастакоў прыме ўдзел у выстаўцы?

— Дакладна казаць пра творы і нават пра канкрэтныя імёны яшчэ зарана. Вядзецца работа ў гэтым рэчышчы: ладзяцца сустрэчы з аўтарамі, абмяркоўваюцца пэўныя варыянты, але дакладна сказаць вам, хто прыме ўдзел у выстаўцы, пакуль не магу.

— Уладзімір Цэслер, Артур Клінаў, Сяргей Кірушчанка… — магчыма, можна назваць хоць некалькі імёнаў?

— Магу сказаць толькі тое, што імёны такога ўзроўню абавязкова будуць прадстаўлены. Адбор вядзецца, паўтаруся, абапіраючыся не на рэгаліі і званні, а на тое, наколькі творы мастака адпавядаюць агучанай вышэй канцэпцыі, наколькі яго працы сталіся знакавымі для апошніх 20 гадоў, пакінулі след у гісторыі беларускага мастацтва. На дадзены момант наша куратарская група пабывала ў шматлікіх майстэрнях. Многія аўтары з вялікім энтузіязмам паставіліся да выстаўкі. Не забыліся мы і на рэгіёны. Несталічныя мастакі абавязкова будуць на трыенале: сёння мы ўвесь час знаходзімся ў раз’ездах. І абавязкова новыя імёны. У першую чаргу мы звяртаем увагу на моладзь, бо хочам адкрыць і паказаць новую генерацыю.

Наша галоўная задача — знаёмства гледача з беларускімі мастакамі, іх пошукамі і дасягненнямі ў сучасным мастацтве. І таму тут нам ніяк не абысціся без знакавых і этапных твораў. Але на выстаўцы будуць і працы, якіх да гэтага часу публіка не бачыла. Мы просім аб гэтым мастакоў: стварыце штосьці новае. Безумоўна, нам хочацца паказаць такія творы і формы, каб не ўзнікла адчування збітасці: маўляў, усё гэта мы бачылі ўжо шмат разоў. І арыентуемся мы, адзначу, на шырокія масы, а не на вузкае кола спецыялістаў. Аднак без істотных прац для разумення кантэксту — нам ніяк. Да прыкладу, без твораў таго ж Міколы Селешчука, якога сёння ўжо няма з намі.

— Ці будзеце вы прыцягваць да ўдзелу беларускіх мастакоў, якія працуюць за мяжой?

— Так, і сёння з імі вядуцца перамовы. Тэрытарыяльнае размяшчэнне беларускіх аўтараў, на мой погляд, не з’яўляецца прынцыповым. Яны выраслі, выхоўваліся, атрымалі адукацыю тут, і, нягледзячы на тое, што працуюць і рэалізоўваюцца сёння ў іншых краінах свету, па-ранейшаму застаюцца нашымі мастакамі. І мы будзем вельмі рады, калі атрымаецца вырашыць усе пытанні па фінансаванні іх працы, транспарціроўцы работ. Паўтаруся, мы імкнёмся прадставіць беларускае мастацтва па максімуме.

— А што да замежных удзельнікаў?

— Мы не адмаўляемся і ад гэтага кірунку, але калі і будуць замежныя аўтары — дык літаральна адзінкі. Бо мне падаецца больш мэтазгодным на Першым трыенале прадставіць менавіта айчынных жывапісцаў, фатографаў, скульптараў, графікаў, артыстаў перформансу, музыкантаў і г.д., чым замежных. Калі дзякуючы Мінскаму трыенале беларускі глядач даведаецца пра беларускае сучаснае мастацтва на прыкладзе аўтараў і іх твораў — буду лічыць сваю задачу выкананай. Бо ў першую чаргу публіка павінна дазнацца пра тое, што адбываецца ў яе краіне, у ейным мастацкім полі. Але, вядома, фармат наступных трыенале можа і павінен быць іншым.

Плануем запрасіць на Першае мінскае трыенале замежных экспертаў: мастацтвазнаўцаў, галерыстаў — побач з беларускімі спецыялістамі. Каб даць магчымасць на базе выстаўкі арганізаваць дыскусійную пляцоўку і вызначыць перспектывы, шляхі развіцця беларускага сучаснага мастацтва. Мы цудоўна разумеем, што падобныя гутаркі, абмеркаванні — неабходная частка трыенале. І хачу падкрэсліць, што зацікаўлены ў самых розных пунктах погляду на нашу працу і працэс развіцця сучаснага мастацтва ў краіне.

— Аляксандр, не магу не спытаць вас і пра істотны момант рэалізацыі вашых ідэй — фінансавы. Наколькі рэальнай яна падаецца?

— На гэты праект Міністэрства культуры выдаткоўвае дастаткова вялікія грошы, але агучваць суму я не стану. Вядома, нам цяжка "цягацца" з такімі фестывалямі, як "Славянскі базар у Віцебску", "Лістапад". Але падтрымка, якую аказвае Міністэрства культуры нашаму форуму, — вельмі сур'ёзная. Магу адзначыць, што менавіта міністр культуры даў назву трыенале — і гэта не адзіны прыклад яго ўвагі да праекта.

Акрамя таго, Цэнтр зацікавіў і некалькіх буйных спонсараў, што ўсяляе аптымізм. Скажам, адзін банк выдаткоўвае сродкі на каталог трыенале. Не адмовіўся ад падтрымкі праекта і горад, за што мы вельмі ўдзячныя. Натуральна, сітуацыі, калі дапамогі замнога, — няма. Раптам хтосьці, прачытаўшы гэты артыкул, зацікавіцца ва ўдзеле? Вядома, мы гатовы разгледзець варыянты супрацоўніцтва.

— Як пакараецца прастора “Белэкспа”, плошча якой каля 3 000 м2?

/i/content/pi/cult/391/7817/6-2.gif

— Мы імкнёмся максімальна яе выкарыстоўваць. Наша задача — фарміраванне новага выставачнага асяродка, і над гэтым працуе група спецыялістаў. Распрацавана некалькі праектаў. Адзін з іх — мадэль асіметрычнай выставачнай прасторы з выявай QR-кода ў аснове, які вам зараз і пакажу. Аднак, зноў-такі, гэта варыянт не адзінкавы.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Фота Юрыя ІВАНОВА

На здымках: Аляксандр Зіменка; варыянт арганізацыі экспазіцыі ў выглядзе QR-кода.

 

Дарэчы

“Адзін з арт-аб'ектаў — БелАЗ”

Віктар АЛЬШЭЎСКІ, дырэктар Цэнтра сучасных мастацтваў:

— Безумоўна, выстаўка — адзін з самых маштабных мастацкіх праектаў за апошнія гады. І наша задача — сабраць самых розных прадстаўнікоў мастацтва і прадэманстраваць на прыкладзе іх твораў сучасную культуру і мысленне.

Сёння я ўвесь час у раз’ездах, кожны дзень — сустрэчы. Магу падзяліцца інфармацыяй, што ў якасці аднаго з арт-аб’ектаў выстаўкі плануецца самазвал БелАЗ — адзін з сімвалаў прамысловасці і часу. Як ён будзе абыграны — не скажу, але старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура з цікавасцю выслухаў прапанову і абяцаў дапамагчы з прадастаўленнем беларускага “гіганта”. І гэта — далёка не апошні сакрэт выстаўкі.

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"