Беларускія амазонкі з мінулых эпох

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Ці стануць колішнія шляхецкія сядзібы прывабнымі турыстычнымі аб’ектамі?

(Заключэнне. Пачатак у № 31 — 32.)

З месцамі начлегу ў Баранавіцкім раёне — проста бяда. Падчас велавандроўкі пераканаліся ў гэтым на ўласнай скуры. Гатэляў на нашым маршруце не знайшлося ўвогуле. Некалькі аграсядзіб альбо аказаліся бітком набітымі (сезон!), альбо не гарэлі жаданнем “працаваць па дробязях” (што сведчыць пра поўную адсутнасць канкурэнцыі).

Таму давялося ўключыць у наш маршрут самі Баранавічы — хаця, па шчырасці, гэты вялікі прамысловы горад не надта ўпісваўся ў яго рэчышча. Ды і тут, як выявілася, узніклі праблемы. “Да канца месяца нават і не турбуйце”, — чулі мы ў слухаўку ад гатэльных адміністратараў. І гэта пры тым, што цэны ўжо паспяхова дагналі ўзровень сярэднееўрапейскіх... Тое самае тычылася і “кватэр на суткі”. Адным словам, ледзь выкруціліся.

На гэтым фоне існаванне ў Баранавіцкім раёне ажно чатырох шляхецкіх палацаў — шыкоўных, але закінутых ды незапатрабаваных — падаецца, прынамсі, вельмі дзіўным. Не варта і казаць, што пры пэўных высілках у іх маглі б размясціцца такія неабходныя для падарожных невялічкія гатэльчыкі, з’явіцца якая іншая турінфраструктура... Але стаць прывабнымі інвестпраектамі старадаўнія сядзібы пакуль так і не здолелі.

Шыльду павесіць — проста...

Прыкладна на паўдарозе з Ляхавічаў у Баранавічы зрабілі прыпынак у вёсцы Дарава. Справа ад трасы — прыгожы касцёл, злева — старыя каталіцкія могілкі. Як распавёў наш спадарожнік і гід Сяргей Чарановіч, яшчэ гадоў дзесяць таму на іх узвышаўся і помнік філосафу Фларыяну Бохвіцу, размешчаны на фамільным некропалі. Гісторыя яго знікнення і сёння ўтрымлівае адны гіпотэзы.

/i/content/pi/cult/391/7811/1-1.jpg

Далей мы працягнулі вандроўку па землях гэтага роду — цяпер ужо не ў Ляхавіцкім, а ў Баранавіцкім раёне. Сядзіба ў вёсцы Паўлінава з’явілася амаль адначасова з фларыянаўскай. Палац быў збудаваны ўсяго за паўгода, але пры гэтым ён стаў сапраўдным шэдэўрам сядзібнай архітэктуры — з арыгінальнай асіметрычнай планіроўкай і шыкоўным неагатычным дэкорам (“фірмовай фішкай” Яна Отана Бохвіца). Калі ў Фларыянаве ўражвае толькі галоўны фасад, дык паўлінаўскі палац можна аглядаць з усіх бакоў ды ў розных ракурсах.

Пад’ехаўшы да гэтага цуда па старой алеі канадскіх таполей, убачылі карціну з шэрагу “знарок не прыдумаеш”. Стары палац стаіць закінуты, з пашчэрбленай тынкоўкай на фасадзе і дзвярыма наросхрыст. Яго тэхнічны стан па-ранейшаму адносна някепскі, а вось санітарны — проста жахлівы. Затое будыніна побач з ім выглядае нібыта новая ды красуе сваімі сілікатнымі блокамі і шклопакетамі. А на ёй вісіць шыльда — “Гісторыка-культурная каштоўнасць”!

Сваімі абрысамі гэты будынак нагадвае колішнюю стайню Бохвіцаў, фота якой змешчана ў выданні Дзяржспісу гісторыка-культурных каштоўнасцей. Але і адрозненні можна знайсці нават няўзброеным вокам. Возьмем хаця б праёмы вокнаў... Таму шараговаму турысту адразу і не зразумець, што ж перад ім знаходзіцца — прыклад агрэсіўнай рэстаўрацыі альбо ўвогуле навадзел.

Аглядаючы сядзібу, заўважаем руіны на месцы яшчэ аднаго яе складніка — былога кароўніка. Некаторыя фрагменты сцен былі разбураны, некаторым “даравана жыццё” — мабыць, дзеля выкарыстання ў новай пабудове, на якую таксама павесяць шыльду. Натуральна, у нас адразу паўстала пытанне: што ж сёння адбываецца ў Паўлінаве?

/i/content/pi/cult/391/7811/1-2.jpeg

На першы погляд, можа падацца, быццам палац не мае рэальнага гаспадара — прынамсі, мы патрапілі туды бесперашкодна і ніякіх мер па захаванні будынка на свае вочы не заўважылі. І таму са здзіўленнем потым даведаліся, што насамрэч гаспадар ёсць. Ужо сёмы год сядзібай валодае прыватны мінскі інстытут. Менавіта па яго ініцыятыве была праведзена “рэстаўрацыя” стайні. І вось не так даўно ўласнік прадаў частку комплексу (разам з тым самым кароўнікам) расійскаму прадпрымальніку. У той самы час парк, а таксама яшчэ адна вельмі цікавая пабудова — трохкутная лядоўня з арыгінальнай гонтай — засталіся на балансе сельсавета. Адпаведна, сёння маёнтак Яна Отана Бохвіца падзелены паміж трыма ўласнікамі. І бяды ў тым, можа, і не было б, але...

— Падзел аднаго аб’екта паміж рознымі ўласнікамі не супярэчыць айчыннаму заканадаўству — вядома, у тым выпадку, калі ён захоўвае сваё цэласнае аблічча, — патлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэпублікі Беларусь Аксана Сматрэнка. — Іншая справа — каб кожны ўласнік дзейнічаў у адпаведнасці з заканадаўствам.

Як адзначыла загадчык сектара згаданага ўпраўлення Наталля Хвір, Міністэрства ўжо звяртала ўвагу на ход работ у Паўлінаве. Пасля першага прадпісання ажыццёўлены тры крокі, якія мае зрабіць кожны ўласнік помніка спадчыны: усталяванне ахоўнай дошкі, распрацоўка праекта ахоўных зон і вызначэнне навуковага кіраўніка— архітэктара-рэстаўратара Вадзіма Глінніка. Аднак...

 

/i/content/pi/cult/391/7811/1-3.jpeg

 — Да тых работ, якія праводзіліся ў сядзібе, я не маю ніякага дачынення, — сказаў ён. — Мяне ніхто і не запрашаў. Не так даўно я завітаў на аб’ект па ўласнай ініцыятыве, выпадкова пазнаёміўся там з новым уласнікам кароўніка і, карыстаючыся нагодай, патлумачыў яму парадак правядзення работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях. Але да паразумення мы, здаецца, так і не прыйшлі.

Пабываўшы ў Паўлінаве, архітэктар зафіксаваў і яшчэ адно парушэнне: несанкцыянаваную высечку дрэваў у старым парку. У адказ уласнік недаўменна паціснуў плячыма, сцвярджаючы, быццам тыя дрэвы з’явіліся ўжо за савецкім часам.

 — Я бачыў старыя пні і таму маю падставы ў гэтым усумніцца, — запярэчыў навуковы кіраўнік. — Ды і ў любым выпадку дазвол патрэбны. А набыццё ва ўласнасць помніка спадчыны зусім не азначае, што ім можна распараджацца як заўгодна.

Тут варта звярнуць увагу на дзве акалічнасці. Па-першае, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці адна з найпрыгажэйшых сядзіб Беларусі набыла толькі ў 2008 годзе, а рэканструкцыя стайні пачалася раней. Адпаведна, фармальныя падставы вінаваціць уласніка могуць з’явіцца толькі ў тым выпадку, калі ўдасца даказаць, што работы там вяліся і пасля надання статуса.

І па-другое... Варта адзначыць, што напалову зруйнаваны новым уласнікам кароўнік — гэта досыць спрэчная частка комплексу. Яго “радаслоўная” дэталёва невядомая. Тым больш, у савецкі час гістарычная забудова сядзібы была разбаўлена больш сучаснай.

— Аднак гэтая пабудова ўключана ў Дзяржаўны спіс, яна знаходзіцца ў межах комплексу, і таму правядзенне работ на ёй без адмысловых даследаванняў катэгарычна недапушчальнае, — кажа Вадзім Гліннік. 

У красавіку Наталля Хвір выправілася ў Паўлінава з праверкай. Вынікам стала чарговае прадпісанне. Спецыяліст прапанавала мясцовым уладам прыцягнуць уласнікаў аб’екта да адміністратыўнай адказнасці. Але пакуль гэтага не адбылося.

У адказ на прадпісанне ўласнік кароўніка накіраваў у Міністэрства культуры краіны ліст з наступнымі пасажамі: “Будынак, які вы ахоўваеце, знаходзіцца ў напаўаварыйным стане […]. Хачу паведаміць вам, што неабходна закрыць доступ да будынка, забіць вокны і дзверы, паколькі працягваецца раскраданне і пашкоджанне будынка”. Тут, як кажуць, каментарыі залішнія. Маўляў, хочаце ахоўваць мой будынак — ахоўвайце!

Прававую ацэнку падзеям у Паўлінаве неўзабаве павінны даць органы пракуратуры — праверка там ужо вядзецца. Але ўся гэтая мітрэнга непаразуменняў прыкрывае самае важнае пытанне, якое тычыцца лёсу неагатычнага палаца — “сэрца” шыкоўнага ансамбля. Пакуль ён выглядае незайздросным.

— Мы неаднаразова звярталіся да ўласніка, рэкамендавалі хаця б проста забіць дошкамі вокны і дзверы палаца ды навесці там мінімальны парадак, — кажа Наталля Хвір. — Тым больш, інстытут мог бы арганізаваць валанцёрскія атрады са сваіх студэнтаў. Аднак, як вы самі бачылі...

 

Ястрамбель для інвестара

Пасля Паўлінава наш шлях скіраваўся на ўсход — у вёску Ястрамбель, вядомую яшчэ з сярэдзіны ХVІ стагоддзя. Наўпрост на тэрыторыі былой школы-інтэрната, а цяпер — абласнога кадэцкага вучылішча знаходзіцца помнік архітэктуры, які і выклікаў нашую цікавасць — сядзіба колішніх уладароў мястэчка Катлубаяў. Цяжка паверыць, але ў маленечкай вёсцы некалі працавала вінакурня, а яшчэ меліся лесапільны і цагельны заводы.

/i/content/pi/cult/391/7811/2-1.jpg

Цяпер ад гэтых прадпрыемстваў не засталося ані згадкі, а вось старадаўняя сядзіба захавалася досыць няблага. Хаця пашукаць яе давялося не адну хвіліну: наяўнасць ці адсутнасць указальнікаў да аб’ектаў спадчыны — праблема, якая абмяркоўвалася на старонках “К” неаднойчы. Але — язык не толькі да Кіева, але і да сядзібы давядзе! У хуткім часе мы ўжо злазілі з веласіпедаў і аглядалі помнік спадчыны 120-гадовай даўніны.

Старадаўні будынак выглядаў, прынамсі, лепш за ўсе тыя, што давялося бачыць пад час усёй паездкі па Баранавіцкім раёне: вокны і дзверы забіты дошкамі, дах ёсць, і да таго ж ён не абвальваецца і не цячэ… Уратавала гэты помнік даўніны ад разрухі тое, што пасля вайны ў ім размяшчаўся дзіцячы дом, а праз колькі гадоў тут была адчынена школа-інтэрнат. У канцы ж 1990-х для дзяцей пабудавалі новы жылы корпус, і з таго часу ў старадаўняй сядзібе ніхто не жыве. Але дзякуючы таму, што яна знаходзіцца пад наглядам ахоўнікаў цяперашняга кадэцкага вучылішча, да яе не дабраліся “добразычліўцы”, ахвочыя да чужой уласнасці…

 

/i/content/pi/cult/391/7811/2-2.jpg

Так што ў сядзібнага дома Катлубаяў ёсць усе магчымасці стаць самым бліжэйшым часам запатрабаваным у якасці турыстычнага аб’екта. Але ж ці з’явіцца на гэтых землях зацікаўлены інвестар?

Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, адказнага за ахову гісторыка-культурнай спадчыны, Вячаслава Гарбузава, падобныя перспектывы для старадаўняга маёнтка — цалкам рэальныя. Сёлета былі зроблены ўсе неабходныя праваўстаноўчыя дакументы на гэты аб’ект даўніны, і ў хуткім часе сядзіба будзе выстаўлена на аўкцыён. Таксама не выключана, што ў рамонт укладзе сродкі і сённяшні ўласнік аб’екта — упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Тады праз некаторы час у колішнім сядзібным доме Катлубаяў размесцяцца навучэнцы абласнога кадэцкага вучылішча.

 

Не паравозам адзіным...

Пасля Ястрамбеля скіраваліся да трасы Брэст — Мінск, каб праехаць па ёй колькі дзясяткаў кіламетраў. Машын тут безліч! Таму так добра пасля, ад’ехаўшы ад тлумнай М1 усяго на які кіламетр, трапіць у свет, што жыве ў іншым рытме — спакойным і суцішным. У вёсцы Новая Мыш (ёсць яшчэ і Старая) касцёл Перамянення Пана стаіць насупраць царквы Праабражэння Гасподняга, і не кожны адразу ўцяміць, што тыя два храмы, па сутнасці, — “цёзкі”.

Сціплы і дагледжаны класіцыстычны касцёл кантрастуе са сваім інтэр’ерам. Унутры можна ўбачыць шыкоўныя барочныя алтары, яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя перанесеныя з Нясвіжа, з зачыненага кляштара бенедыктынак. Адразу ўзнікае пытанне: як яны ператрывалі “без стратаў” часы атэізму?

— Выключна дзякуючы мясцовым вернікам, якія не дапусцілі спусташэння храма нават у тыя гады, калі ён быў зачынены, — распавёў пробашч касцёла ксёндз Павел.

Да турыстаў святар і міністранты ставяцца надзвычай спагадліва і ў ахвоту гатовы адчыніць ім храм ды правесці цікавую экскурсію. Таму будзеце праязджаць побач — завітайце і не пашкадуеце.

На даху суседняй царквы акурат заспелі рабочых. У выніку рамонту драўляны храм сярэдзіны ХІХ стагоддзя ўжо на добрую палову абкладзены сайдынгам. Напэўна, ініцыятары гэтых пераўтварэнняў лічаць, што так будзе прыгажэй і “па-багатаму”. Спрачацца з імі няма юрыдычных падставаў — у Дзяржаўным спісе гэты помнік не значыцца.

Як, зрэшты, і касцёл Сэрца Езуса ў колішнім мястэчку Сталовічы, куды мы неўзабаве патрапілі. Але тут, усё ж, праблемы з іншароднымі “ўварваннямі” адсутнічаюць. Прыгожы неагатычны храм, збудаваны ўсяго стагоддзе таму, выглядае бы “на карцінцы”.

Але галоўная адметнасць вёскі — гэта, вядома, колішні касцёл кляштара Мальтыйскага ордэна, у будаўніцве якога ўзялі ўдзел адразу два мэтры віленскага барока: Фантана і Глаўбіц. Храм, які яшчэ ў пазамінулым стагоддзі стаў праваслаўнай царквой, уражвае надзвычайна!

Зусім непадалёк ад Сталовічаў можна ўбачыць і яшчэ адзін шэдэўр віленскага барока — колішнюю базыльянскую, а цяпер праваслаўную царкву ў вёсцы Вольна. Стан абодвух храмаў не ідэальны, але цалкам памысны (у Сталовіцкім акурат ідзе замена даху), а праехаць міма гэтых цудоўных помнікаў мала каму ўдасца. Яны па-ранейшаму дамінуюць па-над вясковымі ландшафтамі і прэтэндуюць на ролю іншай дамінанты — сэнсавай. Чым не дадатковыя брэндавыя сімвалы Баранавіччыны? І ці займее раён іншыя пазнавальныя аб'екты, па якіх яго будуць пазнаваць на карце Беларусі, — прынамсі, з дапамогай тых жа старадаўніх сядзіб, — пакажа час.

 

Сядзіба ці яе сцены?

Ад Сталовічаў да Стаек, што згадваюцца ў гістарычных помніках яшчэ з сярэдзіны ХVІ стагоддзя як маёмасць падканцлера Вялікага Княства Літоўскага Астапа Валовіча, не так ужо і шмат кіламетраў. Але колішняя сядзіба Лашкевічаў, што месціцца ў гэтым паселішчы, нас відавочна не чакала. Як і ўсіх іншых турыстаў — тым больш, што помнік спадчыны чамусьці не ўключаны ў Дзяржспіс. Хаця гэты, пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя, сядзібны дом варты ўвагі. Двухпавярховы будынак з рызалітамі на бакавых фасадах складзены з цёмна-чырвонай цэглы і нават у тым выглядзе, які мае зараз, пакідае незабыўнае ўражанне.

/i/content/pi/cult/391/7811/2-3.jpg

Кожны ахвотны месціч пакажа, дзе шукаць сядзібу. Але нават ведаючы, дзе знаходзіцца ўпадабаны намі аб’ект спадчыны, з цяжкасцямі знайшлі маёнтак сярод "суквецця" крапівы, пустазелля і кустоўя. Вандроўніку на аўтамабіле прыйшлося б тут нялёгка, але нашы жалезныя коні нас не падвялі і даставілі да старадаўніх сцен.

Менавіта так, да сцен, бо калі ў Паўлінаве ці ў Ястрамбелі на аб’ектах спадчыны мы бачылі дахі, дык тут яго не было. Сядзіба пакінула пасля сябе сумнае ўражанне, як, дарэчы, і ўся прылеглая да яе тэрыторыя. Падаецца, уласнікі помніка спадчыны не толькі не даглядаюць яго, а папросту чакаюць, калі гэтая вестка былых часоў канчаткова разбурыцца і знікне…

Як зазначыў нам Вячаслаў Гарбузаў, сядзіба ў Стайках — найбольш праблемны аб’ект сярод усіх іншых, якія знаходзяцца на тэрыторыі Баранавіцкага раёна. Помнік гісторыка-культурнай спадчыны даўно выстаўлены на продаж у адным з мінскіх агенцтваў нерухомасці. Ды пакупнікоў, ахвотных укласці ў яго грошы, пакуль што не знаходзіцца. І ці знойдуцца — пытанне, як на нашу думку, рытарычнае: настолькі несамавіта выглядае сядзіба. Гэтую думку, дарэчы, пацвердзіў і галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення культуры: па яго словах, многія неаднаразова цікавіліся сядзібай у Стайках, выязджалі і аглядалі аб’ект, але далей за размовы справа з продажам былога ўладання Лашкевічаў з месца не зрушылася.

 

Лёхамі да Міра

Рушылі далей і ля самай дарогі ў вёсцы Паланечка ўбачылі найпрыгажэйшы помнік палацава-паркавай архітэктуры — яшчэ адно сведчанне неўтаймоўнай энергіі роду Радзівілаў. Гледзячы на гэты шыкоўны палац, не так ужо і цяжка паверыць, што з сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя, пры Мацею Радзівілу, слынным кампазітару і вядомым палітычным дзеячу Рэчы Паспалітай, тут віравала культурнае жыццё.

Дарэчы, хто-ніхто з гісторыкаў кажа, што падземныя лёхі вядуць ад палаца ў Паланечцы да замкаў у Міры і Нясвіжы. Ніхто з мясцовых жыхароў нам гэтую легенду, на жаль, не пацвердзіў. Але і не абвергнуў...

Колішні палацава-паркавы комплекс звонку выглядае досыць няблага. А вось унутры… Суцэльнае разбурэнне, смецце і друз — такая карціна паўстала перад нашымі вачыма.

Ды і даглядчыкаў за помнікам спадчыны мы не заўважылі. Цяпер за руйнаваннем палаца безуважна назіраюць хіба што маскароны з выявамі грэчаскіх філосафаў — ці не ўсё, што засталося ад велічнага некалі дэкору. А яшчэ тут вельмі добра сябе пачуваюць ужо іншыя “філосафы” — мясцовыя козы, якія задуменна скубуць траву і без асаблівай цікавасці пазіраюць на сядзібу...

Па словах Вячаслава Гарбузава, сёлета таксама былі зроблены ўсе неабходныя праваўстаноўчыя дакументы і на гэты аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны, таму цяпер колішні палац Радзівілаў плануецца выставіць на аўкцыён.

 

Самы старажытны

Ад Паланечкі рушылі на ўсход, наўпрост да чыгункі, якой планавалі выправіцца ў Мінск. Але да таго, як сесці на цягнік у тым жа Хвоеве, адкуль і распачыналася наша пяцідзённае велападарожжа, завіталі яшчэ ў адну прыгожую мясціну Баранавіцкага раёна — вёску Ішкальдзь.

Прыехаць сюды раім кожнаму, бо ў гэтым паселішчы захаваўся самы старажытны на Беларусі касцёл. Тым больш мясціна — непадалёк ад трасы М1. Год пабудовы храма Святой Тройцы — 1472! Адчуваеш сапраўднае захапленне, калі глядзіш на цуд цаглянага дойлідства, пабудаваны ў гатычным стылі, і на гэтыя муры, узведзеныя ў часы Казіміра Ягелончыка ды за дзясятак-другі гадоў да нараджэння Францыска Скарыны...

На жаль, з-за шматлікіх перабудоў цягам стагоддзяў то пад кальвінісцкі збор, то пад праваслаўную царкву і зноў пад касцёл, унутранае ўбранне помніка спадчыны змянялася неаднойчы і ўжо мала адпавядае першапачатковаму. Але веліч і прыгажосць касцёла настолькі захапляюць, што, перакананы, кожнаму, хто наведае Ішкальдзь, не захочацца пакідаць вёсачку. Ды і не трэба, бо побач знаходзіцца цудоўны вадаём, на якім так добра адпачыць пасля доўгага падарожжа…

Не надта хацелася ад’язджаць і нам. Але, падпарадкоўваючыся раскладу электрычак, мусілі нарэшце рушыць да чыгуначнай станцыі. Наша вандроўка, такім чынам, паспяхова завяршылася.

 

Быль транзітнага турызму

Напрыканцы, замест гаворкі пра гіпатэтычныя перспектывы рэгіёна, уявім цалкам рэальную сітуацыю транзітнага турызму. Нехта, кіруючыся праз Беларусь, апынаецца а восьмай вечара каля Баранавічаў. Самы час падумаць пра начлег.

І вось вандроўнікі стаяць перад выбарам — злева шляхецкая сядзіба ў Паўлінаве, справа — у Стайках. Калі там не будзе месцаў, ёсць яшчэ Ястрамбель і Паланечка. Ад магістралі — усяго два крокі, але гулу аўтамабіляў там не чуваць. Ды, тым болей, можна не проста пераначаваць ды акунуцца ў возера, але і паглядзець нешта новае.

У такім выпадку ўражанні ад Беларусі гэтых уяўных падарожных не абмяжоўваліся б толькі наведваннем прыдарожнай кавярні і запраўкі. Мы б атрымалі магчымасць распавесці пра ўласную гісторыю ды культуру, прадэманстраваўшы стаўленне да яе сучаснікаў. Бо ў нашым выпадку турызм — гэта не проста эканоміка, гэта таксама і ідэалогія.

 

У якасці заключэння

Тая плынь турыстаў, якая хлынула ў адкрытыя пасля рэстаўрацыі Мірскі і Нясвіжскі замкі, сведчыць: дзяржаўная палітыка ў гэтай галіне прыносіць свой плён. Але неабходна і развіваць поспех. Тым больш, як мы пераканаліся, рэгіён, што атачае Мір і Нясвіж, можа забяспечыць турыста багатым асартыментам атракцыёнаў — ад рыбалкі да экстрэмальных гульняў сярод старых дакаў (толькі ў Ляхавіцкім раёне іх дзве з паловай сотні!).

Для гісторыка-культурнага велатурызму абраны намі маршрут таксама выглядае спрыяльным. Адзначым тры фактары — насычанасць адметнасцямі (на адлегласці ў некалькі кіламетраў адна ад адной), зручнасць даезду (побач — чыгунка), а таксама якасць дарог. Гравійка за тыя трыста кіламетраў, што мы пераадолелі цягам пяці дзён, траплялася фрагментарна, а збольшага ехалі па асфальце нават па дарогах “мясцовага маштабу”.

Прапанаваны маршрут можна назваць перспектыўным для наведвання і шматлікімі турыстычнымі групамі. Вось толькі ці з’явяцца яны на аб’езджаных намі дарогах? Пытанне пакуль без адказу. Асабліва пры ўмове, што ўсе агледжаныя намі помнікі даўніны так і будуць стаяць без дагляду і разбурацца на вачах у мясцовага кіраўніцтва і цяперашніх уласнікаў.

Ілья СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Нясвіжскі раён — Клецкі раён — Ляхавіцкі раён — Баранавіцкі раён — Мінск

Фота аўтараў