Як адпачывае моладзь у Ерхах?

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

ЛІСТ НЕАБЫЯКАВАГА ЧЫТАЧА. Аграгарадоцкі “PartyClub” — ад інсайдара

З 2008 года мая родная вёска Ерхі на Вілейшчыне займела статус аграгарадка. Менавіта тады адрамантавалі дарогі, школу і дзіцячы садок, сельскі клуб, краму. З’явіліся пошта, ФАП, цырульня, пральня. Заканчваецца будаўніцтва кавярні. Усё, быццам, зроблена, каб замацаваць моладзь на вёсцы. Шматлікія змены адбыліся і ў сельскай культуры…

Калі прыязджаю на лета ў вёску, асаблівую ўвагу звяртаю менавіта на ўмовы адпачынку равеснікаў. Ці адбыліся тут істотныя змены за гады майго гарадскога навучання? Зразумела, знайсці годны адпачынак (як і працу) у вёсцы намнога складаней, чым у горадзе. Але для энтузіястаў няма ніякіх перашкод, нават аддаленасць ад горада іх, бывае, не стрымлівае.

Адпачыць арганізавана можна ў сельскім клубе. На дыскатэцы. Давайце параўнаем які-небудзь сталічны ўмоўны “PartyClub” з тутэйшай танцпляцоўкай… Будынак СК — невялікі, але дагледжаны. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі побач з дзіцячым садком і школай. Вакол — кветкавыя клумбы. Але галоўнае не гэта, а тое, што сёння — субота... З’язджаюцца аўтамабілі, збіраецца народ. Акрамя мясцовай моладзі, сюды нярэдка наведваюцца і з суседніх вёсак: Арпы, Касцяневічаў, Людвінова, Суцек, Валосек. Адны — таму, што няма свайго клуба, іншым проста цікава.

У 21.00 клубныя дзверы адчыняюцца. Нас сустракае загадчык Марына Юркевіч. У касу трэба заплаціць дзесьці каля 3 тысяч рублёў (у горадзе дыскатэчны білет каштуе каля 25 тысяч). Плаціць павінны ўсе — VIP-Kart і бясплатных уваходаў для дзяўчат да апоўначы не прадугледжана. Загадчык клуба ведае нас усіх і сустракае добразычліва. Знаходзіць словы, каб настроіць на пазітыў, узняць настрой. Ніякага фэйс-кантролю і дрэс-коду няма, таму многія не надта турбуюцца пра знешні выгляд. Джынсы і футболка — звычайная дыскатэчная вопратка… Я — менавіта за такую дэмакратыю. Да таго ж, у гумовых ботах на танцы ўжо не ходзяць. Іншая справа, што часам можна ўводзіць той жа “дрэс-код” адмыслова — пад канкрэтнае мерапрыемства. А вось узроставы цэнз існуе. Прапускаюць толькі паўналетніх. І гэта — таксама правільна.

Летам на танцпляцоўцы — ад 40 да 70 чалавек. На святы — крыху больш. У адрозненне ад гарадскіх начных клубаў, дыскатэка праводзіцца толькі па суботах, часам — па нядзелях і пятніцах… Давайце ж урэшце танцаваць! Аднак не ўсе падпарадкоўваюцца майму закліку: “у джазе — толькі дзяўчаты”, а хлопцы, як заўжды, кагосьці ці чагосьці чакаюць. І вось знаходзіцца смяльчак, які выходзіць на танцпол. Але такіх — няшмат. Астатнія асобнымі групкамі сядзяць ці на вуліцы, ці проста на крэслах у клубе. На гарадскіх дыскатэках такую карціну ўбачыш вельмі рэдка. На запытанне “Чаму не танцуеце?”кожны адказвае па-свойму: Дзіма спасылаецца на тое, што не любіць гэтай справы, Дзяніс — не ўмее, а ў Валеры няма настрою… і ў гэтым, як падаецца, недахоп вясковых танцаў. Няма тут пакуль “аніматара”, які б уцягваў у танцавальную дзею ўсю без выключэння грамаду.

Адчуваецца, канешне, дэфіцыт сучаснай апаратуры. Вельмі часта яе замяняе камп’ютар з бібліятэкі. На клубны пакуль няма сродкаў. Нізкі кошт білетаў і невялікая колькасць наведвальнікаў не даюць клубу магчымасці зарабіць на лепшую тэхніку. Але ў клубе ёсць някепская колерамузыка. Зусім нядаўна ў Ерхах працавалі дзі-джэі з Вілейкі, якія прывозілі сваю апаратуру. Вось тыя танцы, па меркаванні ўсіх, былі класнымі. Дзе ўзяць новую апаратуру? Тут без спонсарскай дапамогі не абысціся. Але спонсараў у нашай вёсцы пакуль няма.

Бракуе вясковай дыскатэцы цікавых відовішч і мерапрыемстваў, якія ў сталічных клубах — абавязковая частка начной праграмы. Усё ж і ў Ерхах тэматычныя дыскатэкі праходзяць. Але хацелася б — каб часцей…

Зразумела, у сельскіх клубах пакуль не працуюць кавярні. А вельмі б хацелася, каб і столікі тут стаялі, і мінералкі можна было б папіць… А пакуль ролю бара выконвае бліжэйшая водакалонка. Дрэнна, што няма ў СК і гардэроба…

Між тым, клуб у вёсцы — гэта не толькі месца правядзення дыскатэк. Гэта цэнтр маладзёжных (і не толькі) стасункаў. У Ерхах, як і ў многіх падобных вёсках, ён працуе штодзённа. У бібліятэцы, якая знаходзіцца ў адным будынку з СК, ёсць Інтэрнэт. Бібліятэкар Жанна Андрыеўская кіруе некалькімі аматарскімі аб’яднаннямі…

Зразумела, вясковаму клубу вельмі далёка да сталічных. А для развіцця СК патрэбны немалыя сродкі. Дзе іх браць на вёсцы? Спонсары ўкладаць грошы ў такія ўстановы не спяшаюцца. Праўда, дапамагаюць клубу мясцовыя сельскагаспадарчае прадпрыемства і БРСМ, Касцяневіцкі сельвыканкам. Але гукаўзмацняльная апаратура ў СК — па-ранейшаму старэнькая. І ў тым, што сітуацыю варта неадкладна мяняць, не сумняваецца ніводны з маіх вясковых равеснікаў.

Анастасія БАЛКОЎСКАЯ

в.Ерхі Вілейскага раёна

 

Ад рэдакцыі

Дадзеная публікацыя каштоўная тым, што аўтарам яе з’яўляецца не работнік культуры, а, тым не менш, — неабыякавы спажывец культурных паслуг. Інсайдар, інакш кажучы, — непасрэдны ўдзельнік падзей, з культурнымі паслугамі наўпрост звязаных. А рэдакцыі, шчыра кажучы, бракуе менавіта такіх рознаўзроставых поглядаў “знутры”. Таму мы чакаем ад вас, шаноўныя чытачы, якраз інсайдарскай крытычнай ацэнкі падзей: у клубе, бібліятэцы, музеі, кінатэатры, карціннай галерэі… Вашы зацікаўленыя погляды на якасць і даступнасць культурнага абслугоўвання, паверце, — надзвычай каштоўныя і для рэдакцыі “К”, і для работнікаў культурнай сферы. Пішыце, тэлефануйце, не заставайцеся абыякавымі!