Восьмы полк Дамініка Радзівіла

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

Апошняе слова “бясстрашнага афіцэра” з Нясвіжа

(Заканчэнне. Пачатак у № 31.)

Эпоха Рамантызму з уласцівай ёй вытанчанасцю пачуццяў панавала ў Еўропе ў ХІХ стагоддзі. Яе сучаснікі аб’ядноўвалі ў сваім характары дзве зусім, здаецца, палярныя рысы — летуценнасць і самаадданасць. Адным з такіх рамантыкаў быў і князь Дамінік Геранім Радзівіл, аповед пра якога сёння завяршаем.

Імператар Напалеон Банапарт паабяцаў беларускім і польскім эмігрантам, якія спыніліся ў Парыжы пасля паражэння паўстання Касцюшкі, дапамагчы аднавіць іх дзяржаву, калі будзе сфарміравана эмігранцкае войска. У 1806-м войскі Напалеона занялі Варшаву. Тое войска дапамагло Напалеону дасягнуць перамогі над Аўстрыяй і вызваліць Кракаў ды Люблін. У выніку, Напалеон абвясціў стварэнне новай дзяржавы — Варшаўскага Княства.

/i/content/pi/cult/391/7806/14-4.jpeg

У 1810 годзе Дамінік выехаў з сям’ёй у Варшаву. У снежні ён уступіў у войска Варшаўскага Княства, ахвяраваўшы на яго патрэбы 180 тысяч злотых. Сфарміраваў і ўзброіў кавалерыйскі полк колькасцю пяць тысяч чалавек. Юзаф Панятоўскі надаў сябру чын палкоўніка ды паставіў на чале Восьмага ўланскага палка. Учынак Радзівіла выклікаў вялікую радасць у патрыётаў. Пазней у паэме “Пан Тадэвуш” Адам Міцкевіч узгадае яго, павялічыўшы колькасць узброеных Дамінікам палкоў.

У красавіку 1811-га Радзівіл зноў наведаў Парыж, дзе сустрэўся з Напалеонам. Банапарт рыхтаваў ваенную кампанію супраць Расіі. А 12 чэрвеня 1812 года напалеонаўскія войскі ўжо падышлі да яе межаў па Нёмане. Першымі з радаснымі воклічамі перабраліся праз раку кавалерысты Панятоўскага. І з імі — радзівілаўскія ўланы. Вялікая армія Напалеона налічвала шэсцьсот тысяч. Кожны шосты з іх быў выхадцам з земляў Рэчы Паспалітай. Уступленне іх на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага выклікала вялікі энтузіязм у насельніцтва. Іх сустракалі з хлебам ды соллю. Спадзеючыся на вялікі прыток у сваю армію добраахвотнікаў з земляў ВКЛ, Напалеон пусціў наперадзе сябе ў Вільню менавіта полк князя Радзівіла. Уезд Восьмага ўланскага ў былую сталіцу ВКЛ быў урачыстым. Члены магістрату ледзь не ўручылі ключы ад горада замест Напалеона Дамініку.

Разам з Напалеонам Радзівіл прайшоў увесь шлях ад заходніх межаў Расійскай Імперыі да яе сталіцы. Ён вызначыўся ў бітве пад Астроўнам і імя “надзвычай бясстрашнага афіцэра” было ўзгадана ў 10-м бюлетэні французскай арміі. У жорсткіх баях пад Воранавам і Смаленскам Дамінік звярнуў на сябе ўвагу “караля конніцы” маршала Мюрата. За мужнасць, адвагу, адданасць Радзівіл быў узнагароджаны кавалерскім і афіцэрскім ордэнамі Ганаровага легіёна, баварскім ордэнам святога Губэрта, крыжам “Віртуці Мілітары”.

Большая частка яго ўланаў загінула ў Барадзінскім баі. Рэшткі палка разам з французамі ўвайшлі ў Маскву. У гэты час да князя звяртаецца былы міністр замежных спраў Расіі, сябра Аляксандра І, князь Адам Чартарыйскі. Ён упрошвае Радзівіла прыняць рускую арыентацыю, бо “радзіма не можа разлічваць толькі на Напалеона”. Чартарыйскі раіць хаця б вярнуцца ў Нясвіж, пакінуўшы Банапарта. Аднак Дамінік адказвае на гэта: “Маё месца на чале майго палка, а не ў Нясвіжы”. Не здрадзіў ён французскім партнёрам і пасля таго, як тыя вымушаны былі пакінуць Маскву.

Рухаючыся разам з усімі, Дамінік Геранім толькі каля Нясвіжа з абозам аддзяліўся ад французскай арміі і накіраваўся ў родныя мясціны. За ім рушылі рускія войскі пад камандаваннем адмірала Чычагіна. Яны літаральна наступалі на пяты князю. 26 кастрычніка 1812 года Дамінік з некалькімі вершнікамі з’явіўся ў Нясвіжы. Ён аддаў загад замураваць фамільную скарбніцу, а іншыя каштоўнасці нагрузіць на вазы і накіраваць яму ўслед, у віленскім кірунку. І як толькі пачалі выконваць гэты загад, у горад уварваліся рускія войскі. Іхні камандзір Красоўскі абвясціў напаўзагружаныя вазы, што стаялі на двары палаца, “маскоўскім абозам” і канфіскаваў яго.

Радзівіл хутка даведаўся пра падзеі, якія адбыліся пасля яго ад’езду. Ён выказаў некалькі заўваг адносна дзеянняў варожых войскаў, якія дайшлі нейкім чынам да Чычагіна. Апошні, “пакрыўджаны”, загадаў вывезці з палаца ўсё больш-менш каштоўнае. Потым аддаў яго і ўвесь горад на трохдзённае рабаванне салдатам. Тыя пабывалі нават у магільным склепе Радзівілаў у сутарэннях Фарнага касцёла… Без сумненняў, Дамініку стала вядома і гэта. Ён мог бы часткова выправіць становішча, павініўшыся перад імператарам Аляксандрам, які праяўляў у гэты час незвычайную літасць да саюзнікаў Напалеона, што пераходзілі на яго бок. Але для Радзівіла, заражанага “рыцарскім духам продкаў”, гэта было немагчыма.

Радзівілу выпала на долю прыняць удзел у бітвах пры Райхенбаху і Дрэздэне. Апошняй яго бітвай стаў бой пад Ганау. Падчас коннай атакі Дамінік быў смяротна паранены. Апошнім словам, якое зляцела з яго вуснаў, было слова “Гонар…”

Мікола БАГАДЗЯЖ, Ірына МАСЛЯНІЦЫНА

На ілюстрацыі: рэпрадукцыя замалёўкі бітвы ля Віцебска.