Дрыбін ужо мае два брэнды. Першы — валюшны промысел, які атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці на рэспубліканскім узроўні, а сёння прэтэндуе на ўнясенне ў рэпрэзентатыўны спіс шэдэўраў нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Другая візітоўка раёна — рэгіянальны фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”.
Сёлета другі фестываль ладзіўся 4 жніўня і сабраў гасцей з Магілёўскай вобласці, а таксама з Міншчыны, Віцебшчыны, Брэстчыны і Смаленшчыны. Талісманам фестывалю выбралі мясцовага героя Дрыбшу. Па павер’і менавіта ад яго імя пайшла назва райцэнтра. Традыцыя ладзіць “таржкі” існавала тут здаўна. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі праводзіліся кірмашы, на якіх гандлявалі пераважна сельскагаспадарчай прадукцыяй, рамеснымі вырабамі. А самыя буйныя “таржкі” прыпадалі на дзень Святога прарока Іллі, калі можна было прадаваць новы ўраджай.
Сёлетнія “Дрыбінскія таржкі” мелі адметны каларыт. На цэнтральнай плошчы раскінуўся маляўнічы і багаты кірмаш. Дзейнічалі тут крамкі селядцоў, зёлак, вады жыцця…
Палітру народных рамёстваў і промыслаў прадстаўлялі майстры з Дрыбіншчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі. Вырабы з саломкі і лазы, тканыя паясы і традыцыйныя лялькі-мотанкі, лапці, свістулькі-салаўі, кампазіцыі з бісеру...
Асноўная ўвага была скіравана на “фірменны” промысел — шапавальства. Можна было купіць “валёнкі з Дрыбінскай старонкі”, шапкі ды іншыя валяныя вырабы, пагутарыць з майстрамі, павучыцца таемнай мове шапавалаў — “катрушніцкаму лемезню”. Яшчэ адзін традыцыйны абутак — лыкавыя лапці — прэзентавала дырэктар РДР Ларыса Заклікоўская. Дарэчы, гэтая тэхналогія таксама атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Арыгінальна выглядалі біжутэрыя і кампазіцыі з лямцу мінчанак Настассі Арась і Веранікі Фаміной. Яны не толькі перанялі ад дрыбінцаў тэхналогію, але і прыўнеслі ў яе сваю фантазію, выйшлі за межы традыцыі.
Як паабяцалі арганізатары, чарговае свята адбудзецца праз год, у першую суботу жніўня.
Дадамо: Дрыбінскі раён заняў І месца ў міжнародным конкурсе праектных ініцыятыў і атрымаў грант у памеры 8 тысяч еўра за праект “Стварэнне творчай лабараторыі па выкарыстанні нематэрыяльнай культурнай спадчыны як аднаго з фактараў устойлівага развіцця рэгіёна і папулярызацыі рэгіянальнага фестывалю “Дрыбінскія таржкі”.
Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы