Яе АлгаРытмы

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Гродна: пераможца Нацыянальнага фэсту

Нарэшце! Пераможца ХII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі — з Гродна! Колькі фестываляў гродзенцы ішлі да гэтага! Былі ўдачы, спецыяльныя дыпломы, месцы, а першага — не было. І вось — перамога Дар’і Шульгіной.

/i/content/pi/cult/390/7800/12-2.jpegМаладая — сёлета скончыла СШ № 20 г. Гродна — выхаванка прадзюсарскага цэнтра Гродзенскай абласной філармоніі, Даша, як і ўсе дзяўчынкі, спявала з дзяцінства і марыла быць артысткай. Нават хобі іншага не было — толькі спевы ды фартэпіяна.

Лёгка і ўпэўнена яна перамагала ў гарадскім — “Сем вясёлкавых нот” — і абласным — “Масты надзей” — конкурсах дзіцячай эстраднай творчасці, была фіналісткай рэспубліканскага конкурсу “Песня для Еўрабачання”, спрабавала сябе ў дзіцячай “Новай хвалі”, ахвотна спявала ў канцэртах…

У Фестывалі беларускай песні і паэзіі ўдзельнічала ўпершыню. І гэтым разам “усё сышлося”: песні — гродзенскага кампазітара Алега Пухава “Мой крок” на словы гродзенца ж Дзмітрыя Шчэрбы і “Беларуская вясна” на словы Янкі Купалы, — выдатная падрыхтоўчая работа кіраўніка прадзюсарскага цэнтра і педагога па вакале Наталлі Клімовіч, дапамога ды парады маці і, безумоўна, прафесійная падтрымка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга.

Да перамогі Даша ставіцца спакойна, разумее, што самае цяжкае — наперадзе: утрымаць тытул, удасканальваць майстэрства (вырашыла паступаць на эстрадыя спевы), працаваць і працаваць. Ёй, 17-гадовай, такія планы не падаюцца амбіцыйнымі.

Людміла ЛЕБЕДЗЬ, мастацкі кіраўнік Гродзенскай абласной філармоніі