Беларускія амазонкі з мінулых эпох

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Дзядзя Пеця сказаў мудра, або Чаму драўляныя цвікі не стануць “цвіком праграмы”?

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Ляхавічы прадстаўлены адной (!) пазіцыяй — брацкай магілай. Раён — яшчэ некалькімі. Зважаючы на гэта, сёй-той адразу пераканаецца, што глядзець там няма чаго. Ды не паедзе. Тым не менш, падарожжа па Ляхавіччыне дазваляе адкрыць зусім іншае аблічча гэтага краю — прыцягальнае ды інтрыгоўнае. Вы ўбачыце старыя шляхецкія сядзібы ды фальваркі, велічныя касцёлы і мілыя драўляныя цэркаўкі, грозныя дакі, што ўтваралі складаныя фартыфікацыйныя сістэмы... Дзяржспіс пра большасць з гэтых несумненных цікавостак упарта маўчыць, і ніхто не рупіцца пра яго папаўненне. “Рэбрэндынг” краю ўсё яшчэ за гарамі?

/i/content/pi/cult/390/7798/10-1.jpeg

А самы надзейны спосаб змяніць свае ўражанні пра Ляхавіччыну — завесці знаёмства з мастаком-ілюстратарам, фатографам і краязнаўцам Сяргеем Чарановічам. Ён распавядзе вам столькі цікавага пра гэтыя мясціны, што яны ніколі ўжо не будуць падавацца ўсяго толькі адным са 118 раёнаў Беларусі — без прэтэнзій на ўласнае аблічча. Пераканаліся ў гэтым на ўласным досведзе, бо спадар Сяргей пагадзіўся скласці нам кампанію на адзін з дзён велападарожжа. Наша вандроўка праходзіла збольшага па колішніх землях двух родаў — Рэйтанаў і Бохвіцаў. Абодва маюць замежнае паходжанне, але ж іх прадстаўнікі былі патрыётамі сваёй зямлі і пакінулі след у яе гісторыі — хай сабе і напаўсцёрты сёння.

 

“Чалавек без пашпарта”

Сяргей Чарановіч дэманструе свае мастацкія фота, многія з якіх бралі ўдзел у міжнародных конкурсах. Яны зроблены ў адным месцы — сціплай вёсачцы Грушаўка, ці, дакладней, Грашоўка, як яна называлася раней. Мастак лічыць паселішча невычэрпнай крыніцай натхнення і знаходак. І ў якасці доказу дэманструе адну з апошніх — нумар газеты “La Figaro” ад 22 красавіка 1893 года. На палях — пазнакі, зробленыя ад рукі. Цікавы артэфакт быў адшуканы зусім нядаўна на гарышчы палаца Рэйтанаў.

 — Раней інтэлектуальнае асяроддзе тут было не абы-якое, — кажа ён. — Грушаўка магла б стаць “асноўнай стравай” у размаітым турыстычным меню краю. Балазе комплекс котлішча Рэйтанаў — вялізны: ён уключае драўляны палац з флігелямі, манументальныя “гатычныя” стайні, унікальнай канструкцыі драўляны свіран (і гэта нават без уліку тых пабудоў, якія зніклі або пераўтварыліся ў руіны).

На ўездзе ў Грушаўку нас абагнаў шыкоўны джып. Неўзабаве ён збочыў з разбітай гравійкі на старую брукаванку, што вядзе да закінутай сядзібы. Пасажыры вылезлі з машыны, трохі патоўпіліся ля палаца з забітымі вокнамі, нават сунуліся былі ўнутр (дзверы тут з’явіліся зусім нядаўна, але нейкія “добразычліўцы” ўжо паспелі выдзерці замок “з мясам”), ды зноў пагрузіліся ў машыну. Праграма для шараговага турыста ў гэтым месцы сёння і не можа быць большай. Сядзібу нават толкам абысці не ўдасца — настолькі ўсё зарасло...

Першае, што трапляе на вочы, — невялічкі дамок непадалёк ад уваходу ў палац. Гэтая непрэзентабельная “мураванка” — найстарэйшая і найкаштоўнейшая з гістарычнага пункту гледжання частка комплексу. Менавіта ў ёй правёў свае апошнія гады жыцця гераічны Тадэвуш Рэйтан, якога многія ставяць упоравень з Касцюшкам. Там ён і памёр — розум ды сэрца не вытрымалі смерці Айчыны.

/i/content/pi/cult/390/7798/10-4.jpeg

Яшчэ пару гадоў таму на “мураванцы” быў дах — хай сабе, можа, і не зусім герметычны. Сёння ў ім зеўрае вялізная прабоіна, якая пастаянна пашыраецца. Як распавёў Сяргей Чарановіч, віной таму — старое дрэва, што абрынулася пад час навальніцы. Натуральна, працэс руйнавання імкліва паскорыўся, і цяпер камяніца выглядае папраўдзе жаласна.

Як сведчаць даследаванні, мемарыяльна-музейную функцыю яна выконвала заўсёды — вядома ж, неафіцыйна. Гаспадары недарэмна збераглі яе і падчас глабальнай рэканструкцыі сядзібы, што адбылася на пачатку ХХ стагоддзя. І вось сёння гэты ўнікальны помнік апынуўся пад пагрозай страты.

Прыкладна тое самае адбываецца і з іншымі пабудовамі. Розніца хіба ў маштабах — калі ў флігелі дах пакуль яшчэ можна выратаваць добрым кавалкам шыфера, у стайні ён ужо наогул адсутнічае. Паціху руйнуецца і сапраўдная перліна Грушаўкі — фамільная капліца-спачывальня Рэйтанаў, што месціцца ў некалькіх кіламетрах ад сядзібы. Відаць, нейкія добрыя людзі там прыбіраюць, але…

/i/content/pi/cult/390/7798/10-6.jpeg /i/content/pi/cult/390/7798/10-5.jpeg

...Адзін з гаспадарчых будынкаў па-ранейшаму выкарыстоўваецца ў якасці кароўніка. Яго добры стан (без усялякай, заўважым, рэстаўрацыі!) красамоўна сведчыць, як магла б выглядаць гэтая сядзіба ў тым выпадку, калі б хтосьці рабіў мінімальныя высілкі па даглядзе за ёй.

Не так даўно ў рэдакцыю звярнуўся арт-куратар Зміцер Юркевіч. Захапіўшыся постаццю Рэйтана, ён прыняў рашэнне выкупіць Грушаўскую сядзібу ды паспрабаваць аднавіць яе сваімі сіламі. Параілі яму звярнуцца непасрэдна ў Ляхавіцкі райвыканкам. Там да яго прапановы паставіліся з увагай, але паведамілі, што здзелка пакуль немагчымая — адсутнічаюць праваўстаноўчыя дакументы.

Як распавёў Сяргей Чарановіч, гэта ўжо далёка не першы праект аднаўлення сядзібы. Ахвотнікаў было не адзін і не два. Кагосьці вабіла мінуўшчына, кагосьці — камерцыйны патэнцыял. Але справа нязменна заканчвалася на самым пачатку — вырабе адпаведнай дакументацыі, якой, па ідэі, павінен займацца ўласнік. Мясцовая гаспадарка і сельсавет пра гэта не рупяцца — дакументы каштуюць грошай, а лішніх няма.

Як і многія іншыя падобныя помнікі, сядзіба апынулася ў незайздроснай ролі “чалавека без пашпарта”. Падзеі вакол яе ўжо не першае дзесяцігоддзе рухаюцца па зачараваным коле. І пакуль не будзе прынятае валявое рашэнне яго прарваць, закон сусветнай энтрапіі супрацьдзеяння не сустрэне.

/i/content/pi/cult/390/7798/10-3.jpeg

Хаця, магчыма, бліжэйшым часам справа з палацам у Грушаўцы ўсё ж такі зрушыцца з мёртвай кропкі. Як паведаміла нам начальнік аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Ніна Прыхач, цяпер пачынаецца працэдура прызнання гэтага аб’екта безгаспадарчым, каб пасля прыняць яго ў раённую камунальную ўласнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

Што да "мураванкі", у якой пражыў апошнія гады жыцця Тадэвуш Рэйтан і дзе абвальваецца дах, дык, па словах начальніка аддзела культуры, фінансаў, каб прывесці будынак да ладу, у раёне няма. Як няма ні даглядчыка за палацава-паркавым ансамблем, ні нават дворніка. Але, як адзначыла Ніна Прыхач, за Грушаўкай ды і за ўсімі іншымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі раёна замацаваны прадпрыемствы і ўстановы адукацыі, якія сочаць за добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі, прыбіраюць там смецце. Падтрымліваючы, карацей кажучы, самы мінімальны парадак. Хоць, як мы змаглі пераканацца на свае вочы і як бачна на фотаздымку, нягледзячы на ўсе меры, сядзіба ў Грушаўцы цяпер знаходзіцца літаральна ў атачэнні крапівы, зараснікаў і кустоўя.

Вядома, марыць пра імклівае адраджэнне Грушаўкі — зусім не шкодна. Ды, як падаецца, і сёння можна зрабіць першачарговыя крокі па рэвіталізацыі аб’екта — рэальныя і не затратныя. У звязку з гэтым, ужо не ўпершыню мы прыгадалі сядзібу ў вёсцы Дубае, наведаную падчас аднаго з папярэдніх велатураў. Там сур’ёзныя грошы таксама не ўкладаліся. Але ж, прыехаўшы туды, турыст можа разлічваць на цікавую экскурсію і нават пікнік. Крапіва выкашана на карані, затое мы ўбачылі прыгожую клумбу і міні-музейчык. І ўсё таму, што за сядзібай даглядае адзін (!) канкрэтны чалавек, які спалучае сціплую пасаду дворніка са статусам суб’екта агратурызму.

Калі б сустрэтыя намі турысты, якія не пашкадавалі часу ды бензіну на тое, каб прыехаць у Грушаўку, маглі разлічваць там на падобны прыём, яны б затрымаліся ў гэтым месцы куды даўжэй, чым на 10 хвілін.

 

Бабры вінаватыя...

Па дарозе ў Грушаўку завіталі ў вёску Нача, дзе захавалася колішняя сядзіба Брындзоўскіх. Палац, які вылучаецца сваім шасцікалонным порцікам, адразу выклікае пытанні: хто, чаму і навошта пафарбаваў яго франтон у блакітны колер? Зрэшты, неўзабаве разумеем, што эстэцкія закіды ў гэтым выпадку пакуль неактуальныя. Асабліва на фоне гулу элеватара, што размясціўся літаральна ў некалькіх дзясятках метраў ад палаца — там, дзе некалі быў партэр.

/i/content/pi/cult/390/7798/10-2.jpeg

Сам будынак да нядаўняга часу выконваў карысную ў гаспадарцы функцыю — воцатнага цэха. Пра яе яшчэ і сёння нагадваюць жалезныя агрэгаты непадалёк. Зрэшты, і гэты спосаб прыстасавання — не самы горшы варыянт. Палац дайшоў да нас у цалкам памысным стане: дах цэлы, вокны на месцы, дзверы, на шчасце, зачынены і сёння.

Але, натуральна, варыянт гэты — далёка не лепшы. “Ансамбль — унікальны помнік палацава-паркавага мастацтва”, — напісана ў анатацыі да аб’екта ў Дзяржаўным спісе. Каментаваць гэтае сцвярджэнне нам не выпадае — мы былі ў шортах. Таму прадзерціся праз зарасці крапівы, каб ацаніць яго ўнікальнасць, на жаль, не атрымалася. Не знайшлі мы ані старэйшы на Беларусі экзэмпляр арэха чорнага, ані рэшткі сонечнага гадзінніка...

Сёння раён шукае для гэтага аб’екта інвестара. Як паведаміла нам Ніна Прыхач, цяпер на колішнюю сядзібу Брындзоўскіх у Начы рыхтуюцца ўсе неабходныя дакументы, у прыватнасці — тэхпашпарт на будынак, а таксама акт на зямлю. І, па словах начальніка аддзела культуры, уласнік аб’екта — СПК “Нача” — абавязаны сёлета выставіць аб’ект спадчыны на аўкцыён.

Але, вядома, суседства палаца і парку з гаспадарчымі аб’ектамі зусім не спрыяе паўстанню новага туркомплексу. На шчасце, іншая перліна палацава-паркавага мастацтва краю — сядзібны ансамбль у Савейках — такіх праблем не мае. Адна бяда — ён ужо доўгі час амаль не выкарыстоўваецца. Нейкія хуліганы павыбівалі шыбы ў гаспадарчых будынках, а тут яшчэ і бабры...

— Яны паспілоўвалі старыя дрэвы і набудавалі плаціны, парушыўшы водную сістэму, — распавядае Сяргей Чарановіч. — Таму сажалкі ўжо зацвілі.

Як паведаміла Ніна Прыхач, палацава-паркавы ансамбль у Савейках ужо выстаўлены на аўкцыён. Прычым, сядзіба адразу зацікавіла аднаго пакупніка.

 

А цяпер — проста пустка

У сярэдзіне 30-х гадоў ХІХ стагоддзя навагрудскі адвакат Фларыян Бохвіц вырашыў пакінуць гэтую прэстыжную, але клопатную прафесію ды набыў маёнтак Вошкаўцы непадалёк ад Ляхавічаў. Цішыня і прырода спрыялі глыбакадумным развагам, і ўжо ў 1838 годзе былы юрыст выдаў сваю першую філасофскую кнігу. За ёй былі і іншыя. Яго працы мелі поспех сярод сучаснікаў, але, на жаль, забытыя сёння.

Пабываць у тым месцы, дзе жыў і працаваў Бохвіц, яшчэ зусім нядаўна мог кожны. Выглядаў дамок філосафа зусім несамавіта — пасля таго, як мясцовая амбулаторыя перасялілася ў новы будынак, стары пакінулі на волю лёсу. А яшчэ раней безгустоўныя перабудовы да непазнавальнасці змянілі аблічча аднаго з найстаражытных узораў грамадзянскай драўлянай архітэктуры краіны. Аўтарытэтны польскі даследчык Роман Афтаназы сцвярджаў, што дом быў збудаваны з лістоўніцы ажно ў XVII стагоддзі, прычым з выкарыстаннем выключна драўляных цвікоў!

Так гэта або не, і ці захаваліся тыя цвікі ў нетрах звычайнай вясковай хаты, мы ніколі ўжо не даведаемся. Пазамінулай зімой закінуты дом быў разабраны і выкарыстаны ў мэтах ацяплення па ініцыятыве свайго ўласніка — Ляхавіцкай раённай бальніцы. І цяпер ад яго не засталося нават слядоў — хіба абрысы ледзь-ледзь праглядаюцца на зарослай бур’яном пустцы.

Непадалёк месціцца стары ахоўны знак, які пры жаданні таксама можна скарыстаць для нейкіх гаспадарчых патрэб. Актуальнасць ён страціў даўно — у дзейны сёння Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей сядзіба Бохвіцаў чамусьці не патрапіла.

Бадай усё, што ад яе засталося, — прыгожая і моцная камяніца з неатынкаванай цэглы. Па словах Сяргея Чарановіча, яшчэ параўнальна нядаўна яе ваколіцы былі белымі ад мукі: млын спраўна працаваў. Але цяпер будынак зачынены ды нікому не патрэбны. Хаця месца для тураб’екта, здавалася б, — самае тое. Пару кіламетраў па асфальце — і ты на баранавіцкай трасе, яшчэ хвілін дзесяць — і на М1.

Мы ж рушым пакуль што ў адваротны бок. Па дарозе Сяргей Чарановіч не толькі распавядае “рэчышча” гісторыі роду Бохвіцаў, але і дадае тыя падрабязнасці, якіх у папулярных выданнях не знойдзеш.

— Уявіце сабе, у Фларыянаве планіроўка саду ўлічвала нават пахі кветак і спевы птушак, — кажа ён, працягваючы круціць педалі. — Былі арганізаваны ўтульныя інтымныя куточкі, прызначаныя ствараць розны настрой. Эліза Ажэшка, Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры Рэймант ды іншыя госці гэта вельмі цанілі.

У Фларыянава мы ўязджаем ужо зусім з іншым пачуццем, чым у простую беларускую вёску. Хаця і разумеем, што ад тых прадуманых інтымных куточкаў нічога не засталося.

 

Герой працы. Не важна, якой

Сын мысляра Ян Отан Бохвіц праявіў сябе не толькі як грамадскі дзеяч, але і як таленавіты “гаспадарнік”. Яго маёмасць імкліва расла, і напрыканцы ХІХ стагоддзя Ян Отан амаль адначасова закладае дзве новыя сядзібы. Адну з іх называе Фларыянава — у гонар бацькі, а другую — Паўлінава, каб увекавечыць памяць маці — Паўліны Маеўскай, роднай сястры маці Адама Міцкевіча.

Неагатычныя абрысы неатынкаванага фасада ў Фларыянаве ўразаюцца ў памяць адразу і назаўсёды. Перакананыя: любы чалавек, убачыўшы яго, адразу скажа: так, гэта архітэктурны помнік! Але... у Дзяржспісе ён, зноў такі, не значыцца.

/i/content/pi/cult/390/7798/10-7.jpeg

— Калі я кіраваў гаспадаркай, дык спецыяльна пакінуў у гэтым палацы сваю кантору, каб захоўваць там жыццё, — распавядае былы старшыня мясцовага калгаса Генрых Траццяк. — Але 15 гадоў таму пайшоў на пенсію, і вось, з таго часу...

У часы Генрыха Траццяка калгас квітнеў і перавыконваў усе паказчыкі. Яго старшыня быў узнагароджаны зоркай Героя Сацыялістычнай Працы. Але... “няма таго, што раньш было”.

Новай функцыі для палаца не знайшлося, цэлых шыбін на ім станавілася ўсё меней... Генрых Траццяк, чыя хата стаіць зусім паблізу ад яго, не мог спакойна назіраць за гэтым працэсам руйнавання: сэрца крывёй аблівалася. Што ні кажы, гаспадарнік...

І вось, 75-гадовы Герой Сацыялістычнай Працы, які ў новых эканамічных варунках ператварыўся ў дробнага фермера, адважыўся на папраўдзе адчайны крок: узяць былы “офіс” сваёй гаспадаркі сабе ва ўласнасць. Напрыканцы студзеня гэтага года сход СВК пастанавіў прадаць вялізны палац за адну базавую велічыню.

/i/content/pi/cult/390/7798/10-8.jpeg

Сёння ўсе вокны на фасадзе ўжо заменены. Засталіся яшчэ карпатлівыя працы на даху, які пакрывае аўтэнтычная дахоўка.

— Раблю іх выключна сваімі рукамі, бо гэта вельмі вялікая рызыка і адказнасць, — кажа пенсіянер.

Па словах Генрыха Траццяка, адзіны фінансавы рэсурс — гэта яго ўласная пенсія, дзве траціны якой ідуць на аднаўленне палаца. Добра яшчэ, што мясцовыя ўлады патроху дапамагаюць. Прыкладам, аконныя рамы новаму ўласніку палаца дасталіся задарма — у ляхавіцкай школе іх акурат памянялі на новыя. Праўда, давялося “адаптаваць” іх да нетыповага памеру “гатычных” аконных праёмаў, ды і перафарбаваць уласнаручна: белая сталярка на фоне старой цэглы выглядала б несамавіта.

Побач з палацам, на гаспадарчым двары — дуб, які, калі верыць “састарэлай” ахоўнай шыльдзе, быў пасаджаны Элізай Ажэшка. Сяргей Чарановіч мяркуе, што гэты мемарыяльны аб’ект быў вызначаны няправільна: “сапраўдныя” дубы Ажэшкі і Рэйманта ўпрыгожвалі не гаспадарчы двор, а відавую пляцоўку, што адкрывалася з балкона. А вось Генрыха Траццяка цікавіць перадусім менавіта сімвалізм. Ён цытуе словы Ажэшкі, якая марыла, каб ініцыятыва пасадкі дрэваў была працягнутая моладдзю. Таму першым пачынам па адраджэнні палаца стала акцыя па высадцы ста дубкоў сіламі ляхавіцкага БРСМ.

Так, былы старшыня калгаса, які скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, усур’ёз цікавіцца гісторыяй гэтых мясцін. І запэўнівае: ніякага еўрарамонту ў палацы не будзе! Ён зробіць усё магчымае, каб аднавіць будынак у выглядзе, набліжаным да аўтэнтыкі.

Мэта цалкам вытлумачальная — стварэнне турыстычнага аб’екта. З музейнай часткай і кавярняй у старых скляпеннях, дзе нават кандыцыянер непатрэбны. А таксама цэнтра навукова-тэхнічнай творчасці — гэтая тэма Генрыха Траццяка цікавіць яшчэ з часоў яго старшынёўства.

— Добра, хлопцы, мы тут з вамі загаварыліся, а мне ўжо рабіць трэба, — спахапіўся наш сураўмоўца. І адразу пасля гэтага ўзяў у рукі граблі.

 

Палац — не іголка?

У двух кроках ад Фларыянава — яшчэ адзін стары палац, у вёсцы Каранеўшчына. На шчасце, ён выкарыстоўваецца, стаўшы “агменем культуры”: тут размешчаны клуб і бібліятэка.

На фасадзе ўбачылі ахоўную шыльду старога ўзору — як потым высветлілася, “састарэлую” не толькі па форме. На ганак акурат выйшла супрацоўніца ўстановы. Не прадставіўшыся, запыталі ў яе: ну і як вам жывецца ў помніку спадчыны?

— Не вельмі, — шчыра прызналася кабета. — Рамонт даўно ўжо патрэбны, ды і не ацяпляецца гэты будынак каторы год. Сельсавет кажа, што не можа вырашыць праблему самастойна... На дварэ была трыццаціградусная спёка, але калі мы ўявілі сябе ў ролі студзеньскіх наведвальнікаў неацяпляльнай бібліятэкі, па скуры адразу пайшлі мурашкі. Тут ужо нават не старую камяніцу шкада...

Далей рушым на баранавіцкую трасу. Праехаўшы па ёй пару кіламетраў, збочваем на гравійку і неўзабаве пачынаем пошукі сядзібнага дома ў вёсцы Лабузы. На фотаздымках у энцыклапедыях ды Інтэрнэце мы бачылі маленькі зграбны палацык адразу з двума класіцыстычнымі фасадамі, закінуты, але цэлы. Такім яго заспеў і Сяргей Чарановіч у свой мінулы візіт — лічаныя гады таму.

Здавалася б, палац — не іголка. Але... яго пошукі яўна зацягнуліся.

/i/content/pi/cult/390/7798/10-9.jpeg

— Мяркуючы па рассадцы дрэваў, гэта там, — праз паўгадзіны матлянняў узад-уперад наш кампаньён махнуў рукой на купку дрэваў дзесьці ў глыбіні засеянага канюшынай поля.

Мы запярэчылі: маўляў, сядзібны дом не можа месціцца пасярод чыстага поля, да яго павінна весці якая-ніякая дарога. Тым болей, яшчэ нядаўна тут былі сядзіба калгаса, крама, іншыя карысныя ўстановы. І працягнулі бясплённыя пошукі. Ажно пакуль не напаткалі на лабузоўскай вуліцы рэдкага “тубыльца” — дзядзю Пецю. Ён настолькі расчуліўся нашай турыстычнай увагай, што нават пагадзіўся стаць правадніком.

Задача гэтая, між іншым, не з простых. Не так і часта бачыш зарасці ледзь не ў чалавечы рост! А менавіта праз іх сёння вядзе адзіны шлях да палацыка, утоенага ў той самай купцы дрэваў.

Дзядзя Пеця ведае, што некалі іх вясковая адметнасць мела статус каштоўнасці ды ахоўвалася дзяржавай. Чаму яго “адмянілі”, нашаму суразмоўцу зусім няўцям. А тлумачэнне простае — ніхто не парупіўся, каб са Збору помнікаў гэты аб’ект перакачаваў у дзейны сёння Дзяржспіс. Тое самае — і ва ўсіх папярэдніх выпадках.

На сённяшні момант гэты дом можна смела ўключаць у іншы спіс — страчанай спадчыны. Мы ўбачылі густа зарослыя руіны без даху, куды без мачэтэ нават і не патрапіш. Адзін з порцікаў збольшага ацалеў, а вось мажныя калоны другога пераламаныя напалам.

Відавочна, голымі рукамі зрабіць гэта немагчыма — для такой няпростай справы абавязкова патрэбна спецтэхніка. Як яна патрапіла туды па бездарожжы? І, галоўнае, навошта? Адказ на гэтае пытанне будзе шукаць яшчэ не адно пакаленне краязнаўцаў.

 — Прадалі б гэты дом якому добраму чалавеку за мінімальныя грошы, дык сёння ён быў бы ўпрыгожаннем нашай вёскі, — кажа дзядзя Пеця.

Да гэтых мудрых слоў нават цяжка нешта дадаць. Хіба тое, што старэнькі палацык цалкам мог бы стаць адным з аб’ектаў аграэкатурызму — нешматлікіх пакуль у раёне. Мог бы, але...

(Заканчэнне будзе.)

Ілья СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

нашы спецкарэспандэнты

Мінск — Нясвіжскі раён — Клецкі раён — Ляхавіцкі раён — Баранавіцкі раён — Мінск

Фота аўтараў