Час каласоў

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Нацюрморт з трох выставак

Адразу ж пасля сямейнай выстаўкі Паплаўскіх Светлагорская карцінная галерэя “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава прадстаўляе яшчэ адну — таксама сямейную. Зрэшты, паводле ўсёй жывапіснай і кампазіцыйнай сутнасці яна падзялілася на тры персанальныя.

Старэйшына дынастыі Анатоль Бараноўскі — прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі — меў усе падставы назваць сваю так: “Камяні стагоддзяў”. Мяркуйце самі. Акрамя прасторавай карціны “Крэва” (яна сапраўды ўвасобіла непарушную моц, што захавалі муры), ёсць творы, якія ўжо назвамі сцвярджаюць менавіта такую тэматычную адпаведнасць: “Гальшаны”, “Каложа”, “Мірскі замак”, “Вызвалены Мінск” (дыптых)… Да іх вельмі натуральна дапасоўваюцца поўныя спрадвечнай прыгажосці пейзажы “Пара залатых каласоў”, “Краявід” і нават партрэтнае ўвасабленне заклапочаных побытам ці не бацькі і маці мастака. Зрэшты, іх сімвалічная абагульненасць пазбаўляе ад удакладняльных пытанняў. Тым больш што і сам твор названы “Удваіх”.

/i/content/pi/cult/390/7795/8-6.jpeg

У Светлагорскай карціннай галерэі Анатоля Васільевіча добра ведаюць: неаднойчы прыязджаў ён сюды з персанальнымі ды калектыўнымі выстаўкамі ці проста ў “групе падтрымкі” таго або іншага мастака. Пра дабрыню і незвычайную шчырасць яго ўзнікаюць легенды. Аднойчы ледзь ці не ўсю сваю выстаўку ў нас ён раздарыў. Ды калі і проста гаворыць, заўважаю, як на яго адухоўленым твары праступае па-дзіцячаму шчырая, безабаронная душа… Але і творамі шаноўнага майстра захапляюцца не менш, чым ім самім. Кожная з работ нібыта саткана з прачулага святла. У кожнай адчуваецца такая жыццесцвярджальнасць, што яна адразу ж успрымаецца як непераможная — нават насуперак трагізму ўвасобленага. Што ж да стылёвай палітры, то гэта — прасветленасць, якая нібыта ствараецца з паветра. Для творцы колер — вобраз, першаасноўнае памкненне выказаць думкі, пачуцці, экспрэсію. І ўсё ж я невыпадкова пацікавіўся, як ставіцца шаноўны майстар да пуантылізму. Адказ быў імгненны: “Вельмі сур’ёзна!” Менавіта так ставіліся да гэтай жывапіснай сістэмы многія славутыя неаімпрэсіяністы. Але Бараноўскі сваёй прасторавай канкрэтнасцю, сканцэнтраванасцю (так і хочацца сказаць: фарбавых імгненняў) ніяк не абмяжоўваецца нават праявамі пуантылізму. Самабытны, стылёва адметны мастак вызначыў новыя жывапісныя магчымасці, якіх да яго не было, — яны вядуць ад святла да святла…

/i/content/pi/cult/390/7795/8-7.jpeg

Будзем шчырыя: нешта ад бацькоўскіх набыткаў пераняла дачка Алена Бараноўская. Але час вучнёўства для яе — далёка ў мінулым. Новыя творы, аб’яднаныя ўдзячнай назвай “Сугучча”, пераканаўча сцвярджаюць гэта. Каларыт яе палітры стаў больш насычаным, сканцэнтраваным, а кожны імклівы мазок — выразна аб’ёмным. І наогул, у такіх работах, як “Сялянскі дворык”, “Восеньскі сум” ды іншыя яна цудоўна выяўляе талент чыстага рэаліста, не страчваючы звычайнай для сябе пяшчоты каларыту, якая так надзвычай натуральна праяўляецца ў творах “Майскі сон”, “Сакавік”, “На парозе зімы”, “У Айвазоўску”. Прасторавая празрыстасць, відавочная прыхільнасць да імпрэсіянізму… А “сугучча” з бацькоўскім каларытам усё больш застаецца на духоўным узроўні.

/i/content/pi/cult/390/7795/8-8.jpeg

Захапляе таленавітай вернасцю падсвядомаму рэалізму і муж Алены — Віталь Герасімаў. Творы яго, пры ўсёй іх фрагментарнасці, настолькі цэласныя, што ім ніякія багетныя абмежаванні не патрэбны. Іх зменлівая маланкавасць (“Метамарфозы ночы”, “Пасля свята”, “Цёмная кераміка”) уводзяць у такія глыбіні пачуццёвага бачання, што міжволі перастаеш верыць у створанасць — здаецца, яны існавалі заўжды. Першае ўражанне — мастак вырашае чыста жывапісныя задачы, а для гэтага “сінтэзуе” розныя, найбольш блізкія яму, стылёвыя асаблівасці выяўленчага мастацтва. Але гэта не зусім так. Ён па-філасофску “разважае фарбамі”. Дарэмна шукаць у яго карцінах пачатак або завяршэнне: усё — бясконцасць. Такая яна, падсвядомасць рэалізму. Адчуваецца, што, пры жаданні, малюнак Віталя Герасімава можа стаць “снайперскім”. Зрэшты, гэта ўжо выраз Георгія Паплаўскага, які ў тэлефоннай размове са мной вельмі ўхвальна адгукнуўся менавіта пра такую якасць шчодрага таленту мастака, з якім аднойчы ладзіў сумесную выстаўку ў Маскве. Зрэшты, той, хто пабачыць у светлагорскай экспазіцыі яго “Таямнічае сутонне”, пагодзіцца са словамі Георгія Георгіевіча. А назваў сваю экспазіцыю Герасімаў па-філасофску арыгінальна: “Нацюрморт”. Мабыць, усе яе творы (а сярод іх сапраўды нямала чатырох-, шасці- і нават васьмічасткавых нацюрмортаў) лічыць адзіным экспазіцыйным нацюрмортам.

Ды і ўсёй сумеснай экспазіцыі ўласціва бязмежнасць, якая заўжды вызначае сапраўднае мастацтва. Яна стала своеасаблівым нацюрмортам з… трох роднасных выставак.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск