Пленэр паедзе за акіян?

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Рэпартаж з “...Жыжаля-2012”

Мая камандзіроўка на міжнародны пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль” была трэцяй ад пачатку года вандроўкай у Бабруйск. З сустрэч з людзьмі, якія ладзілі фестываль “Вянок дружбы”, згаданы пленэр і ўвогуле вядуць культурную “штодзёнку” ў горадзе і раёне, я чарговы раз пераканаўся, якая гэта вялікая сіла — мясцовы патрыятызм. І яшчэ ўпэўніўся, што, калі маеш вартую ідэю, дык здзяйсняць яе трэба “тут і зараз” тымі сродкамі, якія ёсць у наяўнасці.

/i/content/pi/cult/390/7794/8-1.jpeg

Калі “Вянок дружбы” толькі распачынаўся, горад яшчэ не меў шыкоўнай “Бабруйск-Арэны”, бракавала вопыту, матэрыяльных сродкаў і арганізацыйнага рэсурсу. А цяпер на ўдзел у фестывалі стаіць чарга сваіх і замежных артыстаў. Нават бывае, што аргкамітэты іншых фэстаў просяць бабруйчан па-братэрску з імі “падзяліцца”.

Нешта падобнае адбылося і з “Арт-Жыжалем”. Распачынаўся пленэр як прыватная ініцыятыва бабруйскага мастака-кераміста Валерыя Калтыгіна, падтрыманая групай ягоных аднадумцаў. А цяпер гэта культурная акцыя міжнароднага маштабу. Бабруйскі брэнд, у сваім класе не менш значны, чым “Вянок дружбы” ў сваім. Звычайна “…Жыжаль” — гэта тры тыдні працы ў палявых умовах больш чым двух дзясяткаў мастакоў з Беларусі, краін Садружнасці і блізкага “далёкага замежжа” кшталту Польшчы альбо Балгарыі. Праўда, сёлета папрацаваць на бабруйскай зямлі з глінай прыехалі мастакі з-за акіяна. З Венесуэлы.

/i/content/pi/cult/390/7794/8-2.jpeg

Сёлетні пленэр, дзясяты па ліку, праходзіў на базе адпачынку “Вербкі” пад Бабруйскам. Арганізатары — Бабруйскі гарадскі выканаўчы камітэт, гарадское аддзяленне Беларускага саюза мастакоў і нядаўна адчынены Бабруйскі гарадскі мастацкі музей імя Георгія Паплаўскага. Дваццаць пяць удзельнікаў з Беларусі, Азербайджана, Венесуэлы, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны. Паводле традыцыі ўдзельнікі пленэру пакідаюць у Бабруйску дзве работы. Адна трапляе ў фонды музея, другая ідзе на аздобу інтэр’ераў аднаго з грамадскіх будынкаў горада. Сёлета гэта — дзіцячая бібліятэка.

8 жніўня плён пленэру стаў экспазіцыяй выстаўкі “Кола агню”, якая пасля Бабруйска паедзе ў Магілёў, а потым — у Мінск. Днём раней “Вербкі” наведала мастацкая рада, якая вызначыла, якія творчыя работы застануцца ў Бабруйску. Разам з гэтай радай ездзіў на базу керамістаў і наш карэспандэнт, якому давялося на свае вочы пабачыць творча-вытворчы працэс і пагутарыць з удзельнікамі пленэру. Адзначу, што многія прыязджаюць на “...Жыжаль” не ўпершыню і спадзяюцца, што іх будуць запрашаць і надалей. Сярод сёлетніх удзельнікаў ёсць і сталыя майстры, і студэнты мастацкіх ВНУ.

/i/content/pi/cult/390/7794/8-3.jpeg

Старэйшыя сярод удзельнікаў — наш Валерый Калтыгін і азербайджанец Мір-Тэймур Ібрагім-аглы. Яны аднагодкі. Абодвум па 65. Наймаладзейшая — студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ганна Мядзведзева.

Азербайджанскі мастак добра вядомы на радзіме, ды і за яе межамі. Ягонае асноўнае месца працы — Дзяржаўны гістарычны запаведнік Азербайджана, дзе ў амаль некранутым прыродным асяроддзі захаваліся знакі цывілізацыі, якім дзясяткі тысяч гадоў.

/i/content/pi/cult/390/7794/8-4.jpeg

Акром таго, спадар Мір-Тэймур выкладае ў мастацкай вучэльні. Ягонае захапленне гісторыяй праявілася і ў выбары тэмы, з якой ён прыехаў на пленэр. Сімвалічныя кампазіцыі азербайджанскага мастака прысвечаны паходжанню цюркскага этнасу. Аднак, ён надае ўвагу і сучасным рэаліям. У шэрагу ягоных кампазіцый кераміка імітуе фактуру металу і структурна нагадвае ці то прамысловы аб’ект, ці то тэхнічны вузел. Для спадара Мір-Тэймура кераміка цікавая найперш як поле для творчага эксперымента і імправізацыі, дзе ўсё прадбачыць немагчыма, дзе выпадковасць можа істотна паўплываць на канчатковы вынік. На пленэр ён прывёз тэму, але не гатовы вобраз — а ўжо сам матэрыял, асаблівасці тэхналогіі і атмасфера падказалі канкрэтнае рашэнне.

Цягам года азербайджанскі мастак распрацоўвае ідэю мастацкага фестывалю на сваёй радзіме, які па маштабах будзе нават пераўзыходзіць бабруйскі пленэр і, у адрозненне ад “…Жыжаля”, ахопіць іншыя віды творчасці. Вопыт працы на пленэры ў гэтым сэнсе яму добра прыдасца.

Ася Вахмістрава, маладая мастачка з Санкт-Пецярбурга, гаворыць, што для яе найбольшая каштоўнасць “…Жыжаля” ў магчымасці пазнаёміцца з вопытам сваіх калег з іншых краін. Добрае ўражанне на яе зрабілі беларускія мастакі. Калі параўнаць тое, што яна ведала пра беларускую кераміку калісь, з тым, што яна бачыць зараз, — прагрэс велізарны. У беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве выразна адчуваецца “заходні вектар”, творчае асэнсаванне сучаснага еўрапейскага і сусветнага досведу. Выклікае павагу і тое, што беларусы на дасягнутым не спыняюцца. Папулярныя сярод шэрагу мастакоў спробы імітаваць у кераміцы іншыя матэрыялы — метал, дрэва, тканіну — спадарыня Ася лічыць учарашнім днём. Імітацыя ўвогуле не падаецца ёй плённым шляхам, не ўяўляе самастойнай каштоўнасці і можа быць цікавай толькі ў асэнсаваным кантэксце. Мастачка гаворыць, што сэнс творчай працы — у раскрыцці натуральных якасцей матэрыялу.

/i/content/pi/cult/390/7794/8-5.jpeg

Валерый Калтыгін, заснавальнік і нязменны кіраўнік пленэру, тлумачыць цікавасць мастакоў да падзеі тым, што тут яны робяць не тое, чаго ад іх патрабуе мастацкі рынак, а тое, што ім насамрэч падабаецца рабіць. Некаторыя прыязджаюць сюды ўжо па пяць-шэсць разоў. Уласна кажучы, ад тых, хто прыехаў упершыню, не варта адразу ж чакаць выніку. "Трэба пабываць на “…Жыжалі” некалькі разоў, каб засвоіць асаблівасці абпалу керамікі менавіта ў гэтых печах, спецыфіку работы менавіта з гэтай глінай, нарэшце, прызвычаіцца да рэжыму працы і адпачынку на пленэры. Таму я за тое, каб запрашаць на пленэр адных і тых жа мастакоў раз за разам. Але ёсць небяспека, што, прызвычаіўшыся да чагосьці, мастак пачынае ставіцца да працы як да завядзёнкі, губляе творчы запал. Так што пэўная “ратацыя кадраў” неабходная. Ды і геаграфію пленэру варта пашыраць… ".

Спадар Валерый усё часцей задумваецца і пра тое, каму ў перспектыве можна будзе, так бы мовіць, перадаць сцяг. Нават пры добрым стаўленні да пленэру дзяржаўных інстытуцый, пры наяўнасці спонсараў “ролю асобы” ў дадзеным выпадку цяжка пераацаніць. Кіраўнік пленэру і працу мусіць ведаць, і творцам быць, і з людзьмі ўмець ладзіць. Адным словам, быць як… Валерый Калтыгін. А дзе ты другога Калтыгіна возьмеш!?

/i/content/pi/cult/390/7794/9-1.jpeg

А тым часам на Валерыя Аркадзьевіча паклалі вока венесуэльцы. Яны ўжо хочуць праводзіць такі ж пленэр у сябе на радзіме і разважаюць пра магчымасць запрасіць нашых майстроў для дапамогі ў арганізацыі творча-вытворчага працэсу.

Мінск — Бабруйск — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"