Планы і задумы шляхетнага рэжысёра

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Сем пытанняў Вячаславу Нікіфараву

13 жніўня спаўняецца 70 гадоў выдатнаму кінарэжысёру Вячаславу НІКІФАРАВУ, на стужках якога гадавалася не адно пакаленне беларусаў і гледачоў ва ўсіх кутках былога СССР. Менавіта Вячаслаў Аляксандравіч стаў адным з тых, хто ствараў славу “Беларусьфільма” у 1970 — 1980-я.

/i/content/pi/cult/390/7793/2-2.jpeg

Аўтар шырокавядомых стужак "Зімародак", "Хлеб пахне порахам", "Фруза", "Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы", "Шляхетны разбойнік Уладзімір Дуброўскі" ніколі не засяроджваўся на адной тэматыцы. У яго творчым даробку і ваенная, і дзіцячая, і гістарычная тэма. І неўміручая класіка, дзякуючы якой стужкі Нікіфарава сталі амаль такімі самымі хрэстаматыйнымі, як і творы Пушкіна ды Тургенева, па якіх яны здымаліся.

 

/i/content/pi/cult/390/7793/2-3.jpeg

Пры гэтым Нікіфараў заўсёды застаецца сучасным. Так, адным з першых у нашым кіно Вячаслаў Нікіфараў паспрабаваў выказацца і наконт наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Вячаслаў Аляксандравіч заўсёды імкнецца рабіць сваё кіно максімальна даступным і відовішчным. Такім чынам, галоўнае правіла карцін Нікіфарава - быць цікавым для публікі. Менавіта апошняе дапамагло рэжысёру застацца ў прафесіі і здымаць кіно ў тыя гады, калі большасць яго калег у разгубленасці спыніліся ў сваім творчым развіцці.

/i/content/pi/cult/390/7793/2-4.jpg

Вячаслаў Нікіфараў належыць да таго пакалення творцаў, якія раней за іншых пачалі выкарыстоўваць магчымасці "малога экрана" і ствараць карціны для тэлебачання. Няхай сучаснае тэлевізійнае кіно здымаецца па іншых стандартах, чым у папярэднія часы, майстэрства Нікіфарава дазваляе таму ствараць годныя карціны, якія з задавальненнем глядзяць мільёны.

Вось і зараз Вячаслаў Аляксандравіч здымае ў Мінску стужку пад працоўнай назвай "Клянёмся абараняць", якую неўзабаве ўбачыць вялізная колькасць гледачоў аднаго з расійскіх тэлеканалаў. Але мы, зразумела, верым, што ў хуткім часе Майстар абавязкова звернецца ў сваіх творах да нацыянальнай тэматыкі. Тым больш, ведаем, планы і задумы наконт апошняй у Вячаслава Нікіфарава ёсць.

/i/content/pi/cult/390/7793/2-1.jpeg

Карэспандэнты "К" скарысталіся зручным момантам на здымачнай пляцоўцы ў перапынку паміж дублямі, каб задаць Вячаславу Нікіфараву напярэдадні яго свята некалькі пытанняў.

Адказы на іх, як нам падаецца, характарызуюць яркі і энергічны характар рэжысёра. Вячаслаў Аляксандравіч адказаў на нашы пытанні пісьмова, папрасіўшы захаваць свае адказы ў нязменным выглядзе.

/i/content/pi/cult/390/7793/2-5.jpg

- Вячаслаў Аляксандравіч, што для Вас самае цікавае ў кіно?

- Віртуальнасць.

- Як стаць паспяховым у кіно? У Вячаслава Нікіфарава ёсць свой рэцэпт?

- Працаваць да сёмага поту па ўсіх кірунках.

- Чым можна здзівіць Вячаслава Нікіфарава?

- Неверагоднай відавочнасцю.

- Самы прыемны ўспамін у жыцці рэжысёра Нікіфарава?

- Дзясятак найцікавых знаёмстваў: Леў Куляшоў і Аляксандра Хахлова, Уладзімір Самойлаў, Мая Булгакава, Даніэль Альбрыхскі, Галіна Макарава, Элем Клімаў, Генадзь Бураўкін, Цёця Валя, Дзядзя Валодзя.

- Тры словы, якімі можна акрэсліць характар Нікіфарава.

- Прагнасць, ханжаства, мізантропія - гэта не маё!

- Што можаце пажадаць тым, хто хоча звязаць жыццё з кіно?

- Бяжыце як мага далей ад кіно. Калі зможаце.

- Без каго (ці чаго) Вячаслаў Нікіфараў не ўяўляе жыццё?

- Без маіх дзяцей. Без музыкі.

З днём нараджэння, Вячаслаў Аляксандравіч, здымайце як мага больш цікавых стужак!

Антон СІДАРЭНКА, Юрый ІВАНОЎ

На здымках: ідзе праца над новай стужкай рэжысёра.

Фота Юрыя ІВАНОВА