Пікнік з каларытам

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

У першую суботу жніўня на беразе Іслачы непадалёк ад Ракава адбыўся арт-пікнік “Freaky Summer Party-2012”. Мерапрыемсва арганізавана адным са сталічных клубаў пры падтрымцы Валожынскага райвыканкама.

Гэтае свята ладзіцца ў Беларусі пяты раз, і сёлета яно набыло сапраўды міжнародны статус: на пікнік прыехалі госці з Расіі, Літвы і Фінляндыі. Пад час мерапрыемства адбыліся выступленні больш як 20 дзі-джэяў і калектываў, былі зладжаны майстар-класы 13 творчых студый і аб'яднанняў, а колькасць наведвальнікаў перасягнула тысячу чалавек.

Праграма пікніка была пабудавана так, каб кожны з удзельнікаў меў магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці і таленты. Кожны мог пабыць вулічным мастаком на майстар-класе па стрыт-арце, павучыцца танцаваць бразільскія танцы... Арт-пікнік стаўся таксама і тэрыторыяй для правядзення іншых мерапрыемстваў, у прыватнасці - праекта "Фотасушка", пра які пісала "К".

А ўвечары на галоўнай сцэне дзі-джэі мудравалі за сваімі пультамі, а танцы працягваліся пад купалам светлавых хваль. Напрыканцы свята на сцэну выйшлі галоўныя музычныя госці пікніка - гурт з Фінляндыі LCDMF.

Алена МАЧУЛЬСКАЯ