Шляхетную назву Каралішчавічы атрымалі ў XVI стагоддзі, калі яны з’яўляліся вялікакняжацкім уладаннем. Але ўжо ў XVII ст. гэты “двор” перайшоў у прыватную ўласнасць князёў Друцкіх-Горскіх.
У пачатку XVIIІ ст., у эпоху Асветніцтва, у Каралішчавічах запанавалі новыя гаспадары — Прушынскія гербу “Любіч”, чый род паходзіў з Падляшша. Прыкладна ў сярэдзіне XVII ст. прадстаўнікі гэтага роду аселі на Міншчыне. У 1719 г. Каралішчавічы, Лошыцу і прылеглыя вёскі набыў у Друцкіх-Горскіх Юрый Антоній Прушынскі. Яго старэйшы сын і спадкаемец Язэп займаў пасаду маршалка Галоўнага трыбунала ВКЛ, быў кавалерам ордэнаў Белага Арла і св. Станіслава. У маладосці ён атрымаў адукацыю ў езуітаў у Рыме і, пад іх уплывам, у сталым узросце змяніў мундзір на біскупскую мантыю, але перад тым перадаў Каралішчавічы свайму сыну Станіславу (1753 — 1800 гг.), генерал-ад’ютанту караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. За не надта доўгі век гэты вяльможа паспеў пабудаваць у сваіх уладаннях ажно 8 касцёлаў, сярод іх 2 — у Мінскім павеце: у Каралішчавічах (у 1785 г.) і ў Новым Двары (у 1792 г.).
Напрыканцы XVIIІ ст. Станіслаў заклаў у Каралішчавічах даволі сціплы сядзібны дом з гаспадарчымі пабудовамі і прысадай. Яго маёнтак знаходзіўся на супрацьлеглым ад вёскі беразе Свіслачы на ўзгорку з тэрасамі.
Сядзібны дом уяўляў сабой прадаўгаваты драўляны будынак са стромкімі франтонамі, накрытымі гонтам. Ён традыцыйна падзяляўся на дзве часткі, пасярэдзіне меў уваход з ганкам, звернуты да ракі.
Пакоі былі абсталяваны даволі сціплай мэбляй XVIIІ — ХІХ стст., сярод якой вылучалася велізарная шафа. На сценах віселі партрэты паноў-гаспадароў: Язэпа Прушынскага і
іншых. Паводле родавага падання, у 1797 годзе ў гэтым сядзібным доме Станіслаў Прушынскі прымаў расійскага імператара Паўла І, і манарх узнагародзіў уладальніка ордэнам св. Ганны і прызначыў маршалкам Ігуменскага павета. Магчыма, яшчэ раней у Каралішчавічах і Лошыцы бываў і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Да нашых часоў сядзібны дом, на жаль, не датрываў: у 1989 г. ён раптоўна згарэў. Цяпер на яго месцы стаяць катэдж і лесапільня новага гаспадара — мясцовага прадпрымальніка. Толькі вялізны амбар канца ХІХ ст. з чырвонай цэглы, драўляная лесвіца, якая спускаецца з тэрасы, і рэшткі старога ліпавага парку нагадваюць аб колішнім панаванні Прушынскіх. Ад сядзібнага дома захаваўся цокальны паверх са скляпеністай столлю.
Яшчэ адна з мясцовых легенд распавядае пра падземны лёх, які праходзіць ад сядзібы пад рэчышчам Свіслачы і скіроўваецца ў бок узгорка, на якім стаяў касцёл, пабудаваны Станіславам Прушынскім. Гэтая бажніца была перабудавана да непазнавальнасці, і зараз у ёй размяшчаецца Каралішчавіцкі сельскі дом культуры, атачоны старымі ліпамі. А ў далёкім 1786 годзе гэты касцёльчык быў асвячоны ў гонар Апекі Маці Божай. Тады ён быў трохнефавай базілікай, упрыгожанай дзвюма вежамі. У інтэр’еры размяшчаліся чатыры алтары, “на оптыцы маляваных”, у стылі ракако.
Цэнтральны алтар упрыгожвала шкляная манаграма Панны Марыі. У гэтым сціплым касцёльчыку ў 1830-ыя гады навучаўся ігры на “анёльскім інструменце” — аргане — “бацька польскай оперы” Станіслаў Манюшка, ураджэнец маёнтка Убель на Ігуменшчыне. У той час ён быў яшчэ падлеткам...У 1850 — 80-ыя гг. касцёл грунтоўна перабудавалі ў стылі класіцызму. Тады ён страціў абедзве вежы і набыў порцік. Каля храма паўстала трох’ярусная званіца і неагатычная цагляная брама з агароджай.
З 1800 г. маёнткам Каралішчавічы валодаў старэйшы сын Станіслава Прушынскага — Міхал, падкаморый літоўскі, якому ў першай палове ХІХ ст. належала і Заслаўе. Апошнім уладаром Каралішчавічаў быў яго нашчадак і цёзка, таксама Міхал Прушынскі — член Мінскага зямельнага таварыства.
Напрыканцы хочацца дадаць наступнае. На жаль, турыстычныя маршруты пакуль абмінаюць Каралішчавічы. Але было б вельмі добра, калі б на будынку Дома культуры — былога касцёла — з’явілася памятная шыльда, якая б інфармавала аб гістарычным мінулым будынка. Магчыма, тады гэтае паселішча трапіла б у поле зроку турыстаў і шматлікіх аматараў творчасці нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі.
Алег ФРАНЦУЗАЎ,
навуковы супрацоўнік
Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі
На здымках: 1. Былы касцёл, цяпер — Дом культуры;
2. Рэшткі амбара ХІХ ст.
Фота аўтара