“Калі ў раёне схамянуцца, можа быць позна…”

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Ці варта нашым этнакалектывам выходзіць на ўзровень “Еўрабачання”?

 

Матэрыял "К" "Everybody dance, або Чаму івесьскія бабулі - лепшыя за "Буранаўскіх...", наколькі я ведаю, выклікаў небеспадстаўную цікавасць у некаторых начальнікаў аддзелаў культуры Беларусі. Як даведаўся, яны захапіліся ідэяй паехаць з аўтэнтычным калектывам на "Еўрабачанне-2013" і ўжо нават плануюць "прабіваць" сваіх бабуль ды падаваць заяўкі для ўдзелу ў нацыянальным адборы на прэстыжны міжнародны конкурс.

Усё гэта - маю на ўвазе інтарэс да народнай творчасці і да носьбітаў беларускай спеўнай традыцыі - вельмі добра. І, безумоўна, нашы бабулі заслугоўваюць павагі і таго, каб пра іх казалі і пісалі. Але... Я лічу, што нашы аўтэнтычныя гурты ўздымаць да ўзроўню "Еўрабачання" не трэба. Прычым гэта не толькі мая думка: размаўляў на гэты конт з іншымі вядомымі беларускімі фалькларыстамі, якія таксама выказалі адмоўнае стаўленне да ідэі паездкі беларускага аўтэнтычнага гурта на названы міжнародны конкурс.

Чаму? Адказ ляжыць на паверхні. Калі пайсці гэтым шляхам - і дайсці, такім чынам, ажно да "Еўрабачання", - дык мы імгненна страцім усё назапашанае і напрацаванае, згубім арыенціры. Бізнес, па маім - ды і не толькі па маім - меркаванні, проста знішчыць традыцыйную культуру. А ў нас і без таго мала засталося носьбітаў традыцыі, таму, як я лічу, да яе трэба ставіцца з далікатнасцю і піетэтам.

І яшчэ не магу не сказаць вось пра што. У раёнах працуе шмат бібліятэкараў, філолагаў, карацей кажучы, адукаваных людзей... Чаму б ім не напісаць пра сваіх бабуль, пра тыя аўтэнтычныя калектывы, якія існуюць у раёне, а не чакаць, склаўшы рукі, што да іх прыедуць сталічныя журналісты? Падобных матэрыялаў якраз-такі цяпер вельмі не стае, а носьбіты традыцыйнай культуры паступова адыходзяць. Калі ж у раёне схамянуцца, можа быць ужо позна...

Мікола КОЗЕНКА, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня", этнахарэограф