Як знайсці экскурсавода ў Міры і Нясвіжы?

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Чатыры тэлефанаванні пасля экскурсіі, што не адбылася

У рэдакцыю “К” прыйшоў ліст нашай сталай чытачкі Марты Верашчакі. Пісьмо датычыць Замкавага комплексу “Мір” і Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля. Матэрыял чытача набывае асаблівую значнасць і з той прычыны, што, згодна з паведамленнем Міністэрства культуры Беларусі, у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” з часу яго афіцыйнага адкрыцця (з 21 ліпеня па 7 жніўня) пабывала рэкордная колькасць наведвальнікаў — каля 30 тысяч чалавек.

Вось вытрымкі з ліста: "Калі на прадпрыемстве прапанавалі паездку па маршруце "Нясвіж - Мір - возера Свіцязь" ад агенцтва "Мінск-турыст", адразу набралася група. Але па прыездзе ў першы населены пункт удзельнікаў вандроўкі чакаў сапраўдны "сюрпрыз": "У Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі ў гэты дзень не аказалася экскурсавода". Турыстам патлумачылі, што "аказваецца, звычайна ў палацы купляюць толькі білеты і амаль ніхто экскурсіі не замаўляе, таму экскурсаводаў у іх мала. А мінскі экскурсавод не мае права праводзіць экскурсіі ў палацах". Чытачка звярнула ўвагу і вось яшчэ на якую праблему: "Пасля нашага візіту ў палац мы шпацыравалі па парку, дзе таксама з'явілася пытанне да таго ж мінскага экскурсавода (а ў каго ж яшчэ запытаць?): а ці можам мы набыць кнігі, брашуры з інфармацыяй пра палац, яго ўладальнікаў? Мо так даведаемся пра гісторыю нашых культурных помнікаў?" Але, як піша Марта Верашчака, даведачна-турыстычных матэрыялаў "нідзе не аказалася і ніхто не ведае, ці прадаюцца яны ўвогуле непадалёк ад палаца". Практычна такая ж сітуацыя чакала і ў Мірскім замку...

Тэлефанаванне першае. "Штат - не гумовы!"

Каб разабрацца ў праблеме, "К" патэлефанавала дырэктару Замкавага комплексу "Мір" Вользе Папко.

- Часам у выхадныя да нас прыязджаюць на экскурсіі каля 3 тысяч чалавек, - паведаміла яна. - А штат - не гумовы, ды і не хопіць ніякага штату экскурсаводаў на такую колькасць наведвальнікаў. Напрыклад, у ліпені за месяц мы прынялі 37 тысяч гасцей, а з пачатку года - 147 тысяч! Калі б гэтая мінская фірма паклапацілася і замовіла экскурсавода загадзя, падобнай праблемы, якая агучана ў лісце ў рэдакцыю "К", не ўзнікла б, - пераканана Вольга Папко.

Што да іншай праблемы - адсутнасці даведачна-турыстычнай літаратуры, - дык, па словах дырэктара, яна не мае пад сабой глебы: набыць літаратуру можна як у самім музеі, так і ў яго наваколлях.

Тэлефанаванне другое. "Турфірма не парупілася"

Амаль тое ж распавялі "К" і ў Нясвіжскім палацава-паркавым музеі. Як зазначылі ў экскурсійным бюро ўстановы, супрацоўнікам у выхадныя даводзіцца ладзіць па 6-8 экскурсій у дзень, таму і бываюць такія выпадкі, калі экскурсаводаў для ўсіх ахвотных не стае. Каб неяк вырашыць праблему, часам даводзіцца аб'ядноўваць некалькі турыстычных груп у адну. Але і ў Нясвіжскім палацава-паркавым музеі перакананы, што калі б турфірма парупілася, сітуацыя б склалася зусім інакш.

Тэлефанаванне трэцяе. "Праблема сталая"

Дык няўжо ва ўсім вінаватая толькі фірма "Мінск-турыст"? З высновай катэгарычна не згодная намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Вікторыя Емяльянава. Як распавяла "К" суразмоўца, і ў Міры, і ў Нясвіжы падобныя праблемныя сітуацыі стала ўзнікаюць як у летні перыяд, так і пад час навагодніх ды калядных святаў. Вось і цяпер, летам, замовіць загадзя экскурсавода, напрыклад, на суботу ці нядзелю, патэлефанаваўшы ў Мір ці Нясвіж у сераду, папросту немагчыма. Ды і ўвогуле, па словах Вікторыі Емяльянавай, бывае, што экскурсаводаў у папулярныя музеі трэба замаўляць на месяц наперад. Натуральна, турфірме прадугледзець заказ наперад - складана.

На думку намесніка генеральнага дырэктара агенцтва, ёсць два шляхі вырашэння пытання: або павялічыць штат супрацоўнікаў знакавых музейных устаноў Беларусі, або дазволіць мінскім экскурсаводам самім ладзіць экскурсіі ў Міры і Нясвіжы.

Тэлефанаванне чацвёртае. Дамовы ці аўдыягіды?

Каб паставіць кропку ў гэтым міні-расследаванні, "К" звярнулася да намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Гаўрылавай.

- Сапраўды, агучаная праблема пастаянна ўзнікае ў летні перыяд як у Мірскім замку, так і ў Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі, - адзначыла яна. - І гэта нягледзячы на тое, што мы значна пашырылі штаты устаноў, выканаўшы ўсе іх заяўкі.

Для вырашэння праблемы, па словах Святланы Гаўрылавай, ёсць тры шляхі. Па-першае, варта заключаць дамовы на летні перыяд з тымі спецыялістамі, якія могуць аказваць экскурсійныя паслугі ў Мірскім замку і ў Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі. Гэта могуць быць таксама і экскурсаводы з Мінска, якія, натуральна, павінны прайсці атэстацыю і даказаць сваё права ладзіць экскурсіі. Пра гэта, нагадала Святлана Гаўрылава, дасягнута дамоўленасць на сумесным пасяджэнні міністэрстваў культуры ды спорту і турызму краіны, што адбылося летась у Замкавым комплексе "Мір".

Па-другое, на думку прадстаўніка Міністэрства культуры, неабходна больш шырока выкарыстоўваць аўдыягіды. Напрыклад, у Мірскім замку працуе цяпер 160 адзінак падобнай тэхнікі, што часткова здымае агучаную праблему, асабліва для невялікіх турыстычных або сямейных груп.

- Цяпер мы закупілі 70 аўдыягідаў для Нясвіжскага музея і ў самым хуткім часе запусцім іх ва ўстанове культуры, - зазначыла Святлана Гаўрылава. - Магу адзначыць: попытам аўдыягіды карыстаюцца ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, дзе падобная экскурсія ўключана ў кошт білета.

Па-трэцяе, можна і трэба, па словах суразмоўцы "К", аптымізаваць на летні час работу з наяўным штатным раскладам: пераводзіць, напрыклад, на працу экскурсаводамі іншых супрацоўнікаў музея, і, такім чынам, вырашыць надзённую праблему. Усе неабходныя механізмы для наладжанай працы знакавых музейных устаноў, як бачна, маюцца ў наяўнасці, таму вырашэнне ўзнятага чытачкай газеты пытання цалкам залежыць ад высілкаў мясцовага кіраўніцтва, зазначыла Святлана Гаўрылава.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"