Мары патрыярха

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Адным з самых знаных даследчыкаў культуры мінулых эпох па праве лічыцца доктар філалагічных навук, супрацоўнік Інбелкульта Адам Мальдзіс, які днямі адзначыў 80-гадовы юбілей.

Урачыстасці адбыліся ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, куды прыйшлі родныя і сябры даследчыка, яго землякі, вучні.

Аднак Адам Восіпавіч не толькі прымаў віншаванні і падарункі, але і пазнаёміў гасцей з малавядомымі старонкамі сваёй біяграфіі, у прыватнасці, расказаў пра першыя крокі ў навуку, працу па выяўленні і вяртанні на Радзіму вывезеных каштоўнасцей.

А мара Адама Мальдзіса - вырвацца з тлуму горада і болей часу праводзіць на роднай Астравеччыне. Для рэалізацыі мары дарэчны падарунак ад землякоў - ноўтбук.

Як падкрэсліў намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі, не толькі наша пакаленне, але і будучыя павінны быць удзячнымі за карпатлівую і плённую дзейнасць патрыярха беларусазнаўства. Юбіляр атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства.

К.А.