Класікі і іх музеі

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Што сёння ўяўляюць сабой мемарыяльныя музеі на постсавецкай прасторы? Якія пытанні ставяць перад сабой іх супрацоўнікі, і якія новыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца для прыцягнення турыстаў? Усе гэтыя пытанні ляглі ў аснову міжнароднага “круглага стала” “Актуальныя праблемы мемарыяльных музеяў. Традыцыі і наватарства ў іх развіцці і дзейнасці”.

Днямі ён адбыўся ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў рамках мерапрыемстваў да 130-годдзя з дня нараджэння класіка.

Як адзначыў намеснік міністра культуры нашай краіны Тадэуш Стружэцкі, у Беларусі вялікая ўвага дзяржавы ўдзяляецца і развіццю айчынных музеяў, у тым ліку мемарыяльных, прысвечаных значным постацям нашай гісторыі. На думку намесніка міністра, важна, каб экспазіцыі мемарыяльных музеяў былі цікавыя не толькі для іх сталых наведвальнікаў, але і для моладзі, пацвярджэннем чаму стала новая экспазіцыйная зала ў сталічным музеі Янкі Купалы, дзе выкарыстоўваюцца найноўшыя тэхналогіі. У сваю чаргу, Міністэрства культуры гатова падтрымаць міжнародныя музейныя праекты.

Працягнуў тэму міжнароднага супрацоўніцтва і старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, які падкрэсліў, што сёння не хапае актыўных стасункаў паміж музейшчыкамі з краін блізкага замежжа. Аднак, на яго думку, не толькі гэта павінна выклікаць занепакоенасць. Справа ў тым, што на Беларусі ў параўнанні з суседнімі краінамі катастрафічна не хапае мемарыяльных музеяў, пры тым, што надзвычай шмат постацей з нашай гісторыі годныя асобных экспазіцыйных пляцовак.

Падзяліліся думкамі наконт развіцця на сучасным этапе мемарыяльных музеяў і замежныя госці "круглага стала". У прыватнасці, дырэктар Усерасійскага музея А.С. Пушкіна Сяргей Някрасаў зазначыў наступнае:

- У нашых музеях, у тым ліку Імператарскім Царскасельскім ліцэі, які нядаўна адзначыў сваё 200-годдзе, мы імкнёмся не толькі захаваць аўтэнтычнасць будынка і яго старадаўнюю атмасферу, але і ўключыць сучасныя прыёмы, што выклікае пэўныя цяжкасці. Тым не менш, цяпер у тым жа Імператарскім Царскасельскім ліцэі-музеі можна ўбачыць не толькі прадметы эпохі Аляксандра Пушкіна, але і больш познія фотаздымкі, кінахроніку, дакументальныя стужкі. Акрамя таго, у нас маюцца выставачныя пляцоўкі, на якіх могуць часова экспанавацца і праекты беларускіх калег, у тым ліку Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Што да вынікаў "круглага стала", то ў хуткім часе плануецца адкрыццё выстаўкі з фондаў Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Літаратурным музеі Аляксандра Пушкіна ў Вільнюсе, а таксама чакаецца плённае супрацоўніцтва з Літаратурным музеем Курска, горада, у якім частку свайго жыцця правёў класік нашай літаратуры і дзе сёння захоўваецца памяць пра нашага Песняра. Акрамя таго, па словах дырэктара Коласаўскага дома Зінаіды Камароўскай, існуюць задумы ажыццявіць сумесныя праекты з расійскім Дзяржаўным музеем А.М. Горкага.

Удзельнікі "круглага стала" таксама наведалі і філіял "Мікалаеўшчына", дзе адбыліся святочныя мерапрыемствы з нагоды 100-годдзя першай сустрэчы народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У прыватнасці, на мемарыяльнай сядзібе Смольня адкрылі памятны знак у гонар 100-годдзя першай сустрэчы нашых славутых Песняроў, а таксама - выстаўку "Шляхам Янкі Купалы да Якуба Коласа" з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"