Моталь — сінонім смачнага

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

З 11 па 12 жніўня ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна, што на Брэстчыне, пройдзе юбілейны, пяты па ліку, фестываль “Мотальскія прысмакі”.

Самабытнасць кулінарных традыцый Палесся з кожным годам прыцягвае ўсё больш як беларускіх, так і замежных турыстаў. Леташні фестываль наведалі каля 10 тысяч чалавек, і, на думку арганізатараў, сёлета, магчыма, гэтая лічба акажацца перасягнутай удвая.

Як паведаміла "К" дырэктар Мотальскага музея народнай творчасці і адна з арганізатараў фестывалю Вольга Мацукевіч, праграма мерапрыемства, як і заўжды, - цікавая і насычаная. Першы дзень фестывалю будзе прысвечаны 590-годдзю вёскі Моталь. Пасля цырымоніі адкрыцця пройдуць круглы стол на тэму "Мястэчкі Беларусі ў прасторы часу", прадстаўленне "Моталь у Моталі", забаўляльная праграма "Сёння свята ў маталян". Кожны ахвотны зможа наведаць фотавыстаўку, прысвечаную вёсцы ды яе жыхарам.

Другі дзень стане святам мотальскай кухні. Запланаваны дэфіле-карнавал кулінарных вырабаў, конкурс-дэгустацыя страў сярод маладых гаспадынь Іванаўскага раёна. Цягам свята будуць працаваць гандлёвыя рады, дзе кожны зможа пакаштаваць і набыць каўбасы, сала, сыр, вэнджаную рыбу, пірагі і многія іншыя вырабы. Таксама ў гэты дзень адбудзецца тэатралізаванае шэсце. А на сцэнічных пляцоўках будуць выступаць калектывы раёна.

Вёска Моталь з'яўляецца малой радзімай першага прэзідэнта Ізраіля, і таму ў рамках экскурсійнай праграмы фестывалю кожны зможа наведаць дом-музей Хаіма Вейцмана. Для гасцей таксама будзе працаваць Мотальскі музей народнай творчасці.

Алена МАЧУЛЬСКАЯ