“…Вікторыя і Альберт” наведаюць Мінск і Нясвіж

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

З 15 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і з 16-га ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” будзе праходзіць выстаўка “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600—1800” з фондаў лонданскага Музея Вікторыі і Альберта. Гэта найбуйнейшы ў свеце збор твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну.

Музей Вікторыі і Альберта ўпершыню адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 1852 годзе. Праўленне Вікторыі - найвышэйшы ўздым Брытанскай імперыі. Краіну ў гэты час паважліва называлі "майстэрняй свету", яе статус лідара прамысловага развіцця і тэхнічнага прагрэсу быў неаспрэчным. Першымі ў свеце здзейсніўшы прамысловую рэвалюцыю, брытанцы, адпаведна, першымі сутыкнуліся з патрэбаю эстэтычнага аздаблення тыражаваных вырабаў.

/i/content/pi/cult/390/7779/1-2.jpeg

Пошукі новай эстэтыкі для новай вытворчасці ў сваю чаргу справакавалі цікаўнасць да гісторыі матэрыяльнай культуры, часткай якой з'яўляецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На гэтай хвалі і ўзнік славуты музей. Ягоныя фонды і сёння ўзбагачаюцца новымі творамі.

/i/content/pi/cult/390/7779/1-6.jpeg/i/content/pi/cult/390/7779/1-3.jpeg

Выстаўка ўжо паездзіла па свеце - Карэя, Аўстралія, Злучаныя Штаты Амерыкі. Апошні на сёння прыпынак - Мастацкі музей ў Аклахома-Сіці, ЗША. Выстаўка складаецца з тэматычных раздзелаў. Яна распавядае пра каралеўскае апякунства над мастацтвам у перыяд паміж 1600 і 1800 гадамі. Пра вайсковую славу і культ вайны і перамогі ў афіцыйным мастацтве і побыце сацыяльнай эліты. Пра эстэтычную аздобу рэлігійнай містыкі. Пра ўтылітарную прыгажосць арыстакратычнага жытла. І, нарэшце, пра ролю моднага адзення ў фарміраванні сацыяльнага іміджу.

/i/content/pi/cult/390/7779/1-8.jpeg

Напярэдадні адкрыцця выстаўкі наш карэспандэнт распытваў яе куратараў у Мінску і Нясвіжы.

Святлана ПРАКОП'ЕВА, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь:

- Выстаўкі замежнага мастацтва праводзіліся ў нашым музеі яшчэ тады, калі ён быў Дзяржаўным мастацкім музеем Беларускай ССР. Магу, у прыватнасці, згадаць экспазіцыю карцін Дрэздэнскай галерэі. Гэтую традыцыю мы доўжым і сёння. Штогод мы прымаем некалькі замежных выставак. Калі справа датычыць краін Заходняй Еўропы, да арганізацыі выставак далучаюцца Міністэрства замежных спраў і нашы дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжою.

/i/content/pi/cult/390/7779/1-9.jpeg

Наталля ЖАРКО, намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж":

- У Нясвіжы выстаўка з Лондана для наведвальнікаў будзе працаваць з 17 жніўня да 4 лістапада. Наш музей толькі-толькі адкрыўся. І выстаўка з Музея Вікторыі і Альберта для нас міжнародны дэбют. Дагэтуль мы мелі кантакты толькі з культурнымі ўстановамі нашай краіны. Праект, што мае здзейсніцца, - вялікая адказнасць і важны досвед. І не толькі для нас, музейшчыкаў, - для ўсёй Беларусі.

/i/content/pi/cult/390/7779/1-5.jpg

Наша краіна ўпершыню прымае са Злучанага Каралеўства выстаўку такога ўзроўню. Дарэчы, гэтую экспазіцыю брытанцы ўпершыню прадстаўляюць на дзвюх пляцоўках. У часе туру па краінах свету яна заўжды экспанавалася ў адным музеі.

/i/content/pi/cult/390/7779/1-10.jpeg

Гэты праект ініцыяваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, рэалізаваны з дапамогаю Пасольства Беларусі ў Злучаным Каралеўстве. На згоду Вялікабрытаніі уключыць Беларусь у спіс краін, якія прымуць выстаўку, мабыць, паўплывалі і юбілейная дата - 20 гадоў усталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Злучаным Каралеўствам, і Алімпійскія гульні ў Лондане як падстава для распаўсюджання брытанскай культуры ў свеце. А тое, што яна будзе экспанавацца ў нас, дык Нясвіж сёлета - Культурная сталіца Беларусі. І умовы для экспанавання ў нас добрыя. У лютым, калі брытанскія эксперты аглядалі ў Беларусі экспазіцыйныя пляцоўкі, яны спыніліся на Нацыянальным мастацкім музеі і нашым. Праўда, нам выказалі заўвагі, якія мы ўлічылі, рыхтуючыся прыняць экспазіцыю

Фота Юрыя ІВАНОВА і з архіваМузея Вікторыі і Альберта

На здымках: экспанаты і мантаж выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Эліс ЛОБ, куратар выстаўкі лонданскага Музея Вікторыі і Альберта:

— Наша выстаўка вандруе па свеце. У Мінск яна трапіла са Злучаных Штатаў Амерыкі. Там яна экспанавалася ў Гарадскім мастацкім музеі Аклахома-Сіці. Пасля таго, як Беларусь запрасіла нашу выстаўку і прапанавала для яе экспанавання Нацыянальны мастацкі музей і Нясвіж, мае калегі агледзелі іх і засталіся задаволенымі.

/i/content/pi/cult/390/7779/1-7.jpeg

Азнаёміцца з калекцыяй Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў мяне пакуль не было часу. Але тое, што трапіла мне на вочы, калі я праходзіла па залах, падаецца даволі цікавым. Ад Мінска ўражанне таксама фрагментарнае. Магу, аднак, засведчыць, што ваш горад чысты і дагледжаны. Ён выглядае зручным для жыцця. Прынамсі, мая ўвага засяродзілася на мінскіх парках.

Чатыры дні мы працавалі ў Нясвіжы. Мяне вельмі ўразіла тое, што зроблена рэстаўратарамі, і тое, што там прадстаўлена ў музейнай экспазіцыі. Нясвіж — вельмі цікавае месца для наведвання. Экспанаты нашай выстаўкі супадаюць з Нясвіжскім палацам па гістарычным часе і глядзяцца ў ягоных залах, як дома.

Юрый ІВАНОЎ

Фота аўтара