“Жывая музыка” Глыбокага

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Малатоўнік паведамляе “К”, што 17 жніўня пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй здаецца ў эксплуатацыю гарадскі Дом культуры — адзін з аб’ектаў, што будзе максімальна задзейнічаны пад час правядзення творчай праграмы Дня беларускага пісьменства.

/i/content/pi/cult/390/7776/1-1.jpeg

Пэўны час ГДК, па словах Таццяны Малатоўнік, заставаўся "даўгабудам", і функцыі галоўнай райцэнтраўскай культурнай установы выконваў гарадскі Цэнтр культуры з глядзельнай залай на 150 месцаў. Але пасля таго, як старшынёй Глыбоцкага райвыканкама стаў Алег Морхат, праца на недаравальна забытым аб'екце была даведзена да лагічнага завяршэння.

Якасна адрамантавана глядзельная зала ГДК, якая можа прымаць удвая большую ў параўнанні з ГЦК колькасць наведвальнікаў. Тут з'явіліся новыя крэслы і "адзенне" сцэны. А ў прыбудове ўладкаваны танцавальная зала і кабінеты для гуртковай работы. Гукавое і светлавое абсталяванне - самае сучаснае...

І гэта не адзіны творчы праект старшыні Глыбоцкага райвыканкама. Як распавядае начальнік мясцовага аддзела культуры, менавіта Алег Морхат ініцыяваў сёлета рэалізацыю акцыі "Жывая музыка". Сутнасць яе ў тым, каб усе дзіцячыя школы мастацтваў раёна прэзентавалі сваю педагагічна-творчую дзейнасць не толькі ў фармаце "жывога гуку", але і з абавязковым лекцыйным суправаджэннем любога канцэрта. Раней такія імпрэзы ладзіліся ў ГЦК, неўзабаве "Жывой музыкай" загучыць і новы ГДК.

На здымку: Глыбоцкі ГДК пасля мадэрнізацыі.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"