Апгрэйд для музея

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

“Я — шлях, якому век няма спакою…”: Янка Купала — у 3D-фармаце

3 жніўня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася першая чарга абноўленай экспазіцыі, якая па сваім тэхнічным забеспячэнні цалкам адпавядае сучасным патрабаванням. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставачных залаў, што па-новаму распавядаюць пра геній Песняра, прыняў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.

/i/content/pi/cult/389/7774/3-5.jpg

Як адзначыў пад час урачыстага мерапрыемства міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, 2012-ы — не толькі Год Кнігі і 130-годдзя з часу нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сёлетні год праходзіць таксама пад знакам музеяў.

Павел Латушка згадаў, што сёлета ўжо былі адкрыты Музеі беларускай дзяржаўнасці і Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, добраўпарадкаваны і праведзнены неабходныя рамонтныя работы ў філіялах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах, Вязынцы і Ляўках, іншых музеях краіны. Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прынята важнае рашэнне аб адкрыцці музея Васіля Быкава. Таксама, як вядома, у хуткім часе ў Гродне адбудзецца Першы Нацыянальны музейны форум.

/i/content/pi/cult/389/7774/3-2.jpeg

Што да новай экспазіцыі, дык, па словах міністра культуры, яна зроблена з улікам усіх найноўшых дасягненняў у музейнай справе.

— Гэта першы такі музей на Беларусі, у якім шырока выкарыстоўваюцца 3D-тэхналогіі, — адзначыў Павел Латушка. — Пад новую экспазіцыю было выдаткавана прыкладна 900 мільёнаў рублёў. І я ўпэўнены, што моладзь ды і ўсё наша грамадства ацэняць тыя тэхналагічныя навінкі, якія з’явіліся цяпер у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, і будуць яшчэ часцей наведваць сцены ўстановы культуры.

/i/content/pi/cult/389/7774/3-3.jpeg

Скразная тэма абноўленай экспазіцыі, размешчанай у трох залах, распавядае загадчык музейнага аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Глафіра Кушаль, — гэта тэма шляхоў роду Луцэвічаў, што вядомы з XVII стагоддзя, шляхоў самога Янкі Купалы да сябе, Беларусі і беларускай нацыі. Канцэпцыя гэтых сцежак і пуцявін дакладна і вобразна ўвасоблена дызайнерам Аляксандрам Давідовічам. У кожнай зале на верставых слупах пазначаны галоўныя вехі-даты жыцця і творчасці Янкі Купалы. На сценах — таксама акрэслены маршруты-вузельчыкі, лёсавызначальныя для Песняра. А вялізныя фонавыя фотаздымкі адлюстроўваюць Мінск, Пецярбург, Вільню, Полацк, Смаленск, Маскву, праз якія і пралёг пакручасты шлях чалавека, што ўсё жыццё дбаў пра незалежнасць нашай дзяржавы. А на верхнім поясе экспазіцыі — вершаваныя радкі Купалы ў атачэнні папараці. Ёсць і такія: “Я — шлях, якому век няма спакою ні ў чорны дзень, ні ў месячную ноч…”

Першая зала прысвечана роду Луцэвічаў. Менавіта тут “вырасла” генеалагічнае дрэва, навершам “кроны” якога стаў шляхецкі родавы герб “Навіна”. Шмат новых экспанатаў. Сярод іх — матэрыялы, прысвечаныя родзічам жонкі Янкі Купалы — Уладзіславы Францаўны Станкевіч. Маці яе, як вядома, — Эмілія Манэ (з роду Клода Манэ), прыехала калісьці на Валожыншчыну, выкладала ў Вішневе французскую мову, пабралася шлюбам з мясцовым лесніком Францам Станкевічам… Менавіта ў першай зале ў фармаце 3D праз спецыяльныя акуляры можна паглядзець святкаванне Купалля, запісанае ў мясцінах, дзе нарадзіўся пісьменнік. Апрача таго, працягвае экскурсію Глафіра Кушаль, у кожнай зале ёсць маніторы, з дапамогай якіх “прагортваюцца” каштоўныя матэрыялы, якія не ўвайшлі ў экспазіцыю. Да прыкладу,  выявы вязынскай хаты ў самыя розныя гады. Ці — рукапісны варыянт зборніка “Шляхам жыцця”…

/i/content/pi/cult/389/7774/3-4.jpeg

Фрагментамі інтэр’ера з’яўляюцца мемарыяльныя куткі. Да прыкладу, у віленскім — тагачасная мэбля, лямпа, скрынка для карэспандэнцыі. Янка Купала, працуе на той момант у бібліятэцы і адначасова — у рэдакцыі газеты “Наша ніва” ды беларускім выдавецкім таварыстве…

Асобны раздзел прысвечаны перакладчыцкай дзейнасці Песняра. А перакладаў Купала з украінскай, рускай, польскай моў. Упершыню прэзентуецца рукапісны пераклад верша “У мгле”, на які беларускі кампазітар Якаў Прохараў напісаў аднайменны раманс.

Выключна цікавы і інтэр’ерны фрагмент, што тычыцца пецярбургскага перыяду, калі пісьменнік жыў на кватэры патрыярха беларускага адраджэння прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. На сцяне — імітацыя акна Купалавага пакоя. Аконная рама — сапраўдная, прывезеная з тады яшчэ Ленінграда. Від з акна — фатаграфічны, але таксама адпавядае рэчаіснасці. У шафе — кніжкі, што чытаў на той час Пясняр.

Упершыню, распавядае Глафіра Кушаль, падаецца тэма купалаўскіх санетаў. Пісьменнік стварыў 22 творы ў гэтым жанры, і кожны з іх мае не любоўную, а сацыяльную тэматыку. Ёсць тут беларускамоўныя і польскамоўныя санеты. А паколькі ў экспазіцыі прасочваецца трывалая літаратурная повязь паміж мінуўшчынай, сучаснасцю і будучыняй, паміж Беларуссю ды іншымі краінамі, у раздзеле прысутнічае купалаўскі томік санетаў на васьмі мовах свету, выдадзены ў 2002-м. А на сценцы адлюстраваны Млечны шлях, асветлены зоркамі Петраркі, Шэкспіра, Міцкевіча, Гётэ, Багдановіча, Купалы… На верставым слупку апошняй залы пазначаны 1913 год пецярбургскага перыяду жыцця і творчасці першага народнага паэта Беларусі.

Цягам года мяркуецца абнавіць яшчэ чатыры залы. Апошні верставы слуп Купалавага шляху будзе пазначаны 1942 годам.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, Яўген РАГІН

Фота Юрыя ІВАНОВА

/i/content/pi/cult/389/7774/3-1.jpeg

Дарэчы

"Белая вежа" — класікам

Выява Янкі Купалы поруч з вобразамі Уільяма Шэкспіра і Антона Чэхава з'явілася на постарах сёлетняга Міжнароднага тэатральнага форуму "Белая вежа", які ў верасні прыме Брэст. Тэма форуму — "Класіка плюс".