Другая Нацыянальная тэатральная: што і каго?

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

У тэатраў і творчых саюзаў ёсць крыху менш за месяц, каб вызначыцца, што і каго вылучыць на Другую Нацыянальную тэатральную прэмію. Тэрміны наступныя. 1 верасня завершыцца прыём заявак. З 12 лістапада на розных сталічных пляцоўках, як і летась, будуць паказаны папярэдне адабраныя лепшыя спектаклі. Нарэшце, 19 лістапада плануецца падвесці вынікі: адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання. Пракаменціраваць некаторыя арганізацыйныя моманты правядзення гэтага галоўнага тэатральнага конкурсу краіны пагадзілася галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вікторыя Куксянкова.

— Нацыянальная тэатральная прэмія, — адзначыла Вікторыя Яўгенаўна ў адказ на нашы пытанні, — задумана як выніковае мерапрыемства, што дае цэласны агляд усяго тэатральнага сезона. Таму Другая прэмія праводзіцца праз год пасля Першай, хаця былі меркаванні ладзіць яе і як біенале — раз на два гады. Што будзе надалей, не станем загадваць, а пакуль — так. Праўда, сёлета ёсць і асаблівасць — вельмі шырокі часавы дыяпазон. На прэмію могуць прэтэндаваць не толькі прэм’еры гэтага сезона, але і іншыя нядаўнія пастаноўкі, што выйшлі з 2010 года. Гэта звязана з тым, што, на думку многіх крытыкаў і тэатральных дзеячаў, пры вылучэнні прац на Першую прэмію па розных прычынах аказаліся не “ўлічанымі” многія папраўдзе адметныя пастаноўкі. Цяпер ёсць магчымасць паправіць сітуацыю і ўзгадаць іх (вядома, пры ўмове, што раней яны не вылучаліся). Тым больш, што заяўкі могуць сыходзіць не толькі ад саміх тэатраў, як гэта было раней, але і ад іншых арганізацый, тых жа творчых саюзаў.

— У час правядзення Першай прэміі шмат размоў было пра неабходнасць перагляду і ўдакладнення намінацый.

— Гэта таксама ўлічана ў новым Палажэнні. Асобна спаборнічаюць паміж сабой спектаклі для дзяцей і, гэтак жа, пастаноўкі лялечных тэатраў краіны.

— А што з музычнымі спектаклямі?

— Такіх тэатраў у краіне толькі два: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета і Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Таму тут усё застаецца па-ранейшаму, без змяненняў: яны могуць спаборнічаць у адных намінацыях з драмтэатрамі.

— Відаць, гэта не канчатковы варыянт — на ўсе часы?

— Ужо па Першай прэміі відавочна, што ідзе працэс актыўнага пошуку, накіраванага на як мага больш дзейсны і справядлівы адбор усяго лепшага, што ствараецца ў тэатральнай галіне. Таму мы назіраем рухомасць конкурсных умоў, паступовае намацванне лепшых арганізацыйных варыянтаў. Нязменна толькі адно: Нацыянальная тэатральная прэмія накіравана на агляд стану тэатральнага мастацтва ў краіне. І — на падтрымку ўсяго лепшага, што з’яўляецца ў гэтай галіне. Сама наяўнасць прэміі вымушае тэатры, што называецца, трымаць планку. Асабліва тое тычыцца рэгіянальных калектываў. Часам яны жывуць па прынцыпе: маўляў, паставім штосьці, каб задаволіць “свайго” гледача, — і годзе. Ніхто іншы гэтага не ўбачыць, крытыкі, тым больш, не заўважаць. Такое існаванне “ўнутры сябе” нікому не на карысць. А цяперашняя Другая прэмія ўтрымлівае яшчэ больш магчымасцей для паказу дасягненняў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"