Жнівень: пакуль не сышла “натура”...

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Пасля шчодрага на фестывалі ліпеня жнівень можа падацца адносна сцішаным па культурным “гучанні”. Меркаванне — памылковае. Мы звязаліся з кіраўніцтвам абласных упраўленняў культуры і пераканаліся, што дэфіцыту яскравых падзей у рэгіёнах няма. Работнікі культуры напоўніцу выкарыстоўваюць летнюю “натуру”.

Брэстчына

Першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара Паўлюковіч распавядае, што 12 жніўня распачынаецца V Міжнародны кулінарны фэст “Мотальскія прысмакі”. У аддзеле культуры Іванаўскага райвыканкама старанна рыхтуюцца да гэтай, брэндавай для вобласці, падзеі. На сёння ўжо вядома, што ў “смачным” фэсце будуць браць удзел гурманы з Украіны, Польшчы, Кітая...

У гэтым месяцы, па словах Тамары Паўлюковіч, Іванаўшчына прымае ў сябе і прафесійных мастакоў, якія пад час жывапіснага пленэру будуць працаваць над партрэтамі знакамітых людзей Моталя.

А 24 — 25 жніўня Лунінецкі, Пінскі і Столінскі раёны прымуць удзел у II Рэспубліканскім фестывалі этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”.

Віцебшчына

У Глыбокім працягваецца падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства. Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Сідарэнка паведамляе, што завяршыўся рамонт Глыбоцкага ГДК, дзе з’явілася актавая зала, адна з лепшых у вобласці. Цяпер ідзе мантаж новай апаратуры. Цэнтр рамёстваў і будынак старой бібліятэкі, што “пераарыентоўваецца” ў выставачную залу, будуць даведзены да ладу да 20 — 25 жніўня...

А ў Браславе 18 — 19 жніўня пройдуць Дні сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”. Чакаецца ўдзел 150 прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў.

Гомельшчына

Больш падрабязна пра II Рэспубліканскі фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” распавяла першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка. Усё натуральна, бо 24 — 25 жніўня мерапрыемства пройдзе ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна.

У фэсце возьмуць удзел 11 рэгіёнаў Брэстчыны і Гомельшчыны, акрамя таго — калектывы мастацкай самадзейнасці з Расіі і Украіны. Пройдзе навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура Палесся і сучасны свет”. У Ляскавічах будзе адкрыты Музей прыроды. Напярэдадні фестывалю ў вёсцы запланаваны пленэр разьбяроў. Драўляныя скульптуры застануцца на Петрыкаўшчыне. А студэнты-фалькларысты з Гомеля, Брэста і Мазыра (таксама напярэдадні фэсту) адправяцца ў экспедыцыю, мэта якой — далейшае вывучэнне традыцыйнай палескай культуры.

Гродзеншчына

У шасці раёнах вобласці, як паведамляе начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, праходзіць Рэспубліканская творчая акцыя “Беларусь у маім сэрцы”. Заключны канцэрт абласнога туру адбудзецца 18 жніўня ў Гродне.

А 25 жніўня гасцей запросіць традыцыйны Анненскі кірмаш у Зэльве. Як і раней, будзе арганізаваны продаж работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У канцэртных праграмах мяркуецца задзейнічаць не толькі самадзейных артыстаў Гродзеншчыны, але і землякоў з польскай Беласточчыны.

Магілёўшчына

Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец распавёў, што 8 жніўня, з нагоды завяршэння Міжнароднага пленэру керамістаў “Арт-Жыжаль”, у Бабруйскай выставачнай зале адкрыецца выстаўка работ прызнаных глінамесаў...

У Горках працягваецца падрыхтоўка да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2012”. Поўным ходам, кажа Анатоль Сінкавец, ідуць рамонты і рэканструкцыі аб’ектаў, у тым ліку, і культурнага прызначэння. 10 жніўня, да прыкладу, пасля якаснага абнаўлення ў Горках адкрываецца кінатэатр “Крыніца” з 3D-абсталяваннем.

Міншчына

Летась у Раўбічах прайшоў чарговы рэспубліканскі чэмпіянат лесарубаў. Сёлета, як распавядае намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Эдуард Багдановіч, ён займее статус міжнароднага і адбудзецца 23 — 27 жніўня. Уся культурная праграма чэмпіянату будзе рэалізавана сіламі работнікаў культуры Міншчыны. Мастацкая падтрымка гарантавана і X Рэспубліканскаму экалагічнаму форуму, што адбудзецца ў Маладзечне 24 — 26 жніўня.

Ва ўсіх рэгіёнах вобласці, як сцвярджае Эдуард Багдановіч, 12 жніўня пройдуць канцэрты з нагоды Дня будаўніка. А Дзень шахцёра будзе маштабна адзначаны 26 жніўня ў Салігорску.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"