Рэйтынг у Год кнігі

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

2 жніўня адбылася прэс-канферэнцыя “Год кнігі ў Рэспубліцы Беларусь” старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца. Адразу перайшоўшы да праблем беларускай літаратуры, Мікалай Іванавіч асаблівую ўвагу звярнуў на сучасных і таленавітых літаратараў.

Саюз пісьменнікаў вырашыў правесці эксперымент, вызначыць рэйтынг сучасных айчынных літаратараў. Каб вызначыць папулярнасць твораў, быў складзены спіс з 48 самых вядомых літаратараў Беларусі, а па розных бібліятэках зроблены абход з пытаннямі, ці маюць яны кнігі таго ці іншага пісьменніка, колькі кніг, колькі чытачоў карысталіся імі? На жаль, у некаторых бібліятэках кніг нашых суайчыннікаў — вобмаль. На дадзены момант можна прывесці такія лічбы: кніг Раісы Баравіковай у бібліятэках 68 540, іх чытачоў — 151 265; Георгія Марчука — 75 590 і 172 160 адпаведна. Мабыць, гэта адны з самых высокіх лічбаў.

Хвалюе пісьменнікаў і тое, што ў школах, каледжах, універсітэтах такая літаратура сустракаецца яшчэ радзей. Напрыклад у адным з магілёўскіх каледжаў з папулярных 48 пісьменнікаў “адкапаць” атрымалася толькі літаратуру дзевяці!

Існуе праблема з дзіцячай літаратурай. Як заўважыў Мікалай Чаргінец, “грош цана будзе літаратуры, калі не будзе крытыкі!”

Саюз пісьменнікаў падтрымлівае і маладых творцаў. Для іх праводзяцца сустрэчы, канферэнцыі, вечарыны, дзе яны могуць падзяліцца творчымі планамі. Адным з такіх мерапрыемстваў з’яўляецца конкурс “Кніжныя маладыя галасы”, дзе пераможцаў узнагароджваюць першымі кнігамі з-пад іх пяра. Існуе школа юнага літаратара “Маладзік”, у будучым плануецца выпусціць літаратурны альманах пад такой жа назвай.

Аліна БАРКОЎСКАЯ