Пакажуць усё лепшае

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Як паведамілі “К” у Міністэрстве культуры, з 29 верасня па 2 кастрычніка ў Брэсце пройдзе VIII Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў. Чакаецца, што пад час фэсту будзе паказана ўсё лепшае, што было зроблена айчыннымі кінематаграфістамі цягам апошніх двух гадоў.

Як паведамляе аргкамітэт фестывалю, у гэтым годзе, апрача традыцыйнага конкурсу ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно, у межах форуму пройдзе шэраг іншых мерапрыемстваў. Так, у Брэст будуць запрошаны вядомыя беларускія майстры і знакамітыя госці з іншых краін з мэтай правядзення майстар-класаў для маладых кінематаграфістаў і студэнтаў творчых факультэтаў ВНУ.

Што да галоўнага конкурсу, то адбор стужак на яго ўжо пачаўся. З гэтай нагоды аргкамітэт нагадвае, што для ўдзелу ў фестывалі ў яго дырэкцыю не пазней за 31 жніўня трэба прадставіць анкету-заяўку і рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы. Галоўная ўмова ўдзелу ў конкурсе — завяршэнне вытворчасці фільма пасля заканчэння папярэдняга Фестывалю, што прайшоў у чэрвені 2010 года. Як і ў мінулыя гады, журы ўзначаліць вядомы кінематаграфіст, які паводле рэгламенту павінен прадстаўляць кінематаграфію іншай краіны.

Уладальнікам прыза за лепшы фільм на мінулым фестывалі стала стужка “Ваўкі” Аляксандра Колбышава, які заўчасна пайшоў з жыцця гэтымі днямі.

Нагадаем, Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў праводзіцца з 1997 года адзін раз на два гады з мэтай развіцця нацыянальнай кінематаграфіі, папулярызацыі лепшых твораў айчыннага кіно, падтрымкі прагрэсіўных творчых ідэй, у першую чаргу — маладых кінематаграфістаў Акрамя асноўных узнагарод, на ім уручаюцца спецыяльныя прызы: “За лепшы дэбют у кінарэжысуры” імя народнага артыста СССР, кінарэжысёра Віктара Турава, “За лепшую студэнцкую работу “Момант ісціны” імя народнага артыста Беларусі, кінарэжысёра Міхаіла Пташука, “За лепшую аператарскую работу” імя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кінарэжысёра, аператара Юрыя Марухіна.

Арганізатары фестывалю — Міністэрства культуры, Брэсцкі аблвыканкам, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, “Беларускі відэацэнтр”, Беларускі саюз кінематаграфістаў.

Падрабязнасці пра ўмовы конкурсу і форма заяўкі для ўдзелу размешчаны на сайце Міністэрства культуры http://kultura.gov.by.