Супрэматызм у 3D

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Ёсць сугучнасць у прозвішчах Малей і Малевіч. Яна невыпадковая: і Аляксандр Малей, і Казімір Малевіч — мастакі. Прычым першы натхняецца творчасцю другога. У 1987 годзе Аляксандр Малей арганізаваў у Віцебску, на радзіме славутага аб’яднання УНОВИС, суполку “Квадрат”, якая мелася стаць духоўным пераемнікам класічнага авангарда 1920-х.

Цяжка сказаць, наколькі ў сучасных мастакоў атрымалася аднавіць перарваную повязь часоў, ды ўсё ж некалькі праведзеных у Віцебску міжнародных пленэраў з назвай “Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць” фактычна зацвердзілі творчасць і асобу Малевіча ў беларускім культурна-гістарычным кантэксце; даказалі, што “УНОВИС” і ўсё, што яго датычыцца, з’яўляецца здабыткам нашай краіны. Руку да тых пленэраў прыклаў Аляксандр Малей.

Сёння шмат мастакоў, акрамя сваёй непасрэднай працы, спрабуюць яшчэ адбіць хлеб ў крытыкаў і мастацтвазнаўцаў. Мала ў каго з іх атрымліваецца гульня са словамі і думкамі. А вось Аляксандра Малея чытаць насамрэч цікава і карысна: адчуваецца апантанасць ідэяй і дасведчанасць у тэме — класічным віцебскім авангардзе.

/i/content/pi/cult/389/7766/8-7.jpeg /i/content/pi/cult/389/7766/8-8.jpeg

Нават назвы работ Малея сведчаць, што ў мастацтве ён імкнецца пазбавіцца апавядальнасці і сюжэтнасці, хоча, так бы мовіць, ачысціць жывапіс ад “літаратурных кодаў”. Гэта “Кубаквадрат”, “Піраміда, куб, шар”, “Цёплае і халоднае”. Але часам і ён адпачывае ад грандыёзнай бязмернасці супрэматычнага космасу, занатоўваючы акварэллю лірычныя краявіды ды ўтульныя нацюрморты.

Тое, што глядач пабачыць на персанальнай выстаўцы Аляксандра Малея ў мінскім Палацы мастацтва (яна прымеркавана да 60-годдзя мастака), можна лічыць лагічным працягам развіцця ідэй супрэматызму. Гэта выйсце супрэматычных форм, прывязаных да плоскасці, да двухвымернай прасторы аркуша ці палатна, у прастору трохвымерную або тую, што стварае ілюзію 3D. Гэта супрэматызм, удала дапоўнены стылістыкаю поп-арту. Гэта выявы, якія трансфармаваліся ў інсталяцыю і аб’ект.

Малей не лічыць творчую спадчыну Малевіча догмай і канонам. Прынамсі, не трымаецца за ў чымсьці лапідарны геаметрызм класіка. Работы Аляксандра Малея захоўваюць сувязь з прадметным светам і маюць пэўную асацыятыўнасць.

На ілюстрацыях: прасторавыя кампазіцыі Аляксандра Малея.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"