Каб пасля развесці рукамі?

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Пра малое і вялікае ў оперы і балеце

Балетам “Анюта” Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі закрыў свой 79-ы сезон. Але міне ўсяго месяц, і напярэдадні ўрачыстага адкрыцця новага сезона мы ўбачым сціплыя вечары — оперны і балетны — на абедзвюх дадатковых сцэнах тэатра. У Камернай зале імя Л.Александроўскай — оперу “Рыта, або Пірацкі трохкутнік” Г.Даніцэці, на Малой сцэне (так сталі называць адну з рэпетыцыйных залаў, сцэна якой ідэнтычная асноўнай) — Вечар сучаснай харэаграфіі. Прэм’еры абодвух гэтых праектаў адбыліся ў чэрвені, застаўшыся амаль не заўважанымі прэсай. Можа, гэта надта шараговыя падзеі, не вартыя асвятлення?

/i/content/pi/cult/389/7765/9-2.jpeg

Сапраўды, “Рыта…” ішла зусім нядаўна, пастаўленая ў час “кватаравання” тэатра ў Доме афіцэраў, з інструментоўкай Вячаслава Кузняцова, які па просьбе пастаноўшчыкаў змяніў вялікі сімфанічны аркестр на больш камерны склад. Цяпер, каб змясціць аднаактовы камічны спектакль літаральна на некалькіх квадратных метрах, дырыжор Іван Касцяхін звярнуўся да ансамблевага суправаджэння. Мастаком выступіла ўсё тая ж Кацярына Булгакава, але мізэрныя прасторавыя параметры залы патрабавалі іншага падыходу. Тым больш, змяніўся рэжысёр (раней оперу ставіла Маргарыта Ізворска-Елізар’ева, цяпер — Наталля Кузьмянкова), а значыць, і агульная канцэпцыя. Дзею крыху асучаснілі: маўляў, піраты ХХ стагоддзя — не толькі назва для баевіка, але і рэальнасць. Прыватны ж гатэль, а тым больш фешэнебельны, — рэальнасць удвая.

Але галоўнае “новае” ў спектаклі — не столькі антураж, колькі самі артысты. Нават тыя, хто ўжо ўдзельнічаў у колішняй пастаноўцы, раскрыліся па-новаму, прычынай чаго — найперш, камерная сцэна, якая дыктуе іншыя вакальныя ды акцёрскія прыёмы. Звычайна афіцыйна халодны, засяроджаны адно на спевах і нават вымушаным фарсіраванні гуку, Сяргей Лазарэвіч паўстаў як гарачы, вынаходлівы, хітра-разважлівы мача. Мы, нарэшце, напоўніцу адчулі, які ў яго прыгожы, “незашмальцаваны” барытон, колькі шчырасці ў яго ігры. Аляксандр Жукаў, і без таго вядомы сваім артыстызмам, папросту пераўзышоў сябе самога, засвоіўшы нават складаныя балетныя па ў час спеваў. А як узрасло майстэрства Дзіяны Трыфанавай! Партыя Рыты дала спявачцы магчымасць прадэманстраваць свежасць тэмбру, лёгкасць пераадольвання белькантавых фіярытур, тэмперамент, выразнасць “гаваркой” мімікі, рухаў і жэстаў.

Звыклая “опернасць” паводзін, выкліканая зноў-такі вялізнымі маштабамі нашай стацыянарнай сцэны і акустыкай ды памерамі залы, змянілася ў новых умовах амаль кіношнай “праўдзівасцю”, так запатрабаванай у сучасным тэатры. Артысты навучыліся скакаць, бы ў мюзікле (у еўрапейскім, не джазавым), сінхронна падаць долу, карцінна страчваючы прытомнасць, біцца на падушках і спраўна, бы прафесійныя суперкомікі, раздаваць аплявухі. А галоўнае — выклікаць у зале не толькі ўсмешку, але і рэальны смех. Яшчэ б крыху палепшыць дыкцыю — не паўсюль, а ў тых фрагментах, дзе яна прыкра знікае. І атрымаецца проста "цукерачка"! Адно толькі: чаму ні ў праграмцы, ні ў прэс-рэлізе, дасланым тэатрам у СМІ, не пазначылі колішнюю пастаноўку? Можа, таксама павеў сучаснасці? Спачатку — выкідаем гісторыю, нават нядаўнюю, за борт, а потым неверагоднымі намаганнямі пачынаем яе аднаўляць…

Дарэчы, менавіта такія невясёлыя разважанні-ўспаміны выклікаў Вечар сучаснай харэаграфіі, які 21 чэрвеня адкрыў Малую сцэну тэатра. Здавалася б, зусім нядаўна падобныя (і, прызнацца, куды больш моцныя паводле харэаграфічных прыдумак) вечары трывала ладзіліся ў нашым Музычным тэатры. Дый у Вялікім не былі за рэдкасць. Цяпер жа ім самы час прысвоіць статус “упершыню”. Бо, здаецца, і сапраўды ўпершыню за апошнія некалькі гадоў у сценах тэатра з’явіўся мадэрн не прывезена-гастрольнай, а сваёй уласнай вытворчасці (за выключэннем яркага, стыльнага Маналога Анегіна з аднайменнага балета пецярбуржца Барыса Эйфмана). Але ж якая разбежка ў якасці! З двухгадзіннага паказу, што ішоў без перапынку, вылучаліся літаральна некалькі нумароў. “Баркарола” і “Мазурка” Раду Паклітару, што раней паказваліся ў філармоніі, вабяць гульнёй з класікай і, адначасова, рамантычнай традыцыяй разумення танца як стану душы. Адажыа Дзмітрыя Куракулава “Вечны крохкі рай” — неардынарнымі падтрымкамі, у якіх сплятаюцца-расплятаюцца рукі-ногі-целы партнёраў. “Я і я” Дзмітрыя Залескага — гендарнай ідэяй, дзе ў “дыскусіі” з самой сабой перамагае вытанчана-жаноцкая, а не па-мужчынску “цяглавая” мадэль. Пастаўленае тандэмам Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова шмат у чым працягвае лексіку, знойдзеную Раду Паклітару, але нават больш, чым ягоныя работы, скіравана на падкрэсліванне лепшых якасцей кожнага з выканаўцаў. Шматлікія ж нумары Вольгі Костэль часцей за ўсё аказваюцца ілюстрацыйнымі, адпаведнымі самому духу харэадрамы, звязанаму з пераказам сюжэтаў.

Але ўсё роўна: калі любую з паказаных мініяцюр уключыць у звыклы гала-канцэрт, яна пройдзе на ўра. Ужо хаця б таму, што не падобная на класіку. Дык чаму ж не ўключаем? Няўжо, каб потым развесці рукамі: маўляў, не карыстаецца попытам? Дык хто ж, як у тым анекдоце, не дае карыстацца? Загнаўшы сучасную беларускую харэаграфію ў своеасаблівае канцэртнае “гета”, адасобленае ад іншых балетных кірункаў розных нацыянальных школ, ды яшчэ ў залу, дзе толькі з некалькіх цэнтральных месцаў праглядаецца ўся сцэна, а не той або іншы яе “кавалачак”, наўрад ці можна разлічваць на ўсеагульнае прызнанне і папулярнасць нават саміх імёнаў харэографаў. Пэўна, цяперашняя Малая сцэна павінна стаць папраўдзе эксперыментальнай, каб лепшае, што прайшло на ёй першую апрабацыю, трапляла б уласна ў Вялікі тэатр. На радасць гледачоў і саміх выканаўцаў, бо кожны з артыстаў рыхтаваў гэтую праграму з найвялікшай самаадданасцю ды запалам, намагаючыся выявіць максімум сваіх самых разнастайных здольнасцей. Сапраўды, які ж рух наперад без эксперыментаў — малых ды вялікіх!..

На здымку: сцэна са спектакля "Рыта, або Пірацкі трохкутнік".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"