Анна Фірлінг страчвае ўсё

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Калі сродак ператвараецца ў мэту

Бертольд Брэхт — аўтар для сучаснага беларускага тэатра “экзатычны”. Нягледзячы на тое, што ў свой час з ягонымі п’есамі былі звязаны рэжысёрскія поспехі такіх карыфеяў айчыннай сцэны, як Валерый Раеўскі і Барыс Луцэнка, пабачыць сёння пастаноўкі паводле яго твораў у нас практычна не выпадае. Тым большы інтарэс выклікала прэм’ера Гомельскага маладзёжнага тэатра “Маркітантка Анна Фірлінг”, створаная паводле знакамітай брэхтаўскай “Матухны Кураж...”.

/i/content/pi/cult/389/7764/9-1.jpeg

Пастаноўшчык Юрый Вута падышоў да матэрыялу не з пазіцый рэжысёра-знаўцы, смела і свабодна палемізуючы з тэатральнай традыцыяй, а — як чалавек, які жадае дабрацца да самога тэксту, яго ўласных вабнот ды сутнасцей, і зразумець, чым жа сёння можа быць актуальны твор. Усе мы ведаем, што Брэхт, з’яўляючыся антыфашыстам, сваю п’есу “Матухна Кураж і яе дзеці” пісаў шмат у чым пра тое, што вайна — натуральны стан для тых, хто прывык зарабляць грошы на чужых няшчасцях. Але тэатр ставіць перад сабой іншае, прынцыпова важнае, пытанне: чым жа страшная вайна для кожнага канкрэтнага чалавека? І адказвае: не стралянінай, да якой можна прызвычаіцца, і не смерцю блізкіх людзей, а найперш тым, што яна становіцца прычынай мутацый людей у істот, для якіх любы сродак выжывання ператвараецца ў самамэту.

Галіна Анчышкіна ў ролі Анны Фірлінг дакладна трымае важную для эпічнага тэатру манеру ігры. Пад час яе гледачы быццам бы пазбаўлены магчымасці падключацца да персанажа ды і ўсёй гісторыі на эмацыйным узроўні: людзі ў зале, і Брэхт на гэтым настойвае, мусяць успрымаць сцэнічную дзею розумам, а не эмоцыямі. Напачатку гэта нават раздражняе: Анна, здаецца, ні на што не рэагуе, і любая падзея выклікае ў гераіні аднолькава нейтральныя інтанацыі. Аднак у хуткім часе пачынаеш разумець, што гэта і ёсць — тое жахлівае наступства вайны: страта сістэмы арыенціраў ды памкненняў, і як вынік — паніка перад хуткім мірным часам. Двойчы ў спектаклі Анна прамаўляе, што людзі на вайне вымушаны моўчкі ісці ў адным шэрагу і прытрымліваць мары да лепшых часоў, але... гераіня Анчышкінай ужо не памятае пра тое, аб чым жа марылася ёй самой. Дэзарыентацыя ў прасторы жыцця, страта імкненняў і жаданняў... Анна Фірлінг страчвае ўсё. Адзінае, чаго яна не можа, не мае права згубіць, — гэта кураж, які і стварае ў фінале спектакля жахлівы рух душэўна і эмацыянальна “мёртвага”, выпаленага чалавека па жыцці.

Сярод акцёрскіх работ варта вылучыць дзяцей Анны: Эйліфа Максіма Крэчатава, які ў вобразе свайго героя разгортвае перад намі эвалюцыю цынізму і тэорыі пра “ўладу сілы”; рамантычна-летуценную Катрын Ірыны Шапецька, для каго вайна — гэта час, што трэба перачакаць, бо пасля мусіць наступіць прыгожая і шчаслівая... казка; Швейцарца Юрыя Зайцава, які, здаецца, жыве ў іншым свеце, не заўважаючы, што ж адбываецца навокал. А таксама — яркую па сваім існаванні, але не жорсткую Івету Наталлі Голубевай, Чалавека вайны (Сяргей Лагуценка), што за кошт уласнага “агучвання” пэўных думак, якімі Брэхт надзяляў іншых персанажаў, надае спектаклю поліфанічнасць, калі ідэі гэтыя раўнапраўна суіснуюць.

Зрэшты, “ваенная тэматыка” раскрываецца ў спектаклі не праз традыцыйную страляніну і пакуты герояў — гэтага меладраматызму пастаноўка шчаслівым чынам пазбягае. Што бывае, калі чалавек перастае кіравацца ў жыцці голасам сэрца? Вось тое ключавое пытанне, якое тэатр не толькі ставіць перад гледачамі, але і дае на яго свой адказ. Агульны высокі мастацкі ўзровень новай пастаноўкі Гомельскага маладзёжнага дае ўсе падставы казаць пра тое, што сёння акцёры “знудзіліся” па ролях, у якіх яны маглі б адысці ад неабходнасці забаўляць гледачоў і заняцца непасрэднай творчай працай: пранікненнем у нетры глыбокіх, нешараговых вобразаў, распачаць размову з гледачамі пра жыццёва важныя філасофскія пытанні, аб якіх “нямодна” весці гаворку “проста так”. І хочацца спадзявацца, што лёс “Маркітанткі Анны Фірлінг” складзецца ўдала, і спектакль змогуць пабачыць не толькі гомельскія прыхільнікі сцэнічнага мастацтва.