З вялікай літары “К”

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Канец ліпеня прынёс сумную навіну. З жыцця раптоўна, у няпоўныя пяцьдзясят два, пайшоў Аляксандр Колбышаў. Верыць у тое не хочацца: кінарэжысёр, акцёр і сцэнарыст пакінуў нас і беларускае кінамастацтва на піку жыццёвых і творчых магчымасцей.

Мы, прадстаўнікі крытычнага цэху, звычайна наракаем на адсутнасць у нашым кінематографе значных асоб, пазнавальных твараў. Аляксандр Іванавіч быў выключэннем — яго пазнавалі ўсе, ад сталічных прыхільнікаў арт-хаўсу з гуманітарных факультэтаў ВНУ да супрацоўнікаў памежнай службы па абодва бакі мяжы. Пасля ролі ў нашумелай стужцы “Акупацыя. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі, здымак у шэрагу рэкламных ролікаў Аляксандр Колбышаў, без перабольшання, стаў тварам беларускага кіно на крытычным этапе яго існавання. Яркая і запамінальная, постаць Колбышава, якую публіка амаль не аддзяляла ад ягоных персанажаў, з’явілася тады, калі мінулыя перамогі нашага кіно знайшлі сваё годнае месца ў музейнай экспазіцыі, а лёс будучых твораў і творцаў заставаўся няпэўным.

/i/content/pi/cult/389/7762/8-1.jpeg

А Аляксандр Іванавіч заўсёды быў упэўнены толькі ў адным — што хоча здымаць Кіно... Менавіта так, з вялікай літары “К”. Нездарма ён так часта паўтараў, амаль як мантру, адну і тую фразу: “Не жадаю здымаць серыяльнае “мыла”, хачу зрабіць сапраўдную, душэўную стужку”.

Унутраны боль, з якім рэжысёр прамаўляў гэтую фразу, цяжка перадаць на газетнай паперы. Рэжысёрскае пакаленне Аляксандра Колбышава літаральна прарывалася на здымачную пляцоўку. Для самога творцы шлях да кінарэжысуры быў вельмі пакручасты і няпросты — праз акцёрскі факультэт Кіеўскага тэатральнага інстытута імя Карпенкі-Карага і сцэну Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра. А да гэтага — рабочае юнацтва ў “шахцёрскай сталіцы” Горлаўцы на Данбасе і афганская вайна, якую Аляксандр Іванавіч прайшоў на пярэднім краі — у Ваенна-Паветраных войсках. Менавіта там, сярод чужых гор і чужога гора, па яго асабістых успамінах, і прыйшла думка ісці ў мастацтва, у тэатр, а потым — у кіно, рэжысуру.

Вучыцца свайму рамяству Аляксандру Колбышаву давялося ў вельмі цяжкія часы крызісу кінавытворчасці, калі пастаноўку не маглі атрымаць нават класікі. Майстар рэжысёрскай майстэрні Віктар Тураў пайшоў з жыцця, пакінуўшы сваіх студэнтаў на пачатку трэцяга курса. Аляксандр Колбышаў, Андрэй Кудзіненка, Іван Паўлаў, здавалася, засталіся без ўсялякіх шанцаў на кар’еру ў кіно. Прабівацца давялося доўга, кожнаму асабіста. Аляксандр Іванавіч прайшоў цяжкі шлях да самастойнай поўнаметражнай пастаноўкі вельмі годна, не змяніўшы сваіх поглядаў — ні мастацкіх, ні жыццёвых.

Аўтарская прастора Аляксандра Колбышава адпавядала яго знешнасці з першых вучэбных работ — мужчынская, экстрэмальная, у нечым брутальная. Пры тым, што насамрэч Аляксандр Іванавіч быў вельмі тонкай, эмацыянальнай натурай, якая не выносіла гвалт уі цікавілася складанай філасофскай літаратурай. Курсавая “Яма” па апавяданні Васіля Быкава адразу заявіла пра Колбышава як пра будучага мастака з бескампрамісным характарам. Дыпломны кароткі метр “Ахвота жыць” па Васілію Шукшыну з Уладзімірам Гасцюхіным ў галоўнай ролі быў прызнаны лепшым фільмам года на Нацыянальным фестывалі беларускіх фільмаў у 1998-м. Аляксандр Колбышаў, такім чынам, быў прызнаны як лепшы рэжысёр, як мінімум, свайго пакалення, але шанц паставіць поўны метр ён атрымаў толькі праз дзесяцігоддзе, якое аказалася запоўненым здымкамі расійскіх праектаў і ролямі ў калег-кінематаграфістаў.

“Ваўкі”, якія былі створаны ў 2009 годзе, сталі бадай што лепшай карцінай Нацыянальнай кінастудыі за апошні перыяд. Добра памятаю позні вечар на Адкрытым кінафестывалі краін СНД і Балтыі ў Анапе, калі пасля прагляду колбышаўскіх “Ваўкоў” калегі-кінематаграфісты шчыра здзіўляліся, чаму беларусы не заявілі такую цудоўную стужку ў конкурсную праграму...

На жаль, галоўныя прызы і галоўныя стужкі ў жыцці Аляксандра Іванавіча так і засталіся ў планах. На вялікі жаль, не засталося вучняў, спадзяёмся, засталіся тыя, хто працягне яго справу і здыме нязнятае. Толькі ўжо зусім па-іншаму.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

 

Міністэрства культуры глыбока смуткуе з прычыны смерці рэжысёра-пастаноўшчыка Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аляксандра Іванавіча КОЛБЫШАВА і выказвае спачуванні родным і блізкім нябожчыка.