Чатыры жыцці Веры Ермалаевай

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Мастачка з племені “амазонак духу”

/i/content/pi/cult/389/7761/15-2.jpeg(Працяг. Пачатак у №30 за 2012 г.)

...На шчасце, частка работ самой Ермалаевай заставалася ў нізе шафы, і чэкісты паленаваліся туды залезці. Кватэру чамусьці не апячаталі. Такія “праколы” бывалі і ў сталінскіх цэрбераў. Таму бацька адной з вучаніц мастачкі ноччу, на свой страх і рызыку, тайна вывез творы Ермалаевай з яе пакоя і захаваў да лепшых часоў, хаця чакаць гэтых “лепшых часоў” давялося вельмі доўга.

Павальныя вобыскі ішлі і ў іншых “ворагаў народа”. У Льва Гальперына, напрыклад, знайшлі малюнкі з карыкатурнымі выявамі Леніна і Сталіна… голымі. Зразумела, яму “ўпаялі” пункт 58-10 і 58-11 УК РСФСР, г.зн. расстрэл. Праз два дні ў ізалятар, на Шпалерную, трапілі яшчэ колькі чалавек з “кола” мастачкі. Там жа, у камеры на Шпалернай (гэта мала хто ведае), нейкі час сядзеў і будучы акадэмік, Герой Сацыялістычнай працы, дырэктар Эрмітажа і загадчык кафедры гісторыі Старажытнага Усходу Ленінградскага дзяржуніверсітэта Барыс Піятроўскі. Тады ж была арыштавана таленавітая вучаніца Веры Міхайлаўны — 20-гадовая Маруся Казанская. Яе ўзялі як “удзельніцу контррэвалюцыйнай групоўкі, якая спрабавала наладзіць сувязь з замежжам і вяла антысавецкую прапаганду...”. Што ж — тыповая фармулёўка ягодаўскіх следчых для ўсіх падазроных і класава чужых “гнілых інтэлігентаў”. Праўда, Марусю, зламаную і зняважаную несправядлівасцю, праз чатыры месяцы вызвалілі, але жывапіс з таго часу яна пакінула, а на пачатку ленінградскай блакады памерла ад голаду, чым і раздзяліла лёс вялікага Паўла Філонава ды соцень іншых мастакоў — і “левых” фармалістаў, і “правых” рэалістаў…

У справе таксама фігуравалі Канстанцін Раждзественскі і былы віцябчанін-супрэматыст Леў Юдзін, які загінуў у першым жа баі пад Ленінградам восенню 1941-га (пра яго жыццё і творчасць “К” падрабязна распавядала). Але яны ішлі як сведкі, і ўсё абышлося.

Хачу прывесці адзін дакумент, які яскрава паказвае “норавы” тагачасных чэкістаў і іхніх ахвяр. На вочнай стаўцы з Ермалаевай 26 лютага 1935 года Леў Гальперын у “Вялікім доме” на Ліцейным праспекце прызнаў: “Я пацвярджаю ўсе паказанні Ермалаевай, Юдзіна і Раждзественскага як пра мае антысавецкія палітычныя перакананні, так і пра маю антысавецкую дзейнасць”. А 13 сакавіка ў праекце пастановы, які рыхтаваў канчатковы прыгавор “тройкі”, упаўнаважаны 4-га аддзела Сакрэтна-палітычнага аддзела НКУС Ленінградскай вобласці Тарноўскі напісаў: “Допытамі абвінавачванага Гальперына Л.С. і сведкаў Раждзественскага, Юдзіна і Ермалаевай (у адносінах да Гальперына яна ішла як сведка. — Б.К.) вызначана, што ён вёў антысавецкую агітацыю сярод мастакоў Ленінграда”.

Што тут казаць? Дакладна невядома, хто “заклаў” гэтую групу: ці даносчык з боку, ці хтосьці “свой”, які супрацоўнічаў з адпаведнымі органамі. Аднак ведаю дакладна, што амаль усе абвінавачваныя і сведкі ў час допытаў падпісвалі фантастычныя на сённяшні розум уласныя “прызнанні” або пацвярджалі “вінаватасць” учарашняга блізкага сябра і аднадумца, які аказаўся “антысаветчыкам”.

/i/content/pi/cult/389/7761/15-1.jpeg

У гэтай сувязі хачу прывесці адзін фрагмент дапыту К.І. Раждзественскага (у пратаколе праходзіць як агент 2577), які правёў следчы А.Фёдараў 22 лютага 1935 года.

“Пытанне: Раскажыце, што вам вядома пра антысавецкую групоўку вакол мастака В.М. Ермалаевай?

Адказ: Навокал Ермалаевай групаваліся мастакі Гальперын, Стэрлігаў, Казанская, Коган Н.П… Ермалаеву ведаю на працягу некалькіх гадоў, працаваў з ёй разам. Неаднаразава ў гутарках са мной яна выказвала свае антысавецкія настроі, у якіх крытыкавала мерапрыемствы партыі і Савецкай улады. Найбольш рэзка і часта Ермалаева гаварыла супраць калектывізацыі вёскі, указваючы, што гвалтоўныя метады, якія праводзяцца пры калектывізацыі вёскі, прывялі краіну да збяднення… Па астатніх пытаннях савецкай рэчаіснасці Ермалаева выказвала аналагічныя думкі. У прыватнасці, яна выступала супраць судовых працэсаў над шкоднікамі і контррэвалюцыянерамі, казала, што ў гэтых працэсах многае раздута. У галіне мастацтва Ермалаева лічыла, што ўсякая спроба ўключыць савецкую рэчаіснасць у мастацтва прывядзе яго да пагібелі, бо будзе выпукляцца прадметна-сюжэтны бок і страціцца культура жывапісу. Свой антысавецкі настрой Ермалаева выявіла ў серыі контррэвалюцыйных малюнкаў — ілюстрацый да “Рэйнэке-Ліса”, дзе яна дала абагульненую негатыўную ацэнку нашай рэчаіснасці…”

У канцы пратакола: “Запісана з маіх слоў правільна і мной прачытана: К. Раждзественскі. Дапытваў А.Фёдараў”. Подпісы. (Цытую з кнігі С.Ласкіна “Раман з дзіўнасцямі”, “Звезда”, 1997, №11).

Думаю, каменціраваць тут няма патрэбы. Дарэчы, Раждзественскі разам з Суэціным на пахаванні Малевіча нёс труну з целам вялікага рэфарматара мастацтва, а пазней Суэцін зрабіў супрэматычную урну для яго праху.

Такі быў час…Ермалаева і яе паплечнікі па волі лёсу трапілі ў “кіраўскі паток” — першыя буйнамаштабныя рэпрэсіі ў СССР, афіцыйнай прычынай якіх з’явілася забойства галоўнага камуніста Ленінграда Сяргея Кірава. Яе справу, як і справу Гальперына, цягам двух месяцаў вялі следчыя Тарноўскі і той самы Фёдараў. Цяжкая была ў іх праца: амаль круглыя суткі дапытваць і абвінавачваных, і сведкаў, якія тут жа маглі ператварыцца ў абвінавачваных. Захаваўся дакумент, дзе рукой Веры Міхайлаўны пазначана: “Пра заканчэнне справы мне абвешчана 26 лютага 1935 года”. Праз месяц няшчасная жанчына была асуджана “тройкай” НКУС як “сацыяльна небяспечны элемент” на тры гады лагераў, хаця следчыя прасілі пяць. Пяць — атрымаў Стэрлігаў. Па вялікім рахунку, такі тэрмін тады, да пачатку “Вялікага тэрору”, — проста дзіцячы лепет!

Але… Далей — белыя плямы. Па ўспамінах Уладзіміра Стэрлігава, Ермалаева адсядзела гэтыя тры гады разам з ім, Стэрлігавым. Спачатку, пасля прыгавору, везлі іх на Усход у адным эшалоне. У стэпе наладжвалі праверкі, усіх выганялі з вагонаў, шарангавалі, і пачыналася: “Устаць! Легчы!” І як цяжка было падымаць паралізаваную Веру Міхайлаўну… Апынуліся яны ў адным лагеры пад Карагандой. Адседзеўшы свае пяць гадоў, Стэрлігаў выйшаў на свабоду. Ермалаева ж аўтаматычна атрымала дадатковы тэрмін. І, як кажа Стэрлігаў, пасля гэтага яе нібыта пагрузілі разам з партыяй зняволеных на баржу. Усіх высадзілі на нейкім пясчаным востраве Аральскага мора. Гэта тое, што нам да 1990-х было вядома пра лёс мастачкі.

Але існуе раней невядомы дакумент у матэрыялах архіўнай справы, датаваны 3 студзеня 1937 года, калі Ермалаева яшчэ сёрбала баланду ў Першым аддзяленні папраўча-працоўнага лагера Караганды. Далей — зноў прабел.

І вось прыйшоў час, калі па настойлівай просьбе ленінградскай мастацтвазнаўцы Антаніны Марачкінай архіў Упраўлення органаў дзяржбяспекі горада Караганды прыслаў адказ з архіўнай даведкі №10/56-48469 ад 3 лютага 1999 г.: “В.М. Ермалаева адбывала пакаранне ў Карагандзінскім ППЛ, дзе працавала ў якасці мастака. Паўторна асуджана 20 верасня 1937 года Пасяджэннем Тройкі УНКУС па пунктах 58-10, 58-11 да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Прыгавор прыведзены ў выкананне 26 верасня 1937 года”. Думаю, тут вырашальную ролю сыграў загад №447 наркама НКУС СССР Мікалая Яжова “Аб аперацыі па рэпрэсаванні… антысавецкіх элементаў”. Рэпрэсаваныя разбіваліся на дзве катэгорыі. Асуджаныя па 1-й катэгорыі прыгаворваліся да расстрэлу, асуджаныя па 2-й — змяшчаліся ў лагеры на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. Вера Міхайлаўна трапіла пад 1-ю катэгорыю. Дарэчы, у 1937 — 1938 гадах (па некаторых даных) было расстраляна 681 692 чалавекі. У іх ліку — і Вера Міхайлаўна Ермалаева. Вось так і была пастаўлена апошняя кропка.

…А ўсё пачыналася так ясна і бязвоблачна, як гэта бывала ў шчаслівых і багатых сем’ях. Дзяўчынка нарадзілася 2 лістапада 1893 года ў вёсцы Ключы Пятроўскага павета Саратаўскай губерні. Якраз у гэты час яе зямляк, сын шаўца, Кузьма Пятроў-Водкін заканчваў Хвалынскае гарадское вучылішча. Праз год, у лістападзе 2013-га, споўніцца роўна 120 гадоў з дня нараджэння Веры Міхайлаўны.

Бацька Міхаіл Сяргеевіч Ермалаеў, патомны дваранін, на працягу 12 гадоў займаў пасаду старшыні земскай павятовай управы. Маленькую дачку ён адправіў у Еўропу для лячэння ног, а паралельна яна наведвала спачатку свецкую школу ў Парыжы, потым гімназію ў швейцарскай Лазане. А калі бацька ў 1904 годзе прадаў свой маёнтак на Саратаўшчыне і перабраўся ў Пецярбург, вярнулася ў Расію. Тут Міхаіл Сяргеевіч арганізаваў кааператыўнае таварыства “Працоўны саюз” і ліберальны часопіс “Жизнь”. Сябраваў з Верай Фігнер. Словам, ліберал. Вера Ермалаева ў гэты час, з 1906-га па 1911-ы, займалася ў пецярбургскай гімназіі княгіні А.Абаленскай. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў гэтым будынку месцілася агульнаадукацыйная школа №193, у якой вучыўся Валодзя Пуцін. Зараз там — эканамічны ліцэй.

У 1911 годзе бацька Веры Міхайлаўны нечакана памёр, пакінуўшы дзецям добры капітал. Аднак старэйшаму брату Веры — Канстанціну — было не да бацькоўскай спадчыны. Ён, прафесійны рэвалюцыянер-меншавік, прыхільнік ідэй Пляханава і Мартава, праз год пасля пахавання таты быў арыштаваны царскай уладай і сасланы на Ермакоўскі руднік пад Іркуцкам. Некалькі разоў наведвала яго ў Сібіры сястра, дзе яны разам плавалі па Енісеі. Да рэвалюцыі царская ссылка для рэвалюцыянераў была, так скажам, не ў цяжар. Канстанцін пайшоў з жыцця, калі Вера ўжо знаходзілася ў Віцебску. Гэта — канец 1919 года.

…На пачатку 1910-х Ермалаева паступіла ў прыватную пецярбургскую студыю Міхаіла Бернштэйна, дзе вельмі зацікавілася кубізмам і футурызмам. Разам з ёй займаліся Ле-Данцю, М.Лапшын і віцябчанін С.Юдовін. Менавіта тут з’явіўся ў Ермалаевай гарачы інтарэс да кубізму. “У студыі Бернштэйна, — узгадваў Мікалай Лапшын, — у жывапісе замест натуры малявалі рознымі фарбамі, выяўляючы аб’ёмы, нейкія кучы агародніны, не падобныя да натуры. Гэта было вывучэнне форм і аб’ёмаў. У малюнку адштурхоўваліся ад анатоміі, шкілет стаяў побач з натурай, і віселі анатамічныя табліцы”. Ле-Данцю, бліжэйшы сябра Ермалаевай, казаў, што новаму мастацтву па-сапраўднаму “можа навучыць толькі мастак Бернштэйн”. Іншы раз тут вялі заняткі К.Пятроў-Водкін, Я.Лансерэ, А.Бенуа.

Магчыма, у студыі ў творчасці Ермалаевай упершыню з’явіліся пачуццё плоскасці і аб’ёму, разуменне нюансаў узаемасувязі форм і колераў. Потым, у Віцебску, у “Альманаху УНОВИС №1”, яна напіша артыкул пра тое, як трэба разумець і вывучаць кубізм, яго фармальныя элементы, кантрасты і восі жывапіснай фактуры. Пазней, у Ленінградзе, працуючы ў ГИНХУКе, сваю тэорыю кубізму яна давядзе да дасканаласці. Але гэта будзе потым…

…У красавіку 1914 г. яна паехала ў Парыж, дзе пазнаёмілася з творамі сучасных мастакоў-наватараў — Сезана, Брака, Пікаса, Дэрэна, Гагена, Ван Гога, Тулуз-Латрэка. Магчыма, летам у Парыжы пазнаёмілася з бліскучым кубістам і футурыстам юным Васілём Чакрыгіным. А вось класічнае мастацтва пакінула яе абыякавай. Больш за тое — яна засталася да яго непрыхільнай. Яна пісала: “Адно неўразуменне, помню, вынесла ў мінулым годзе (гэта значыць 1914-ы. — Б.К.) з лесу статуй у Луўры. Наогул Луўр нагадвае гарышчы, куды скінуты не хлам, а chef-d’oeuvres, якія адданы самім сабе да іх шчасця ці няшчасця”. Калі пачалася вайна, яна вярнулася ў Расію. Магчыма, у адзін час з Шагалам, з кім ужо пазнаёмілася.

Праз год увайшла ў склад футурыстычнага гуртка з вельмі эпатажнай назвай “Бяскроўнае забойства”, члены якога выпускалі аднайменны часопіс, дзе апісвалі розныя нязвыклыя гістарычныя падзеі і друкавалі навукова-папулярныя каляровыя ілюстрацыі на гектографе. Тут усё адпавядала інтарэсам пачынаючай мастачкі і дзяўчыны, якая з дзяцінства любіла гісторыю. І гэта было не проста чарговае захапленне, якое, як часта бывае, хутка праходзіць, уступаючы новаму. У 1917 годзе яна ў якасці вольнаслухача паспяхова скончыла ў Петраградзе Археалагічны інстытут, а пасля Кастрычніцкага перавароту, аж да самага ад’езду ў Віцебск, працавала ў Музеі горада разам з Нінай Коган і Надзеяй Любавінай (потым Вера Міхайлаўна перацягне іх у Віцебск). У музеі горада яна ў вораху смецця знайшла старыя жывапісныя шыльды, зрабіла з іх калекцыю і нават напісала пра гэтыя знаходкі артыкул. Падобны вопыт прыдаўся ей і ў горадзе на Заходняй Дзвіне.

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"